прататы́п, ‑а, м.

Кніжн. Першавобраз, арыгінал, першапачатковы ўзор. Падобная беларуская казка магла быць адным з прататыпаў да балады [А. Міцкевіча] «Рыбка». Лойка. // Асоба, якая паслужыла аўтару арыгіналам для стварэння літаратурнага вобраза, а таксама літаратурны тып, вобраз, які паслужыў узорам для другога аўтара. У галоўнага героя «Дрыгвы» — дзеда Талаша — быў свой рэальны прататып. Гіст. бел. сав. літ. Прататыпам для гэтага вобраза паслужыў славуты, вядомы ўсяму беларускаму народу бацька Мінай. «Полымя».

[Грэч. prōtotypon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люмінагра́фія

(ад лац. lumen = святло + -графія)

спосаб прыгатавання копій малюнкаў або тэксту з выкарыстаннем рэчываў, што могуць свяціцца і наносяцца на кардон, на які кладуць арыгінал і фотаматэрыял.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НАБО́РНЫЯ ПРАЦЭСЫ,

працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.

Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл. Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;

Ремизов Ю.Б. Фотонаборные процессы. М., 1981.

У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэпраду́кцыя, ‑і, ж.

1. Перадрукоўванне малюнка, карціны, чарцяжа і пад. паліграфічнымі або фатаграфічнымі сродкамі.

2. Перадрукаваны малюнак, карціна ці фотаздымак. На сцяне вісела рэпрадукцыя з рэпінскай карціны. Грахоўскі. Пані .. падышла да адной карціны і расчаравана ўскрыкнула: «Дык гэта ж вісіць у мяне на кватэры ў Вільні!» — Тут арыгінал, а ў вас — рэпрадукцыя! — тлумачу ёй. Карпюк.

3. Узнаўленне чаго‑н., што захавалася ў памяці.

4. Узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці сартавога насення.

[Ад лац. re — зноў і productio — ствараю, раблю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАРТАДРУКАВА́ННЕ,

комплекс тэхнал. працэсаў па стварэнні картаграфічнай прадукцыі. Уключае работы; рэдакцыйна-падрыхтоўчыя, картаскладальныя, падрыхтоўкі карты да друку, картавыдавецкія.

