ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНУСА ЭФЕ́КТ,

узнікненне папярочнай сілы, якая дзейнічае на цела, што верціцца ў патоку вадкасці або газу. Адкрыты ў 1892 ням. вучоным Г.​Г.​Магнусам.

Напр., пры абцяканні бясконца доўгага кругавога цыліндра, які верціцца, безвіхравым патокам, накіраваным перпендыкулярна да яго ўтваральных, з прычыны вязкасці вадкасці скорасць цячэння з таго боку, дае напрамкі скарасцей патоку і вярчэння цыліндра супадаюць, павялічваецца, а дзе яны процілеглыя — памяншаецца. У выніку ціск на адным баку памяншаецца, а на другім павялічваецца, што прыводзіць да ўзнікнення папярочнай сілы. Аналагічная сіла ўзнікае і пры абцяканні патокам паветра шара, які верціцца, чым тлумачыцца непрамалінейны палёт закручанага тэніснага ці футбольнага мяча.

Да арт. Магнуса эфект: v→ — скорасць патоку вадкасці або газу; F→ — папярочная сіла.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЎТРЫМА́ННЕ,

у цывільным праве дагавор адчужэння жылога дома (кватэры) з умовай пажыццёвага ўтрымання яго ўладальніка. Паводле гэтага дагавора адзін бок (набытчык) абавязваецца прадаставіць другому боку, які з’яўляецца непрацаздольным па ўзросце або па стане здароўя (адчужальнік), пажыццёвае матэрыяльнае забеспячэнне ў натуры (у выглядзе жылля, харчавання, догляду і неабходнай дапамогі), а адчужальнік — перадаць ва ўласнасць набытчыка жылы дом (кватэру). Дагавор складаецца ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дагавор можа быць скасаваны па патрабаванні адчужальніка ў выпадку невыканання набытчыкам прынятых на сябе абавязацельстваў ці па патрабаванні набытчыка, калі яго матэрыяльнае становішча пагоршылася па незалежных ад яго абставінах і ён не можа прадаставіць адчужальніку абумоўленае ўтрыманне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1791,

дагавор, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Папярэднія перагаворы ўзначальвалі з рас. боку Р.А.Пацёмкін, потым А.​А.​Безбародка, з турэцкага — вял. візір Юсуф-паша. Падпісаны 29 12.1791 (9.1.1792) у г. Ясы. Паводле дагавора Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Крыма (абвешчана рас. урадам у 1783), адмовілася ад прэтэнзій на Грузію. Да Рас. імперыі адышлі землі паміж Паўд. Бугам і Днястром, па якім прайшла мяжа; на Каўказе адноўлена мяжа па р. Кубань. Дагавор замацаваў за Рас. імперыяй усё Паўн. Прычарнамор’е, садзейнічаў узмацненню яе паліт. пазіцый на Каўказе і Балканах.

Літ.:

Андреев А. История Крыма. М., 2000.

т. 18, кн. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКІ ЎСКРА́ІННЫ САЮ́З»,

«РУС», «Русский окраинный союз», арганізацыя, утвораная ў кастр. 1906 у Вільні ў выніку аб’яднання «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Актыўнымі яго дзеячамі былі чыноўнікі Г.​Шмід, Д.​Скрынчанка, П.​Бывалькевіч, П.​Каранкевіч, А.​Уруцэвіч і інш.; друкаваныя органы — газ. «Окраины России», «Минское слово» і «Виленский вестник». Дзейнасць вялася пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Ставіў задачу ліквідаваць эканам. панаванне і паліт. ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўр. буржуазіі. Стаўка рабілася на падтрымку з боку бел. правасл. сялянства. Каб павесці яго за сабой, «РУС» патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казною ў польскіх памешчыкаў «усіх маёнткаў, што перавышалі земскі цэнз, і перадачы іх рускім земляробчым правасл. элементам», да якіх адносіў і правасл. беларусаў. Таксама прапаноўваліся надзяленне малазямельных сялян на выгадных умовах за кошт часткі дзярж. зямель, паляпшэнне перасяленчай палітыкі. «РУС» адмаўляў існаванне бел. нацыі, а бел. нац. рух характарызаваў як «інтрыгу» польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць адзінства Рас. імперыі. Выступаў таксама супраць кадэтаў і трудавікоў, на якіх ускладаў гал. віну за распальванне падзей 1905—06. У час выбараў у II Дзярж. думу (1906) ад Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. акцябрысцкі блок правёў 15 дэпутатаў з 36; пры выбарах у III Думу (1907) ад 5 зах. губерняў заваяваў 29 дэпутацкіх месц; пры выбарах у IV Думу (1912) — 27 мандатаў. У перыяд дзейнасці рас. дарэв. «парламента» гал. аб’ектам нападкаў з боку дэпутатаў «РУС» заставаліся польска-бел. памешчыкі (аўтанамісты), кадэты, каталіцкая царква, трудавікі, бел. нац. рух і газ. «Наша ніва». Напярэдадні 1-й сусв. вайны «РУС» практычна спыніў сваю дзейнасць.

