АДАМО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Даўгаўпілс. За 33 км на ПнЗ ад Полацка, 138 км ад Віцебска. 42 ж., 28 двароў (1994). Аддз. сувязі.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́ЎСКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны ў ліп. 1924 у Віцебскай акр. Назва ад в. Кузняцова (цяпер у Віцебскім р-не). Цэнтр — г. Віцебск. Уключаў 10 сельсаветаў. Скасаваны 26.3.1927, тэрыторыя перададзена ў Віцебскі р-н.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІСАРЖЭ́ЎСКАЯ (Вера Фёдараўна) (8.11.1864, С.-Пецярбург — 23.2.1910),

руская актрыса і тэатр. дзяячка. З 1890 на аматарскай, з 1894 на прафес. правінцыяльнай сцэне. З 1896 у Александрынскім т-ры. У 1904 арганізавала Драм. т-р К. (Пецярбург). Актрыса лірычнага плана, яе творчасць адметная прастатой, праўдзівасцю, непасрэднасцю і ўнутранай усхваляванасцю. У кожную ролю ўносіла рысы сваёй непаўторнай індывідуальнасці: Розі («Бой матылькоў» Г.​Зудэрмана), Ларыса, Негіна («Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Вара («Дзікунка» Астроўскага і М.​Салаўёва), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава), Варвара Міхайлаўна («Дачнікі» М.​Горкага), Нора («Лялечны дом» Г.​Ібсена) і інш. Пасля 1903 шмат гастраліравала, у т. л. на Беларусі (1902 — Мінск, Віцебск, 1906 — Мінск, Віцебск, Магілёў, 1907 — Мінск).

Літ.:

О Комиссаржевской. М., 1965.

В.Ф.Камісаржэўская.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 47,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.

Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц. т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».

С.​І.​Сідор.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛВЕ́СТ»,

сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці і рэалізацыі мужчынскага і жаночага абутку ў г. Віцебск. Створана ў 1989 на базе віцебскай абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» і герм. фірмы «Саламандэр». У 1996 ф-ка выбыла з заснавальнікаў «Белвеста», у яго ўвайшоў канцэрн «Беллегпрам».

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЛО́ЦЦЕ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 48 км ад Гомеля. 298 ж., 126 двароў (1997). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Гомель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 99 км ад Гомеля. 759 ж., 306 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры. б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЭ́ (Майсей Юдавіч) (17.12.1902, г. Віцебск — 12.9.1964),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання; адзін са стваральнікаў бел. аўтамабіляў і тэхнал. школы аўтамабілебудавання. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1926). З 1945 гал. тэхнолаг Мінскага аўтамаб. з-да, з 1954 у БПА. Дзярж. прэмія СССР 1949.

М.П.Савік.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎ (Вадзім Іванавіч) (27.12.1902, Віцебск — 27.3.1957),

генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы (1948). У Чырвонай Арміі з 1924. Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію РСЧА імя Жукоўскага (1938). У Вялікую Айчынную вайну з 1941 начальнік упраўлення кадраў ВПС СССР. У 1949—53 намеснік начальніка Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МНА,

вёска ў Віцебскім р-не, на беразе аднайм. возера. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 29 км на У ад горада і чыг. ст. Віцебск. 576 ж., 244 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)