Рэдакцыйна-падрыхтоўчыя работы — гэта збор, сістэматызацыя і навук. абагульненне картаграфічных матэрыялаў, выбар маштабу і картаграфічных праекцый, пабудова макета кампаноўкі, вызначэнне спосабаў адлюстравання і ўмоўных адзнак, стварэнне ўзору фарбавага афармлення, пабудова картаграфічнай (пры неабходнасці каардынатнай) сеткі, нанясенне пунктаў дзярж. геадэзічнай сеткі і інш. Картаскладальныя работы — графічная пабудова арыгінала карты і перанос картаграфічнага відарыса з зыходных матэрыялаў на падрыхтаваную аснову. Перанос ажыццяўляюць спосабамі камп’ютэрнага картаграфавання ці традыцыйнымі: оптыка-механічным пры дапамозе фотарэпрадуцыравання, фотатрансфармавання; праектыўным — праз эпідыяскоп або аптычныя рысавальныя прылады; графамеханічным з выкарыстаннем пантографа, перспектографа і інш. Пры камп’ютэрным картаграфаванні выкарыстоўваюць спец. графічныя сістэмы на базе персанальных камп’ютэраў з адпаведным праграмным забеспячэннем (фотаграмметрычныя, картаграфічныя, графічныя і тэкставыя праграмы). Адначасова з графічнай пабудовай зместу карты робяць фарбавае афармленне і наносяць подпісы назваў. Падрыхтоўка да друку ўключае выраб штрыхавых выдавецкіх арыгіналаў гравіраваннем на пласцінах мех., хім., тэрмаэл. лазерным спосабамі або вычэрчваннем на пластычнай ці папяровай аснове. У выніку гравіравання атрымліваюць арыгінал з негатыўным відарысам элементаў. Фарбавы арыгінал і макеты (неабходныя пры стварэнні дыяпазітываў фонавых элементаў карты) робяць акварэльнымі фарбамі ад рукі. Картавыдавецкія працэсы ўключаюць рэпрадукцыйныя, рэтушорныя, святлокапіравальныя, друкарскія і пераплётна-брашуровачныя работы. Пры камп’ютэрнай тэхналогіі колерадзяленне і фотавывад дыяпазітываў карты ажыццяўляюць на электронным фотанаборным аўтамаце, дзе атрымліваюць фотаформы штрыхавога і растравага тонавага відарыса на фотаадчувальным матэрыяле (плёнцы, паперы) пры экспаніраванні яго лазерным промнем. Пры традыцыйнай тэхналогіі выкарыстоўваюцца чорна-белыя штрыхавыя, паўтонавыя, фонавыя і каляровыя арыгіналы на маладэфармавальнай арміраванай аснове. Вычарчаныя на ватмане арыгіналы фатаграфуюць і з негатываў робяць столькі дыяпазітываў, колькі на карце выкарыстана фарбаў; паўтонавыя арыгіналы рэпрадуцыруюць з дапамогай праекцыйных або кантактных растраў; фонавыя вырабляюцца ўручную або метадам здымнага слоя з выкарыстаннем залівак або сетак, каляровыя ўзнаўляюцца электроннымі сканіруючымі прыладамі або рэпрадуцыруюцца з дапамогай святлафільтраў і колеракарэкціруючых аптычных прыстасаванняў. Са створаных дыяпазітываў на фотапалімерных алюмініевых пласцінах пазітыўным кантактным святлокапіраваннем атрымліваюць друкарскія формы плоскага (афсетнага) друку. Тыраж друкуецца на ратацыйных ліставых друкарскіх машынах (у асн. 2- і 4-фарбавых).

На Беларусі К. на прамысл. узроўні вядзецца з 1939 на Мінскай картаграфічнай ф-цы (цяпер дзярж. прадпрыемства «Мінская друкарская фабрыка»), з 1947 таксама на Бел. картографа-геадэзічным прадпрыемстве (цяпер Бел. картаграфічнае аб’яднанне «Белгеадэзія»). З 1990-х г. існуюць і прыватныя картаграфічныя выд-вы і прадпрыемствы («Трывіум», «Арты-фекс», «Квадрограф», «Еўраферлаг»), якія шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрнае абсталяванне і высокія сучасныя тэхналогіі. Гл. таксама Геаграфічныя карты, Картаграфія.

Літ.:

Билич Ю.С., Васмут А.С. Проектирование и составление карт. М., 1984;

Справочник по картографии. М., 1988;

Издание карт [Справ.]. М., 1995.

В.​М.​Пейхвасер.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЧАЛА́»,

зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж.-слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст. у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.

Літ.:

Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;

Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;

Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТРЫ́РАВАННЕ,

працэс ператварэння тонавага відарыса ў растравы. Робіцца пры дапамозе праекцыйнага і кантактнага растраў або электронным спосабам. У выніку Р. атрымліваецца мікраштрыхавы відарыс, які складаецца з маленькіх, розных па памерах кропак з аднолькавымі адлегласцямі паміж іх цэнтрамі. Участкі яго з больш буйнымі кропкамі выглядаюць цямнейшымі (цёмныя тоны), з дробнымі — святлейшымі (светлыя тоны).

