КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),

італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.​Джэмініяні, П.​Лакатэлі, Дж.​Соміс.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПО́РСКАЯ (Любоў Канстанцінаўна) (к. 25.10.1941, в. Локці Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1978), нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю (1967, клас М.​Людвіг). З 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1966 салістка Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, выканала шматлікія партыі саліруючага сапрана ў буйных кантатна-аратарыяльных творах муз. класікі і бел. кампазітараў. У яе камерным рэпертуары значнае месца належыць творам бел. кампазітараў (упершыню выканала вак. цыклы «Дзявочыя песні» Г.​Гарэлавай, «Вясёлыя дзіцячыя песні» С.​Картэса, «Песні кахання» А.​Мдывані, «Перайманне англійскіх балад» і «Незвычайная школа» Э.​Тырманд і інш.).

Л.К.Каспорская.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФА́РАЎ (Пётр Іванавіч) (у манастве Паладый; 29.9.1817, г. Чыстапаль, Татарстан — 18.12.1878),

расійскі вучоны-ўсходазнавец. Вучыўся ў Казанскай семінарыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У вер. 1840 у складзе рус. духоўнай місіі паехаў у Пекін (знаходзіўся там з перапынкамі 38 гадоў). Складальнік «Кітайска-рускага слоўніка» (ч. 1—2, 1888; завершаны П.​С.​Паповым). Пераклаў кіт. пісьмовыя помнікі «Падарожжа даоскага манаха Чан Чуня на Захад», «Старажытнае мангольскае паданне аб Чынгісхане» (1866) і інш. Аўтар прац па гісторыі рэлігій у Кітаі (будызму, хрысціянству, ісламу) і рас.-кіт. адносін. У 1870—71 удзельнічаў у археал. і этнагр. экспедыцыі Рус. геагр. т-ва ў Усурыйскі край.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл

[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],

амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.​Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў Германіі, муніцыпальны ун-т г. Кёльн. Засн. ў 1388 на ўзор Парыжскага ун-та. У 1593 у дадатак да багаслоўскага адкрыты ф-ты: юрыд., мед. і «свабодных мастацтваў». З заснаваннем у 1777 акадэміі, ун-та ў Боне (1786) значэнне К.у. паменшылася і ў 1798 ён зачынены. У 1919 адноўлены, у ім вучылася каля 7,5 тыс. студэнтаў. У 1971 ф-ты: эканам. і сац. навук, юрыд., мед., філас., прыродазнаўча-матэм. У 1991 каля 57 тыс. студэнтаў. У складзе ун-та ін-ты, клінікі, б-ка (з 1920). Яму падпарадкаваны ін-ты эканомікі, энергетыкі, гандлю, эканам. палітыкі.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧЫЦ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1.9.1893, в. Багдановічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.10.1966),

ваенны дзеяч, ген.-палк. (1946). Скончыў курсы старшага камсаставу «Выстрал» (1923, 1930), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1953). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1926 камандзір палка, нач. штаба дывізіі, корпуса, на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах. фронце: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. З 1944 у Войску Польскім, у 1945—54 нач. Генштаба Войска Польскага, адначасова з 1950 віцэ-міністр Нац. абароны Польшчы. З 1954 у СССР.

У.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОГ ((Krohg) Крысціян) (13.8.1852, Осла — 16.10.1925),

нарвежскі жывапісец. Вучыўся ў Карлсруэ (1874—75) і Берліне (1875—79). Зазнаў уплывы А. фон Менцэля і франц. імпрэсіяністаў. Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі. У 1901—09 выкладаў у акадэміі Каларосі ў Парыжы. З 1909 праф. і дырэктар АМ у Осла. Аўтар партрэтаў і жанравых карцін, якія вызначаюцца глыбокім рэалізмам вобразаў і стрыманым каларытам: «Лева руля!» (1879), «Хворая дзяўчына» (1880—81), «Суровы вецер» (1882), «Партрэт дзяўчыны» (1886), «Барацьба за выжыванне» (1888—89), партрэт А.​Стрындберга (1898) і інш. Ствараў карціны-ілюстрацыі да ўласных літ. твораў («Альберціне ў паліцэйскім пастарунку», 1886—87, да рамана «Альберціне»).

В.​Я.​Буйвал.

К.Крог Суровы вецер. 1882.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1954, в. Згурск Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1985). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1975). З 1979 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1998 прарэктар Бел. АМ. Даследуе бел. фальклор, нар. культуру, бел. нар. каляндар і інш. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1992), «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія» (1994), сааўтар прац «Магія слова чароўнага», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць» (абедзве 1995), «Народная культура і сучасная школа» (1996) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Фёдар Ісідаравіч) (29 9.1898, в. Балбечына Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 22.3.1961),

ваенны дзеяч, ген.-палк. (1941). Дацэнт (1938). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 нам. камандуючага войскамі БВА, нач. ваен. акадэміі Генштаба, камандуючы ваен. акругамі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандуючы войскамі Паўн.-Зах. і Цэнтр., нам. камандуючага войскамі Зах., Волхаўскага і Карэльскага франтоў. Удзельнік абарончых баёў у Прыбалтыцы, Крыме, пад Смаленскам, разгрому ням.-фаш. войск пад Масквой, Ленінградам і Ноўгарадам. У 1945—48 камандуючы войскамі Уральскай ваен. акругі.

Ф.І.Кузняцоў.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КРАШ (Леанід Васілевіч) (н. 27.7.1938, в. Рачэнь Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1995, чл.-кар. 1992), д-р с.-г. н. (1983). Скончыў БСГА (1960). З 1972 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (з 1984 заг. аддзела, з 1987 нам. дырэктара), з 1994 гал. саветнік упраўлення АПК Савета Міністраў Беларусі. Навук. працы па павышэнні прадукцыйнасці зернебабовых культур. Вывеў (у сааўт.) сарты гароху Белус і Агат, яравой вікі Наталі, яравога трыцікале Інэса.

Тв.:

Вика. М., 1989;

Вика яровая: Биология и культигенез. Мн., 1991;

Горох. Мн., 1997 (разам з Н.​П.​Лукашэвіч).

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)