М.​М.​Забаўскі.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. implicatio спляценне, перапляценне),

лагічная аперацыя, якая з двух выказванняў утварае складанае выказванне з дапамогай лагічнай звязкі, аналагічнай сэнсу злучніка, «калі..., то» (сімвалічны запіс A→B ці A⊃B; чытаецца «калі A, то B», «з A вынікае B» і інш.). Імплікатыўнае выказванне складаецца з антэцэдэнта (выказванне, перад якім падаецца слова «калі») і кансеквента (выказванне, якое ідзе за словам «то»). Адрозніваюць розныя віды І.: матэрыяльную, строгую, рэлевантную і інш. У вылічэннях класічнай логікі найб. шырока выкарыстоўваецца матэрыяльная І. (гл. Матэматычная логіка). Пры яе вызначэнні не ўлічваецца сувязь па сэнсе антэцэдэнта і кансеквента, наяўнасць якой характэрна для сказаў са злучнікам «калі..., то» ў паўсядзённай мове. Антэцэдэнт і кансеквент разглядаюцца толькі з боку іх прыкметы быць або не быць ісціннымі.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэманстра́цыя

(лац. demonstratio = паказванне)

1) масавае шэсце для выражэння грамадска-палітычных настрояў;

2) публічны, наглядны паказ чаго-н. (напр. д. кінафільма);

3) паводзіны, учынкі, якія падкрэслена выражаюць пратэст, нязгоду з чым-н. (напр. д. непрыязнасці);

4) ваенная аперацыя з мэтай адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару;

5) дзеянні пагрозлівага характару з боку якой-н. дзяржавы з мэтай уздзейнічаць на іншую дзяржаву (напр. д. сілы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,

гарадзішчы жал. веку і ранняга сярэдневякоўя каля в. Новы Болецк Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча-1 (8 ст. да н.э. —5 ст. н.э.) днепра-дзвінскай культуры, памерам 45 × 30 м, з паўн. боку ўмацавана валам і равамі. Выяўлены рэшткі жылых пабудоў, жалезаапрацоўчай майстэрні, жал. прылады працы і зброя, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты ляпнога посуду і інш. Гарадзішча-2 у жал. веку было сховішчам, у 10—12 ст. функцыянавала як паселішча, у 14—15 тут былі могілкі. Складаецца з 2 пляцовак (45 × 30 і 36 × 25 м). Знойдзены нажы, прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні, каменны крыж, фрагменты ганчарнага посуду 10—15 ст. і інш. Выяўлены магільныя агароджы з вял. камянёў, камень з антрапаморфнай выявай.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.​Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Савейкаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРУ́НСКІ МІР 1411,

мірны дагавор паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ з другога, падпісаны 1 лют. ў г. Торунь. Завяршыў Вялікую вайну 1409—11. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 Тэўтонскі ордэн рыхтаваўся да рэваншу. Польскі кароль Ягайла і вял. кн. ВКЛ Вітаўт перад пагрозай вайны на 2 фронты (з ордэнам і яго саюзнікам герм. імператарам Зыгмунтам Люксембургскім) пагадзіліся на часовае прымірэнне з Тэўтонскім ордэнам, які паводле Т.м. адмовіўся ад Жамойці і яцвяжскіх зямель на карысць ВКЛ (толькі на перыяд жыцця Ягайлы і Вітаўта), а Польшчы вярнуў Добжыньскую зямлю і абавязаўся выплаціць 100 тыс. коп чэш. грошаў. Палавінчаты характар Т.м. абумовіў далейшае нарастанне напружанасці паміж яго ўдзельнікамі і іх падрыхтоўку да новай вайны.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)