ЗАГАРТО́ЎКА,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.
Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння мех. уласцівасцей) і інш. Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.
Літ.:
Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.
Г.Г.Паніч.
т. 6, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,
даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз. дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.
Т.Я.Бондар, М.Е.Заяц.
т. 7, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.Дэкарта і Б.Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл. Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл. Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл. Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн. тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.
т. 8, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ ТЭО́РЫЯ,
назва шэрагу сацыяльна-гіст. канцэпцый развіцця, паводле якіх грамадства разглядаецца як цэласны арганізм, у якім гарманічна ўзаемадзейнічаюць яго элементы. У аснову тэорыі пакладзены прынцып раўнавагі, характэрны для прыродазнаўства. Р.т. сфармулявана ў 17 ст. ў працах Б.Спінозы, Т.Гобса і Г.В.Лейбніца, якія разглядалі сац. працэсы з пазіцый механіст. прыродазнаўства і тлумачылі праблемы развіцця грамадства як пошук раўнавагі паміж рознымі часткамі сац. сістэмы. У 18 ст. яе развіваў франц. сацыяліст-утапіст Ф.М.Ш.Фур’е, які прапанаваў праект пабудовы грамадства, заснаваны на раўнавазе чалавечых пачуццяў. У 19 ст. Р.т. распрацоўваў заснавальнік пазітывізму А.Конт, які выступаў за пераадольванне канфліктаў паміж «парадкам» і прагрэсам, рэстаўратарскімі і рэв. тэндэнцыямі, вынікам чаго з’яўляецца «прагрэс дзеля парадку». У 20 ст. Р.т. развівалі рас. вучоныя А.А.Багданаў (трактаваў раўнавагу ў грамадстве як адсутнасць сац. супярэчнасцей) і М.А.Бухарын (прапанаваў канцэпцыю «рухомай раўнавагі»). У 1930-я г. італьян. сацыёлаг В.Парэта сфармуляваў прынцып, паводле якога парушэнне раўнавагі аднаго элемента сац. сістэмы прыводзіць да змены ў інш. частках, пакуль не адновіцца «дынамічная раўнавага». Р.т. паслужыла асновай для тэорыі сац. абмену (П.Блау, Дж.Хоманс). Мадыфікаваны варыянт Р.т. — структурны функцыяналізм (гл. Структурна-функцыянальны аналіз), які лічыць асновай сац. раўнавагі супадзенне, узаемадапаўняльнасць чаканняў розных індывідаў і груп, абумоўленыя агульнымі сацыякульт. і рэліг. каштоўнасцямі (Т.Парсанс, Р.К.Мертан).
Я.М.Бабосаў.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карэ́нны, -ая, -ае.
1. Спрадвечны, пастаянны (пра жыхароў пэўнай мясцовасці).
К. мінчанін.
2. Рашаючы, самы істотны, які датычыцца асноў чаго-н.
К. пералом у грамадскім жыцці.
Карэнныя змены.
3. Які мае адносіны да кораня слова; каранёвы.
Карэнная частка слова.
○
Карэнныя зубы — пяць задніх зубоў з кожнага боку верхняй і ніжняй сківіц.
◊
Карэнным чынам — поўнасцю, зусім.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дасту́пны, -ая, -ае.
1. Такі, да якога можна прайсці, праехаць.
Лагер размясціўся ў даступным месцы.
2. Адкрыты для зроку.
Д. для назірання.
3. Які падыходзіць для ўсіх або многіх.
Даступныя цэны.
4. Лёгкі для разумення.
Даступная форма выкладання думак.
5. Які выклікае прыхільнасць да сябе.
Гэта быў д. просты чалавек.
|| наз. дасту́пнасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
жэто́н, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Металічны знак, які паказвае на прыналежнасць да якой-н. арганізацыі або выдаецца на памяць аб якой-н. падзеі.
Сярэбраны ж.
2. Кружок з металу, пластмасы, які служыць умоўным знакам чаго-н., дае права на што-н.
Атрымаць ж. у гардэробе.
Купіць ж. у метро.
|| прым. жэто́навы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
знішча́льны, -ая, -ае.
1. Вялікай разбуральнай сілы; які вядзецца з мэтай разбурэння, знішчэння.
Адкрыць з. агонь па ворагу.
Знішчальная вайна.
2. Прызначаны для знішчэння караблёў і авіяцыі праціўніка, для барацьбы з дыверсантамі і пад.
Знішчальная авіяцыя.
З. батальён.
3. перан. Рэзкі, бязлітасны, які выяўляе пагарду, нянавісць.
Знішчальная крытыка.
З. позірк.
|| наз. знішча́льнасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
леса...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:
1) які мае адносіны да лесу (у 1 і 2 знач.), лясной гаспадаркі, лясны, напр.: лесагадавальнік, лесазнаўства, лесанасенны, лесапасадкі, лесаразвядзенне, лесаўпарадкаванне, лесаўчастак, лесаапрацоўчы, лесагандаль, лесаматэрыял, лесапавал, лесанарыхтоўшчык;
2) які змяшчае лес (у 1 знач.), існуе разам з лесам (у 1 знач.), напр.: лесапарк, лесастэп, лесатундра, лесакустовы, лесагорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
склад³, -а, М -дзе, мн. -ы́, -о́ў, м.
Гук або спалучэнне гукаў, што вымаўляюцца адным штуршком выдыхнутага паветра.
Націскны с.
Дзяліць словы на склады.
○
Адкрыты склад — склад, які канчаецца на галосны гук.
Закрыты склад — склад, які канчаецца на зычны гук.
|| прым. складо́вы, -ая, -ае.
Складовае пісьмо (у якім знакамі абазначаюцца склады, а не гукі).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)