вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял.кн.ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЧУ́ГА,
вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).
Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.А.Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЧЫК (Станіслаў Аляксандравіч) (н. 7.9.1935, г. Мар’іна Горка Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і фізікі металаў. Акад.АН Беларусі (1986), чл.-кар. (1984). Д-ртэхн.н. (1980), праф. (1984). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі: з 1982 нам. дырэктара, з 1983 дырэктар; адначасова з 1987 акадэмік-сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. праблем машынабудавання і энергетыкі АН. Навук. працы па тэорыі і практыцы скарасной тэрмічнай апрацоўкі канструкцыйных сталяў і сплаваў, тэхналогіях атрымання і апрацоўкі кампазіцыйных матэрыялаў, лазерным тэрмаўмацаванні матэрыялаў, лазернай мадыфікацыі паверхні, узаемадзеянні выпрамянення з рэчывам, лазерным сінтэзе. З 1987 гал. рэдактар час. «Весці АН Беларусі. Серыя фізіка-тэхнічных навук». Дзярж. прэмія СССР 1986.
Тв.:
Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977 (разам з М.М.Бадзякам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЭ́ЗАЎ (Мухтар Амарханавіч) (28.9.1897, урочышча Чынгістаў Сяміпалацінскай вобл., Казахстан — 27.6.1961),
казахскі пісьменнік і вучоны. Акад.АН Казахстана (1946). Засл. дз. нав. Казахстана (1957). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У трагедыі «Енлік-Кебек» (1917, новая рэд. 1957) паказаны звычаі і норавы феад.-радавога грамадства. У яго апавяданнях, аповесцях, п’есах, нарысах адлюстравана жыццё і побыт каз. аула. Стваральнік першага нац.гіст. рамана-эпапеі «Шлях Абая», які складаецца з 2 кн.: «Абай» (т. 1—2, 1942—47; Дзярж. прэмія СССР 1949) і «Шлях Абая» (т. 1—2,1952—56; Ленінская прэмія 1959). Аўтар рамана «Племя маладое» (незавершаны; апубл. 1962). Даследаваў гісторыю каз. і кірг. л-ры, фальклор.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1973—75.
Літ.:
Каратаев М. Мухтар Ауэзов: Заметки о творчестве. Алма-Ата, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІЦА,
вёска ў Беларусі, у Лебедзеўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. За 30 км ад г. Маладзечна, 113 км ад Мінска, 5 км ад чыг. раз’езда Заскавічы. 248 ж., 120 двароў (1995). У Беніцы базавая школа, бальніца. Помнікі архітэктуры 18 ст. — Троіцкі касцёл і брама; царква.
Вядома з 15 ст. як сяло Маркаўскай вол. Віленскага ваяв. З сярэдзіны 16 ст. сяло-маёнтак Ашмянскага пав. З 1554 належала Астравухам, з 1576 — Валовічам, з 1634 — Коцелам (Катлам). У 1701 засн.Беніцкі кляштар бернардзінцаў, быў сядзібны дом з б-кай, архівам, маст. галерэяй, лямусам. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці. З 1813 дзейнічала школа, з 1862 — нар. вучылішча. У 1886 пабудавана царква. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Віленскага ваяв. У 1940—59 цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУ́ТА (сапр.Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),
бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав.Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.
Літ.:
Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЦАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Маша («Чайка» А.Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБІ́НКА (Яўген Паўлавіч) (2.2.1812, с. Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, у прыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (кастр. 1886, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 4.11.1945),
расійскі гісторык-медыявіст. Скончыў Казанскі ун-т (1910), выкладаў у ім (1910—20, з 1917 праф.). З 1920 у Ін-це гісторыі пры Маскоўскім ун-це (пазней Ін-т гісторыі АНСССР), Маскоўскім аддзяленні Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Аўтар прац «Парыжскія рамесныя цэхі ў XIII—XV ст.» (1911), «Французская вёска XII—XIV ст. і Жакерыя» (1935), «Нямецкі «Drang nach Osten» у фашысцкай гістарыяграфіі», «Барацьба славян і народаў Прыбалтыкі з германскай агрэсіяй у сярэднія вякі» (1943), «Карл Вялікі і славяне», «Дзейнасць Канстанціна і Мяфодзія ў Вялікамараўскім княстве» (абедзве 1945) і інш. Пераклаў на рус. Мову адну з варварскіх праўд — Салічную (1913).
Тв.:
Из социально-экономической истории западно-европейского средневековья: Сб. ст.М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ШЧАНКАЎ (Мікалай Іванавіч) (26.3.1901, в. Забор’е Смаленскай вобл., Расія — 8.10.1965),
савецкі неўролаг. Акад.АН Беларусі (1947). Чл.-кар.АНСССР (1939). Акад.АМНСССР (1944). Д-рмед.н. (1935), праф. (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), дзе і працаваў да 1939. З 1939 дырэктар Усесаюзнага ін-та экстрым. медыцыны, з 1944 — Ін-та неўралогіі АМНСССР. У 1947—51 прэзідэнт АН Беларусі. З 1951 працаваў у Маскве. Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі органаў пачуццяў, нерв.-гумаральнай рэгуляцыі, траўматычных і інфекцыйных захворваннях ц. н. с. Вывучыў і апісаў газавую гангрэну мозга, прапанаваў комплексныя метады тэрапіі агнястрэльных раненняў пазваночніка. У Беларусі заснаваў нейрахірургічны цэнтр Ін-та неўралогіі, фізіятэрапіі і нейрахірургіі.
Тв.:
Анаэробная инфекция мозга. М., 1944;
Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.