ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),

бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл. Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.

Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.​І.​Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.​М.​Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.​М.​Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.​Р.​Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.​У.​Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.​С.​Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.​А.​Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.

З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНК БССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦК КП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр. рэвіз. камісія з 5 чл.

Кр.: XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.

У.​К.​Коршук.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.​Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р. Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.​Хейзен, Г.​Менард, Г.​Б.​Удзінцаў і інш., 1955—62).

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік гістарыяграфіі, мовы і культуры Стараж. Русі. Уваходзіць у склад Іпацьеўскага летапісу канца 13 ст. Складзены ў Галіцка-Валынскім княстве, ахоплівае падзеі за 1201—92. Паводле літаратурнай структуры і зместу — звод, у якім вылучаюцца 2 асн. часткі: Галіцкі і Валынскі летапісы. 1-я частка нагадвае гіст. аповесць, мае выразна свецкі характар, вызначаецца цэльнасцю, жывасцю і дэталёвасцю выкладання. У цэнтры яе ўвагі — князь Даніла Галіцкі, які пададзены ярка, панегірычна, у духу рыцарскіх ідэалаў. 2-я частка прысвечана пераважна гісторыі Валынскай зямлі 2-й пал. 13 ст., яна больш сціслая, фрагментарная, адметная рэлігійнай афарбоўкай падзей. У Галіцка-Валынскім летапісе шырока паказана грамадска-паліт. і культ. жыццё Галіцка-Валынскага княства 13 ст., яго міжнар. сувязі, гераічная барацьба супраць мангола-татарскага нашэсця, польск. і літ. князёў. Летапіс — каштоўная крыніца звестак па гісторыі Беларусі. Змяшчае унікальныя звесткі пра Новагародак (Навагрудак), Бярэсце (Брэст) і інш. гарады, асобныя помнікі бел. культуры (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра, буд-ва Камянецкай вежы), пра жыццё і дзейнасць вял. князёў ВКЛ Міндоўга, Войшалка, Трайдзеня, звесткі пра якіх, як мяркуюць некат. даследчыкі, запазычаны з Новагародскага летапісу. Галіцка-Валынскі летапіс — адзіны помнік, у якім даволі шырока асветлены пачатковы этап паліт. аб’яднання бел.-літ. зямель у адзіную дзяржаву, працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пункту погляду інтарэсаў Галіцка-Валынскіх князёў, месцамі тэндэнцыйна, але звесткі ў цэлым адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Летапіс быў шырока вядомы на бел. землях, паслужыў крыніцай і ўзорам для літ.-бел. хронік 16 ст. («Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца»).

Літ.:

Генсьорський А.І. Галицько-Волинський літопис: (Процес складання;

редакції і редактори). Київ, 1958;

Яго ж. Галицько-Волинський літопис: (Лексичні, фразеологічні та стилістичні особливості). Київ, 1961.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.

Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш. Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш. Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш. Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.

Г.​Г.​Паніч.

Канструкцыя з гарачаўстойлівых матэрыялаў (тунэльная печ з гарачаўстойлівага жалезабетону); 1 — панэль скляпення; 2 — сценавая панэль; 3 — цеплаізаляцыя; 4 — фундаментны блок.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.​Л.​Драгун.

Схема геатэрмальнай электрастанцыі: 1 — свідравіна; 2 — кандэнсацыйная турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — градзірня; 5 — кандэнсатар; 6 і 7 — цыркуляцыйная і вакуумная помпы.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́Я, геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло),

раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.

Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.

Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.​Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.​А.​Любімава.

На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (П.​П.​Атрошчанка, Л.​А.​Цыбуля і інш.).

Літ.:

Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;

Geothermal Atlas of Europe. Gotha, 1991/92.

У.​І.​Зуй.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна буд-ва, якая забяспечвае стварэнне і рэканструкцыю збудаванняў, прызначаных для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы з неспрыяльным уздзеяннем рачных, азёрных, падземных і марскіх вод.

Яе асн. аб’екты: гідратэхнічныя збудаванні, гідраэлектрычныя станцыі, гідрамеліярацыйныя збудаванні, вадасховішчы, сажалкі, каналы, помпавыя станцыі і інш. Найб. эфектыўнае буд-ва гідравузлоў комплекснага прызначэння, якія забяспечваюць вырашэнне некалькіх водагасп. задач. Гідратэхнічнае будаўніцтва вызначаецца складанасцю прыродных умоў, пачатковай неасвоенасцю буд. пляцовак і адарванасцю іх ад вытв. баз, вял. аб’ёмамі земляных работ, шырокім выкарыстаннем мясц. матэрыялаў. Пры праектаванні і ажыццяўленні гідратэхнічнага будаўніцтва ўлічваюць яго магчымы ўплыў на навакольнае асяроддзе (затапленне і падтапленне тэрыторый, змену гідралагічнага рэжыму вадаёмаў, воднапаветр. рэжыму на меліярац. аб’ектах і інш.). Пры гідратэхнічным будаўніцтве выконваюць земляныя, арматурныя, бетонныя, каменныя, дарожна-будаўнічыя, палевыя і шпунтавыя, падводна-тэхн. і інш. работы (гл. адпаведныя арт.), шырока выкарыстоўваюць мантаж, сродкі і спосабы гідрамеханізацыі. Гідратэхнічнае будаўніцтва вядзецца са стараж. часоў (гл. Гідратэхніка).

На Беларусі пабудаваны Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі, Дняпроўска-Бугскі каналы (гл. адпаведныя арт.), меліярац. сістэмы (гл. Меліярацыя), больш за 130 вадасховішчаў, Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма, 179 малых ГЭС (частка іх была закансервавана, цяпер ідзе рэканструкцыя, вядуцца даследчыя работы па стварэнні новых), ажыццяўляюцца меры па ахове ад затаплення і падтаплення тэрыторый у бас. р. Прыпяць. Вядучая буд. арг-цыя па гідратэхнічным будаўніцтве — Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, праектная — Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва. Спецыялістаў для гідратэхнічнага будаўніцтва рыхтуюць БПА, БСГА, Брэсцкі політэхн. ін-т, Пінскі і Лепельскі гідрамеліярац. тэхнікумы.

Літ.:

Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М., 1983;

Гидротехнические сооружения. М., 1985;

Белецкий Б.Ф. Технология строительных и монтажных работ. М., 1986;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗ (ад гідра... + ...ліз),

рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.

Пры гідролізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай к-той (напр., хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай к-той (напр., ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl​−+HOH=NH4OH+Cl​−+H​+) ці шчолачную (CH3COO​−+Na​++HOH=CH3COOH+Na​++OH​−) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і к-той, не ідзе. Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць. Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары. Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляродаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хім. прам-сці атрымліваюць спірты, карбонавыя к-ты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў. Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытв-сцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70% расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5—3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную к-ты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30—35% ад масы сыравіны). Хім. і біяхім. перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харч. глюкозу, тэхн. ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрыну, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінер. ўгнаенні, паліва і інш. прадукты тэхн. прызначэння. Гл. таксама Гідролізная прамысловасць.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)