ХАРТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 600 м на ПнУ ад в. Хартова Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага ружавата-шэрага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату. Даўж. 5,7 м, шыр. 4,9 м, выш. 2 м, у абводзе 15,4 м, аб’ём 60 м³, маса каля 150 т. Формай нагадвае «барановы лоб» — класічны прыклад ледавіковай апрацоўкі. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з ПдУ Фінляндыі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 16, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ БАГДА́НАЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Знаходзіцца на беразе воз. Багданаўскае ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Валун дробназярністага ружова-шэрага мігматыту з ружовымі жылкамі (2—5 см) палявога шпату. Даўж. 3,4 м, шыр. 3,1 м, выш. 2,2 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём 12,3 м³, маса 33 т. Прынесены ледавіком каля 20—12 тыс. г. назад са Скандынаўскага п-ва. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 17, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).
В.Ф.Вінакураў.
т. 6, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),
геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.
Р.Г.Гарэцкі.
т. 9, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУХО́Ў КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 500 м на Пд ад в. Варапаншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага пегматытавага граніту з крышталямі ружовага палявога шпату і зернямі малочна-белага кварцу. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,8 м, выш. 1,9 м, у абводзе 9,8 м, аб’ём бачнай часткі 11 м³, маса каля 29 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. У старажытнасці меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.
Э.А.Ляўкоў.
т. 13, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ ШКЛЕНІКО́ЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Знаходзіцца за 1 км на Пд ад в. Шкленікова Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага чырвона-бурага граніту з асобнымі крышталямі палявога шпату (таблічкі і авоіды 2—3 см). Даўж. 4,6 м, шыр. 3,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 13,6 м, аб’ём 13,7 м³, маса больш за 40 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынаўскага п-ва. Меў культавае значэнне для продкаў.
В.Ф.Вінакураў.
т. 17, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)