танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЦІ́Н (Іван Мікітавіч) (12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),
расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл.Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш.гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.
Літ.:
Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.Н.Болтин. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЭФО́РДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Англіі (графства Херэфардшыр) ад мясц. жывёлы з выкарыстаннем блізкароднаснага спароўвання і працяглага адбору. Займае першае месца ў свеце па колькасці пагалоўя сярод мясных парод. Гадуюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах СНГ і інш.: на Беларусі — у племсаўгасе «Беняконскі» Воранаўскага р-на.
Жывёла мае моцную канстытуцыю, гарманічны склад цела, добра вызначаныя мясныя формы. Масць чырвоная розных адценняў, галава, карак, падгрудак, ніжняя частка ног і хваста белая. Жывая маса нованароджаных бычкоў 32—34 кг, цялушак 28—32, дарослых быкоў 850—1000, кароў 500—600 кг. Мяса сакаўное, далікатэснае, мармуровае. Малочнасць кароў 1200—1600 кг, тлустасць малака 3,9—4%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМЕРЫ́Я А́ТАМНЫХ Я́ДРАЎ,
існаванне ў некаторых атамных ядрах узбуджаных (метастабільных) станаў з адносна вял. часам жыцця. Некаторыя ядры маюць некалькі ізамерных станаў з розным часам жыцця і рознымі фіз. ўласцівасцямі, напр., радыеактыўны ізатоп бром-80 мае ў няўзбуджаным стане перыяд паўраспаду 17,6 мін, у ізамерным — 4,4 гадз.
Эксперыментальна выяўлена О.Ганам (1921), даследавана І.В.Курчатавым (1935). Выклікана малой энергіяй узбуджэння і значным адрозненнем спінавых квантавых лікаў ядра ў метастабільных станах (гл.Адбору правілы). Распад ізамераў суправаджаецца выпрамяненнем электронаў унутр. канверсіі (энергія ўзбуджэння перадаецца аднаму з электронаў гэтага ж атама) ці гама-квантаў і ў выніку атрымліваецца тое ж ядро ў стане з меншай энергіяй; часам больш імаверны бэта-распад (напр., у пратактынію-234).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я РЫ́БКА (Carassius auratus auratus),
падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДАТЧЫК КАРМО́Ў, кормараздатчык,
машына для перамяшчэння кармоў (сцябліністых, сыпкіх, фармаваных, сухіх, сакавітых, вадкіх) і запаўнення імі кармушак на жывёла- і птушкагадоўчых фермах. Кармы для раздачы бяруць з кормапрыгатавальных машын.
Асн. вузлы Р.к. — бункер-сілкавальнік і кормападавальныя транспарцёры. Стацыянарныя Р.к. бываюць мех. (стужачныя, скрабалкавыя, тросашайбавыя, шнэкавыя), пнеўматычныя і гідраўлічныя. Яны непасрэдна звязваюць кармасховішчы, кармацэхі з кармушкамі ці загружаюцца з мабільных сродкаў дастаўкі кармоў. Мабільныя Р.к. (прычапныя, навясныя, паўнавясныя) перамяшчаюцца трактарамі, аўтамабілямі, акумулятарнымі цягачамі па-за памяшканнем (у поле, да сховішчаў, кармацэхаў) і ўнутры ферм, прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці ці электрарухавіка. Для раздачы кармоў выкарыстоўваюцца таксама падвесныя (манарэйкавыя) дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),
англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн.навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАННЕ,
перадача генетычнай інфармацыі ад аднаго пакалення арганізмаў другому. Знешне наследуюцца адзнакі (на самай справе гены), што іх вызначаюць. Адрозніваюць Н. ядзернае (гены ў храмасомах) і Н. цытаплазматычнае (гены ў ДНК арганоідаў). Ядзернае бывае аўтасомнае (гены ў аўтасомах) і счэпленае з полам ’(гены ў палавых храмасомах). Адрозніваюць таксама Н., залежнае ад полу (адзнакі праяўляюцца па-рознаму ў асобін рознага полу), і Н., што кантралюецца полам (адзнакі праяўляюцца ў асобін аднаго полу). Працэс Н. забяспечвае матэрыяльную пераемнасць паміж пакаленнямі арганізмаў на Зямлі. Аналіз Н. адзнак з’яўляецца зыходным і неабходным этапам усіх генет. даследаванняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне пры медыка-генет. кансультаванні для вызначэння рызыкі нараджэння дзіцяці са спадчыннай хваробай, у селекцыі для выбрання метадаў адбору і гібрыдызацыі гасп. карысных відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,
сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіцця эвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл.Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т. л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.
Літ.:
Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;
Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ.М., 1973.