сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв.ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн.км³, з іх 1338 млн.км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн.км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн.км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн.км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн.км³ у атмасферы і каля 0,001 млн.км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн.км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧАвугалю,
падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.
Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл.Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРЫ́ЛА, вадзяніца (Hydrilla),
манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (H. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб.паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),
хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.
Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл.Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.
Да арт.Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРА́РХІЯў прыродзе,
супадпарадкаванне функцыянальных сістэм Сусвету, пры якім меншыя падсістэмы складаюць большыя, а апошнія з’яўляюцца падсістэмамі больш буйных сістэм ці надсістэм. Надсістэма ўзнікае ў выніку множнасці прынцыпова падобных сістэм або несістэмных блокаў з утварэннем у зноў сфарміраванай сукупнасці асаблівых, больш складаных якасцей. У аснове іерархічных узаемасувязей з’яў, працэсаў і прадметаў у прыродзе знаходзіцца міграцыя хім. элементаў атмасферы, гідрасферы, літасферы і жывой матэрыі. Вял. значэнне ў пераносе элементаў у прыродзе належыць жывым арганізмам, якія ажыццяўляюць абмен рэчываў з абіятычным (нежывым) асяроддзем.
Экасістэмы кожнага ўзроўню арганізацыі маюць свой кругаварот рэчываў. У арган. свеце І. выяўляецца ў канкурэнтнай барацьбе за прастору, ваду, сонечнае святло і інш. фактары і праяўляецца ў колькасных суадносінах паміж асобінамі і папуляцыямі. У жывёл І. вызначае сістэму паводзінскіх сувязей паміж асобінамі ў групе (І. эталагічная). Гэтая сувязь рэгулюе ўзаемаадносіны і доступ да корму, сховішча, асобін процілеглага полу (дарослыя дамінуюць над маладымі, самцы над самкамі). Можа быць няўстойлівая, зменная ў залежнасці ад абставін (адноснае дамінаванне), або цвёрдая, устойлівая ў часе (абс. дамінаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,
дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.
Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад.АН Украіны К.К.Хрэнава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКСІ́Д ВАДАРО́ДУ,
перакіс вадароду, хімічнае злучэнне вадароду з кіслародам; найпрасцейшае і найб. пашыранае неарган. пераксіднае злучэнне, H2O2. Атрыманы ў 1818 франц. хімікам Л.Ж.Тэнарам.
Вязкая бясколерная вадкасць (tпл -0,41 °C), шчыльн. 1450 кг/м³, tкіп 150,2 °C. Раствараецца ў вадзе (неабмежавана), этаноле, дыэтылавым эфіры; канцэнтраваныя водныя растворы выбухованебяспечныя. Пры награванні і пад уздзеяннем святла лёгка раскладаецца на ваду і кісларод. Утварае крышт. сальваты, якія выкарыстоўваюць як цвёрдыя носьбіты П.в. (напр., злучэнне з мачавінай CO(NH2)2 H2O2 — гідраперыт). Праяўляе ўласцівасці акісляльніку (акісляе, напр., нітраты, бензол) і аднаўляльніку. У прам-сці атрымліваюць у асн. акісленнем алкілантрагідрахінонаў паветрам. Выпускаюць пераважна ў выглядзе 30—90%-ных раствораў; 30%-ны раствор з дабаўкамі стабілізатараў (звычайна фасфатаў натрыю) наз.пергідролем. Выкарыстоўваюць для атрымання арган. і неарган. пераксідаў, адбельвання тлушчаў, тэкст. матэрыялаў, паперы і інш., дэзінфекцыі сцёкавых вод, як крыніцу кіслароду на падводных лодках і інш Выклікае апёкі скуры, слізістых абалонак і дыхальных шляхоў, ГДК 1,4 мг/м³.