БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.Гартны, І.Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.Коласа, Гартнага, М. і Г.Гарэцкіх, Я.Дылы, Дварчаніна, Я.Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.
Літ.:
Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (Мікола) (3.1.1908, Варшава — 16.6.1999),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Скончыў Свіслацкую гімназію (1928) і вышэйшыя курсы ў Варшаве (пасля 1931). Настаўнічаў. У пач. 2-й сусв. вайны мабілізаваны ў польск. армію, трапіў у Вільню. Арганізатар і дырэктар настаўніцкіх курсаў, настаўнічаў у гімназіі ў Гродне. З 1943 афіцэр у Андэрса арміі. З 1946 у Англіі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, ініцыятар куплі ў Лондане будынка для Бел. дома. З канца 1951 у Аўстраліі, да 1968 працаваў на нафтаперапр. камбінаце. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага цэнтральнага камітэта, ініцыятар стварэння і шматгадовы кіраўнік бел. вячэрняй школы і бел. б-кі ў г. Мельбурн, быў карэспандэнтам газ.«Беларус» (Нью-Йорк) па Аўстраліі. Ініцыятар склікання Першага сусв. з’езда бел. эміграцыі (1948) і Першай сустрэчы беларусаў Аўстраліі (1976). Нам. старшыні Рады БНР па Аўстраліі. Чл. кіраўніцтва Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі (рэферэнт архіва і дакументацыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ЎРЫД (Павел Якаўлевіч) (13.6.1899, в. Цецяроўка Слуцкага пав. Мінскай губ. — 14.5.1939),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Слуцкую гімназію (1909), вучыўся ў Варшаўскім ун-це. З 1916 у арміі. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Летам 1919 арыштаваны Надзвычайнай камісіяй «па абвінавачанні ў дапамозе Дзянікіну». У ліст. вызвалены, абраны старшынёй Бел.нац.к-та ў Слуцку. З лета 1920 у Чырв. Арміі, пам. камандзіра Слуцкай кав. роты. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у Бел. раду Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Вільні ў Бел.нац. к-це, Бел. школьнай радзе. У 1923—30 працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме, Інбелкульце, газ. «Звязда». 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 асуджаны на 3 гады папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1933—37 жыў у ссылцы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. У 1937 асуджаны на 10 гадоў ППЛ, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1988.
першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.Х.Жылуновічам і чл. ўрада А.Ф.Мясніковым, А.Р.Чарвяковым, С.В.Івановым, І.І.Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́НСКАЕ БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА»,
«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.І.Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.Русецкі. Друкаваны орган — газ.«Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫДЛЕ́ЎСКІ (Лявон) (14.10.1903, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1953),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Вышэйшы політэхн.ін-т у Подзебрадзі (1929, Чэхаславакія). У 1917—20 навучэнец Слуцкай бел. гімназіі, сябра культ.-асв.т-ва«Папараць-кветка». Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 і антысав. партыз. руху на Палессі да 1921. У час навучання ў Чэхаславакіі ўваходзіў у Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (АБСА) замежжа і Зах. Беларусі. З 1929 у Францыі; ініцыятар стварэння і адзін з кіраўнікоў «Хаўрусу беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі» ў Парыжы (1930—31). У 1939 уступіў у франц. замежны легіён; удзельнік франц. Супраціўлення ў гады 2-й сусв. вайны. У 1947 абраны сакратаром прэзідыума, пазней — віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У ліст. 1948 на 1-м сусв. з’ездзе бел. эміграцыі абраны старшынёй «Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі». Падтрымліваў цесныя сувязі з Бел. домам ордэна марыянаў і інш.рэліг. арг-цыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ (Раман Аляксандравіч) (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел.парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ.к-таУсерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.
Літ.:
Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;
Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт.біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс.чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНКЛіт.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ ПАВЯТО́ВАЯ РА́ДА СЯЛЯ́НСКІХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ, Ваўкавыскі павятовы Савет сялянскіх і рабочых дэпутатаў,
орган улады ў канцы 1918 — пач. 1919 у Ваўкавыскім пав. Рашэнне пра яе ўтварэнне прынята на Бел.сял. з’ездзе ў Гродне 15—16.12.1918. 1-ы з’езд рады (27—29.12.1918) выбраў выканком рад сял. і рабочых дэпутатаў. 2-і з’езд (5—7.1.1919) стварыў пав. выканком (15 прадстаўнікоў ад сялян і 3 прадстаўнікі яўр. рабочай партыі, старшыня Ф.Данілюк). Выканком абвясціў стварэнне гар. і пав. міліцыі, валасных судоў. Пры выканкоме створаны камісіі (с.-г., зямельная, фінансавая, нар. здароўя, культ.-асв., барацьбы са спекуляцыяй), аддзелы (харч., дапамогі ваеннапалонным і бежанцам), упраўленні (лясоў і інш.). Зямля і лясы прызнаваліся нац. уласнасцю. Канчатковае вырашэнне зямельнага пытання належала «краёваму або дзяржаўнаму ўстаноўчаму сходу». Рада выказалася за адкрыццё ў вёсках нар. школ з бясплатным пач. навучаннем, грамадскіх аптэк і лекарскіх участкаў. Падтрымлівала цесную сувязь з Радаю нар. міністраў БНР. Спыніла дзейнасць пасля акупацыі павета польскімі войскамі.