Пры Р. з праекцыйным растрам ёй змяшчаецца ў рэпрадукцыйным фотаапараце паміж фотаматэрыялам і аб’ектывам. Пры фатаграфаванні прамяні святла ад арыгінала праходзяць праз аб’ектыў, на растры расшчапляюцца на асобныя элементы (кропкі) і ствараюць на фотаматэрыяле адпаведны відарыс. Пры Р. з кантактным растрам ён знаходзіцца ў кантакце з фотаслоем з аднаго боку і з тонавым негатывам або дыяпазітывам — з другога. Святло, праходзячы праз растр, разбіваецца на асобныя светлавыя пучкі рознай яркасці, якія ўтвараюць на святлоадчувальным матэрыяле кропкі розных памераў. Пры электронным Р. тонавы відарыс ператвараецца ў мікраштрыхавы пры дапамозе разгорткі і пры фарміраванні імпульсных сігналаў у электронным вылічальным прыстасаванні, якое кіруе святлозапісвальным прыстасаваннем. У аўтаматызаваных сістэмах электроннай перапрацоўкі ілюстрацый Р. адбываецца па сігналах растравых працэсараў пры вывадзе растравых відарысаў на лазерныя прынтэры і экспануючыя прыстасаванні.

У.​М.​Сацута.

Растрыраванне: а — у высокім друку; б — у плоскім; в — у глыбокім; 1 — тонавы арыгінал; 2 — друкарскія формы; 3 — адбіткі.

т. 13, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

master​1 [ˈmɑ:stə] n.

1. гаспада́р

2. ма́йстар (асабліва ў жывапісе, музыцы)

3. магі́стр (вучоная ступень);

I’ve a master’s (degree) in economics. У мяне ступень магістра эканомікі.

4. BrE наста́ўнік

5. улада́льнік саба́кі

6. капіта́н (судна)

7. арыгіна́л, арыгіна́льны экзэмпля́р

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Áusfertigung f -, -en

1) арыгіна́л (дакумента)

2) экземпля́р;

in dréifacher ~ у трох экземпля́рах

3) склада́нне, афармле́нне (дакумента)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ЭЛЕКТРАГРАВІРАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т, электронны гравіравальны аўтамат,

апарат для вырабу друкарскіх форм гравіраваннем формнага матэрыялу. Бываюць для высокага друку (з выдавецкіх арыгіналаў вырабляюць пераважна выяўленчыя клішэ на пласцінах з мікрацынку або пластмасы) і глыбокага друку (з выяўленчых або тэкстава-выяўленчых фотаформ гравіруюць амедненыя формныя цыліндры).

У Э.а. арыгінал або фотаформа замацоўваецца на вярчальным цыліндры аналізуючага прыстасавання, парадкова разгортваецца (сканіруецца) аналізуючай аптычнай сістэмай, пры гэтым светлавое выпрамяненне пераўтвараецца ў эл. сігналы, якія ўзмацняюцца і прыводзяць у дзеянне разец эл.-магн. прыстасавання (у лазерным Э.а. рэжучы інструмент — прамень лазера). Гравіраванне бывае лінейчастым і кропкавым (пры апошнім паглыбленні атрымліваюцца ў выглядзе квадратаў рознай глыбіні і плошчы), яно выдаляе ч. матэрыялу з прагальных элементаў клішэ, якое гравіруецца, або з друкавальных элементаў формнага цыліндра глыбокага друку. У параўнанні з фотахім. працэсамі цынкаграфіі выкарыстанне Э.а. забяспечвае поўную аўтаматызацыю і паскарэнне вырабу друкарскіх форм, аднак атрыманне гравіраваных клішэ высокага друку на Э.а. тэхналагічна саступае вырабу фотапалімерных форм (спосабам фотаполімерызацыі спец. кампазіцый пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення). Першы Э.а. створаны ў 1932 у ЗША, у 1934 у СССР.

Літ.:

Технология изготовления печатных форм. М., 1990;

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. М., 1991.

У.​М.​Сацута.

Электрагравіравальны апарат. Схема электронна-механічнага гравіравальнага аўтамата глыбокага друку: а — аналізуючае прыстасаванне; б — гравіравальнае прыстасаванне; в — электронны блок; г — кіравальнае прыстасаванне; 1 — арыгіналатрымальнік; 2 — фотагалоўка; 3 — формны цыліндр; 4 — гравіравальная галоўка з алмазным разцом.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)