НАПРЭ́ЕНКА (Уладзімір Пятровіч) (н. 3.1.1944, в. Антонаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мастак, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1970). Творчасць вызначаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, вобразным сімвалізмам каларыту. Тэматычныя кампазіцыі «У цэнтры зборкі касмічных караблёў» (1976), «Армагедон XX стагоддзя» (1992); паліпціхі «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993), трыпціх «Мой горад» (1994); пейзажы «Куточак старога Віцебска» (1968), «Адліга», «Вячэрні Віцебск» (абодва 1973), «Браслаўскі матыў» (1978), «У гарах Паміра» (1979), «Світанак», «Туман над возерам» (абодва 1983), «Моцны вецер» (1985), «Сонечны дзень у лесе» (1989), «Ціхі вечар» (1993), «Хмурая раніца» (1994), нацюрморты «Нацюрморт з рыбамі» (1968), «Сланечнік» (1980), «Макі» (1987), «Нацюрморт з рамонкамі» (1988), «Бэз», «Нацюрморт з ружамі» (абодва 1989), «Дары лесу» (1994), «Нацюрморт з ягадамі» (1995) і інш.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),
атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскір-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г.Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра I (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскай губ. Лідскі, з Мінскай губ. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс.чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс.чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.
Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн.км! (каля 1,6% сушы).
На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧ (Станіслаў Нікадзімавіч) (10.2.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскір-н Віцебскай вобл. — 10.5.1940),
ваенны і паліт. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Паўн.-Зах. фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 уступіў у Чырв. Армію, але ў ліст. 1918 разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса белых, з мая 1919 — ген.-маёр. У студз. 1920 прыняты са сваім конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваны на Палессе, рабіў кав. налёты на тылы і асобныя часці Чырв. Арміі. У ліп. 1920 пайшоў на пагадненне са старшынёй Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкавым аб сумеснай барацьбе супраць сав. улады, падрыхтаваў і ажыццявіў Булак-Балаховіча паход 1920. У 1920—30-я г. ў Польшчы, ген. брыгады польск. войска. У 1937—39 прымаў удзел у грамадз. вайне ў Іспаніі на баку Ф.Франка. У 2-ю сусв. вайну ў вер. 1939 удзельнічаў у абароне Варшавы. Вёў падпольную работу супраць акупантаў. Забіты гестапаўцамі ў час арышту.
Літ.:
Cabanowcki M. Generał Stanisław Bułak-Bułachowicz. Warszawa, 1993;
Чобат А. Станіслаў Булак-Балаховіч // Спадчына. 1995. № 3.
А.П.Грыцкевіч.
С.Н.Булак-Балаховіч (стаіць чацвёрты злева) пасля пераходу Заходняй Дзвіны. 14.3.1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),
старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб.стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскір-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.
Г.В.Штыхаў.
Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІ́ШЫ,
дзяржаўныя дзеячы герба «Лебедзь» у ВКЛ. Магчыма, іх род з’яўляецца адным са шматлікіх адгалінаванняў літоўскага баярскага роду, які прыняў герб «Лебедзь» у час заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Родапачынальнік Завіша ўпамінаецца ў 1443—86. Найб. вядомыя:
Мельхіёр (1525?—1592), маршалак гаспадарскі ў 1578—88, кашталян віцебскі з 1588. Ян (каля 1550—1626), падкаморы лідскі ў 1593—96, ваявода мсціслаўскі ў 1596—99, ваявода віцебскі і староста суражскі з 1599. Ян Мікалай (каля 1585—1647), кашталян віцебскі з 1626. Андрэй (каля 1557—1604), ваявода мінскі ў 1596—98, падскарбі земскі ВКЛ з 1598. Крыштоф (каля 1600—70), лоўчы ВКЛ у 1629—37, пісар вялікі ВКЛ у 1637—49, староста мінскі ў 1631—45 і браслаўскі з 1645, маршалак надворны ў 1649—54, маршалак вялікі ў 1654—69, кашталян віленскі з 1669. Крыштоф Станіслаў (20.4.1666—15.8.1721), староста чачэрскі з 1684, мінскі з 1685, ваявода мінскі з 1720. У мемуарах апісаў паліт. падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай. Ігнацы (каля 1690—16.8.1738), мечнік ВКЛ у 1730—34, падкаморы ВКЛ у 1734—36, маршалак надворны з 1736, староста мінскі, чачэрскі, хаславіцкі, сумілішскі і індурскі, ген.-маёр кавалерыі. Ян Казімір (1820—87), гл.Завіша Я.К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́ВІЧЫ, Зяноўевічы, Дэшпаты-Зяновічы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род уласнага герба «Дэшпат». Родапачынальнік Братоша (Братша) быў чл. рады полацкага кн. Андрэя Альгердавіча (да 1387), вял.кн. Вітаўта (1398—1404). Ад імя сына Братошы Зяновія ўтварылася родавае прозвішча. Найб. вядомыя З.:
Юрый Іванавіч (каля 1450 — пасля 1516), намеснік браслаўскі ў 1494—99, смаленскі ў 1507—08, магілёўскі з 1514, маршалак гаспадарскі з 1515, уладальнік Смаргоні, Паставаў, Глыбокага і інш.Юрый Мікалаевіч (каля 1510—83), староста чачэрскі і прапойскі ў 1547—70, лепельскі ў 1570 і дзісенскі ў 1577, кашталян полацкі ў 1566—79 і смаленскі з 1579. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Крыштоф (каля 1540—1614), староста чачэрскі і прапойскі ў 1577—90, кашталян у 1585—88 і ваявода брэсцкі з 1588. Мікалай Багуслаў (? — 7.9.1621), староста чачэрскі і прапойскі з 1614, кашталян полацкі з 1618. Ян Янавіч (каля 1550—1614), падстолі ВКЛ у 1576—94, кашталян віцебскі ў 1594—1600 і смаленскі з 1600. Станіслаў (каля 1610—72), падкаморы вількамірскі ў 1653, кашталян навагрудскі з 1671. Крыштоф (?—1717), маршалак у 1687 і староста ў 1701 ашмянскі, пісар вялікі ВКЛ у 1703—09, палкоўнік войска ВКЛ, ваявода мінскі з 1709.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЫГІ́РДАВІЧЫ (Мантыгердавічы),
дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Мантыгірд (Мантыгерд), намеснік полацкі ў 1396. Меў некалькі сыноў і пляменнікаў, з іх ад Наруша пайшоў шляхецкі род Нарушэвічаў. З прамых нашчадкаў Мантыгірда найб. вядомыя:
Пётр (Петраш; каля 1390—1459), сын Мантыгірда. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі і родзічамі прыняў герб «Вадвіч». Староста падольскі ў 1418, маршалак надворны ў 1422—31, намеснік новагародскі ў 1431, маршалак земскі з 1434. Член рады вял.кн. Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV. Атрымаў мястэчкі Іўе ад вял.кн. Казіміра (1444) і Лоск пасля жаніцьбы з дачкой кн. Фёдара Карыбутавіча Ганнай. Пётр Янавіч (мянушка Белы; каля 1440—19?), унук Пятра, намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480—82, староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487, ваявода трокскі і маршалак земскі з 1491. Неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў вял.кн. Аляксандра ў Маскву. Уладальнік Іўя і Лоска, Дубровы і Нядрэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім пав., Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 атрымаў Нясвіж. Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве на Вядрошы 1500, пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.