помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.
Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.
Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст.мясц. рэзчыкам І.Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховы жылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла з паўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.
С.Г.Багласаў, М.М.Яніцкая.
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў Гродне ў 1958. У 1996/97 навуч.г. ф-ты: лячэбна-прафілактычны, педыятрычны, медыка-псіхалагічны, па падрыхтоўцы мед. сясцёр з вышэйшай адукацыяй; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае (ф-тмед. сясцёр). Аспірантура з 1964, савет па абароне дысертацый з 1996. Мае 44 кафедры, 2 цэнтры (рэсп. гематалагічны, эндакрыналагічны), 3 н.-д. лабараторыі (рэсп. наркалагічная, цэнтр., арытмалагічная), а таксама выдавецкі цэнтр, б-ку. Выдае зборнікі навук. прац, манаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў Гродне ў 1951. Рыхтуе аграномаў і заатэхнікаў розных спецыялізацый. У 1996/97 навуч.г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, аховы раслін, завочны, павышэння кваліфікацыі; падрыхтоўчае аддзяленне. З мэтай укаранення сістэмы бесперапыннай адукацыі праводзіць прыём выпускнікоў с.-г. тэхнікумаў на 3-і курс ін-та. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Мае н.-д. лабараторыю, б-ку. Выдае зборнікі навук. прац, рэкамендацыі па арг-цыі і тэхналогіі с.-г. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1650—1754 пры езуіцкай калегіі ў Гродне. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах. Захаваліся звесткі пра 26 пастановак т-ра. Аўтарамі іх былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі. Яны выкарыстоўвалі сюжэты са свяшчэннага пісання, агіяграфій, ант. міфалогіі і гісторыі. Большасць драм суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Найб. актыўна т-р дзейнічаў у 1711—28, калі былі пастаўлены 17 лац. п’ес і польская драма «Альтэка мудрасці» (1720).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 133—135, 142.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,
фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн.літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ДЭ́ШНЕР,
першы пастаянны тэатр у Гродне. Існаваў у 1802—09. Арганізатар і антрэпрэнёр польская актрыса С.Дэшнер. Напачатку кіравала т-рам на парытэтных асновах з артыстам і антрэпрэнёрам Я.Шыманскім, іх трупы ігралі папераменна, у 1803 аб’ядналіся. У 1806 (пасля смерці Дэшнер) т-р узначаліў Шыманскі. У рэпертуары былі франц. камічныя оперы і італьян. опера-буфа, муз.-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драм. творы.
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 252—255;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 229—230, 237.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял.кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў у 1775—81. Закладзены вучоным Ж.Э.Жыліберам на месцы старога гарадзішча. Па разнастайнасці, колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з мясц. відаў і раслін, атрыманых са Страсбурскага і Эдынбургскага садоў, падараваных вядомымі батанікамі (напр., акад. П.С.Палас пераслаў сабраныя ім сібірскія расліны). У 1777 у садзе было 1200 відаў экзотаў (у т. л. некалькі амерыканскіх, якія паспяхова раслі ў адкрытым грунце), у 1778 — больш за 2000 відаў. У 1781 большая ч. калекцыі перавезена ў Вільню. Цяпер на месцы саду — гар. парк культуры і адпачынку.