АБЕГЯ́Н (Мгер Манукавіч) (н. 26.1.1909, г. Эчміядзін, Арменія),

армянскі жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1960). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (Масква; 1927—30), АМ у Ленінградзе (1930—31). Аўтар маляўнічых пейзажаў, сакавітых нацюрмортаў, партрэтаў, пейзажна-жанравых карцін («На востраве Севан», «Калыханка», «Лета»), графічных пейзажаў (малюнкі, акварэлі, афорты, лінагравюры), прасякнутых лірычным настроем.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХАРА́РЫ (ад стараж.-іранскага — галава роду),

уладары вял. абласцей Арменіі ў 1-м тыс. н.э. Падзяляліся на старэйшых Н., якія выводзілі сваё паходжанне ад легендарнага прабацькі армян — Хайка, і малодшых Н., якім гэты тытул даваўся царамі. Б.ч. старэйшых Н. загінула ў войнах да 8—9 ст. У далейшым Н. называлі сярэдніх і нават дробных князёў.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНАДЗО́Р (да 1935 Каракліс, да 1993 Кіравакан),

горад у Арменіі. Засн. ў 1826. 173 тыс. ж. (1995). Чыг. станцыя. Хім. (хім. валокны), машынабуд. (станкі, электратэхн. вырабы і інш.), харч., лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, прадзільная), мэблевая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т. Т-р. Краязнаўчы музей. Горнакліматычны курорт. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў снеж. 1988.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАЎНІ́ (сапр. Грыгаран Ахаўні Аршакаўна; нарадзілася 15.7.1911, г. Карс, Турцыя),

армянская пісьменніца. Засл. дз. культуры Арменіі (1967). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1930), «Манташ» (1934), «Баявыя песні» (1942), «Мой песеннік» (1944). Раманы «Шырак» (кн. 1—2, 1954—63), «Добрай раніцы, Арэг» (1980) пра жыццё дарэв. і сучаснай арм. вёскі. Пераклала на арм. мову паасобныя творы Я.​Купалы.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕГЯ́Н (Манук Хачатуравіч) (29.3.1865, с. Астапат каля Нахічэвані — 25.9.1944),

армянскі літаратуразнавец, фалькларыст, лінгвіст. Акад. АН Арменіі (1943). Скончыў Іенскі ун-т (1898) са званнем д-ра філасофіі. Аўтар «Гісторыі старажытнаармянскай літаратуры» (т. 1—2, 1944—46), прац па арм. фальклоры, мове, вершаскладанні і лексікаграфіі. Апублікаваў варыянт эпасу «Давід Сасунскі» (1889), даследаванні па арм. міфалогіі і нар. эпасе.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАДЖАНЯ́Н (Сцяпан Меліксетавіч) (28.12.1863, г. Шуша, Нагорны Карабах — 13.12.1940),

жывапісец-партрэтыст. Нар. мастак Арменіі (1938). Вучыўся ў маст. студыі ў Марселі (1886—90) і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—1900). Выкладаў у Ерэванскім маст. вучылішчы (1922—40). Рэаліст. партрэты Агаджаняна адметныя глыбокім псіхалагізмам, стрыманым каларытам (партрэты бацькі і маці, аўтапартрэт, «Дзядзька Седрак», «Васіл», «Беспрытульнік» і інш.).

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРА́Н (Пятрос) (1.6.1852, г. Стамбул, Турцыя — 2.2.1872),

армянскі пісьменнік. Жыў у Турцыі. Аўтар гіст. трагедый «Чорныя землі» (1868), «Арташэс Міратворац» (1869), «Звяржэнне дынастыі Аршакідаў» (1870), «Захоп Ані, сталіцы Арменіі» (1871) і інш., сац. драмы з тагачаснага жыцця «Тэатр, або Адвержаныя» (1871), лірычных вершаў, цесна звязаных з нац.-вызв. барацьбой арм. народа, прасякнутых нац.-патрыят., грамадз. і філас. матывамі.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,

адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст. царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.​Усходзе.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАМЯ́Н Маўсес, дзеяч армянскага вызв. руху 18 ст. Нарадзіўся ў Карабаху, жыў у Расіі. У 1763 прыняў удзел у спробе І.​Эміна арганізаваць паўстанне ў Арменіі супраць ірана-тур. няволі. З 1768 жыў у Індыі. Аўтар «Новай кнігі, названай павучаннем» (1773), у якой заклікаў армян змагацца за вызваленне радзімы. Удзельнічаў у складанні праекта канстытуцыі незалежнай арм. бурж. дзяржавы з рэсп. ладам.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАЯ́Н (Газарос) (16.4.1840, Тбілісі — 3.7.1911),

армянскі педагог, пісьменнік. У 1870—86 выкладчык і інспектар школ у Арменіі і Грузіі. Выступаў за дэмакратызацыю адукацыі, адстойваў ідэі жаночай адукацыі, навучання на роднай мове. Аўтар падручнікаў арм. мовы, прац па выхаванні, методыцы выкладання мовы. Дэмакр. погляды выкладзены ў рамане «Дзве сястры» (1872), мемуарах «Аруцюн і Манвел» (1867) і «Галоўныя падзеі майго жыцця» (1893), казках для дзяцей.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)