вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі. На Беларусі зрэдку гняздуецца, трапляецца на сезонных пралётах, часам на ПдЗ зімуе.
Даўж. да 46 см, маса да 800 г. Самец белы, з чорнай спінай; на патыліцы, паміж дзюбай і вачыма па чорнай пляме. На галаве чубок з доўгіх белых пёраў. Дзюба і лапы шэрыя. Самкі і маладыя птушкі шэрыя з карычневай галавой, белымі шчокамі і брушкам. Кормяцца воднымі насякомымі, моладдзю рыб. Добра ныраюць. Гнёзды ў дуплах. Нясуць 6—12 яец. Іл.гл. да арт.Крахалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУФЛО́Неўрапейскі
(Ovis ammon musimon),
жвачнае парнакапытнае млекакормячае роду бараноў; падвід архара. Паходзіць з а-воў. Кіпр, Корсіка, Сардзінія. Найб. пашыраны ў Міжземнамор’і, трапляецца ў Крыме. Жывуць пераважна ў месцах з перасечаным рэльефам, у гарах, статкамі або невял. групамі. Папуляцыі М. на а-вах Корсіка і Сардзінія занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Адзін з магчымых продкаў авечкі свойскай.
Даўж. да 130 см, выш. ў карку да 80 см, маса да 40 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка цёмна-карычневая, у самцоў са светлымі плямамі на баках. Рогі невял., тонкія. Кормяцца травой, галінкамі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІПЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі (Certhiidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 2 (4) роды, 17 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. Жывуць пераважна ў хваёвых і мяшаных лясах, гняздуюцца ў дуплах, трэшчынах ствалоў, пад карой. На Беларусі 2 віды роду Пішчуха (Certhia); звычайная (C. familiaris) — гняздуецца на ўсёй тэр., і караткапальцая (C. brachydactyla) — залётны від.
Даўж. да 17 см, маса да 30 г. Дзюба даўж. да 1,5 см, тонкая, загнутая ўніз. Хвост цвёрды, ногі дужыя, учэпістыя, з загнутымі кіпцюрамі. Кормяцца насякомымі, павукамі, насеннем. Нясуць да 9 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),
птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 60 г. Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),
вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.
Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДО́НСКАЯ ПАРО́ДАкоз,
старажытная пуховая парода. Гадуюць у Варонежскай, Валгаградскай і інш. абласцях Расіі. Выкарыстоўваецца для паляпшэння пуховай прадукцыйнасці мясц. парод. З яе ўдзелам выведзена горнаалтайская пародная група коз.
Маса казлоў 65—70, матак 40—43 кг. Воўна складаецца з шэрага пуху (на 65—70%) і чорнай восці ў выглядзе падпушку даўж. да 6 см. Пуховыя касіцы на канцах закручваюцца ў карычневыя кольцы. Сустракаюцца жывёлы белай масці. Сярэдні начос пуху 0,4—0,8 (да 1,5) кг. Казліна П.п. падобна да аўчыны раманаўскай пароды авечак; выкарыстоўваецца для пашыву футравых вырабаў. Пладавітасць 130—140%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́МА (Felis ęoncolor),
млекакормячае сям. кашэчых атр. драпежных. Пашырана ў Амерыцы ад Паўд. Аляскі да Магеланава праліва. Жыве пераважна ў гарах, на ўскрайках лясоў, адкрытых ландшафтах і ў джунглях. 2 падвіды (П. ўсходняя — F.c. cougar і П. фларыдская — F.c. coryi) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Мясц. назвы П. — горны леў, серабрысты леў, кугуар.
Даўж. цела да 197 см, хваста да 82 см, маса да 110 кг. Вушы шырокія, закругленыя. Поўсць густая, кароткая. Афарбоўка аднаколерная, жаўтавата-бурая, знізу светлая. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) кацянят раз у 2—3 гады.