НЕ́ТА, Нету (Neto) Антоніу Агастынью (17.9.1922, каля г. Луанда, Ангола — 10.9.1979), дзяржаўны дзеяч Анголы, паэт. Скончыў ун-т у г. Каімбра (Партугалія, 1958). Набыў вядомасць як паэт, удзельнік руху за адраджэнне традыцыйнай афр. культуры. У 1960 арыштаваны партуг. калан. ўладамі, сасланы ў Каба-Вердэ. потым у Партугалію. адкуль у 1962 уцёк. З 1962 старшыня Народнага руху за вызваленне Анголы. узначальваў узбр. барацьбу супраць партуг. панавання ў Анголе. З 1975 прэзідэнт Нар. Рэспублікі Ангола.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́СНЕР (Stroessner) Альфрэда (н. 3.11.1912, г. Энкарнасьён, Парагвай),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Парагвая. Брыгадны генерал (1948). З 1952 галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі краіны. У 1954 скінуў прэзідэнта Ф.​Чавеса і пры падтрымцы арміі ўсталяваў дыктатуру; у 1954—89 прэзідэнт Парагвая. Абапіраўся на ваен. вярхі і правакансерватыўную партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры загінула больш за 12 тыс. чал. У лют. 1989 скінуты ген. А.​Радрыгесам, уцёк з краіны. Эмігрыраваў у Бразілію.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЙЗЕР (Fraser) Джон Малколм (н. 21.5.1930, г. Мельбурн, Аўстралія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстраліі.

Скончыў Оксфардскі ун-т. Юрыст. У 1955—83 дэп. аўстрал. парламента ад Ліберальнай партыі, у 1975—83 лідэр гэтай партыі. У 1966—72 быў міністрам арміі, адукацыі і навукі, абароны, у 1975—83 — прэм’ер-міністр Аўстраліі. Ажыццявіў праграму шырокай лібералізацыі эканомікі, што спрыяла эканам. росту, адначасова вяло да росту беспрацоўя і стала прычынай адстаўкі ўрада Ф. ў 1983.

т. 16, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАШЭМІ́-РАФСАНДЖАНІ́ Алі Акбар (н. 1934, г. Рэфсенджан, Іран),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірана. Атрымаў ісламскую духоўную адукацыю ў г. Кум (Іран), мае духоўны тытул хаджат-уль-іслама. У 1960—70-я гг. удзельнік руху іранскага духавенства супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, іранскай рэвалюцыі 1978—79. У 1980—89 старшыня іранскага парламента (меджліса). у 1989—97 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Ініцыіраваў шэраг ліберальных рэформ, звязаных з павелічэннем ролі прыватнага сектара ў эканоміцы.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС (Adams) Джон (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ТА (Botha) Луіс (27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),

дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд. Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.​Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах. Афрыка (1914—15).

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДГАЙМ (Waldheim) Курт (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),

дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.

Тв.:

Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;

Единственная в мире должность. М., 1980.

К.Вальдгайм.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РГАС (Vargas) Жэтуліу Дарнеліс (19.4.1883, г. Сан-Боржа, Бразілія — 24.8.1954),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Бразіліі. Юрыст. Дэп. кангрэса (з 1922), міністр фінансаў (з 1926), губернатар штата Рыу-Гранды-ду-Сул (з 1928). Прэзідэнт Бразіліі ў 1930—45 і 1951—54. У 1945 заснаваў Браз. трабальісцкую (рабочую) партыю. Праводзіў курс на памяншэнне эканам. і знешнепаліт. залежнасці Бразіліі ад ЗША, паляпшэнне становішча працоўных. Адхілены ад улады генералітэтам; скончыў самагубствам.

Літ.:

Шокина И.Е. Жетулиу Дорнелис Варгас // Вопр. Истории. 1996. № 4.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́НТЛАНД (Brundtland) Гру Харлем (н. 20.4.1939, Осла),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Нарвегіі. Скончыла ун-т у г. Осла і Гарвардскі ун-т (ЗША). У 1974—79 міністр па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. З 1977 дэп. парламента. У 1975—81 нам. старшыні, з 1981 старшыня Нарвежскай рабочай партыі (НРП). У 1979—81 старшыня знешнепаліт. к-та сторцінга (парламента), з 1986 — Міжнар. камісіі па навакольным асяроддзі і развіцці. У 1981, 1986—89 і з 1990 прэм’ер-міністр Нарвегіі.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭР-ПЕТРАСЯ́Н Лявон Акопавіч (н. 9.1.1945, г. Халеб, Сірыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі, усходазнавец. Д-р філал. н. Скончыў Ерэванскі ун-т. З 1972 на навук. працы ў Ін-це л-ры АН Арменіі, з 1978 — у Матэнадаране. З 1988 кіраўнік к-та «Карабах», з 1989 чл. праўлення Арм. агульнанац. руху «Карабах». З 1990 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Арм. ССР, у 1991—98 прэзідэнт Арменіі. Працы па гісторыі Кілікійскай армянскай дзяржавы і арм.-сірыйскіх культ. сувязей.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)