«ДЖЫП»

(Jeep),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў павышанай праходнасці рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1963. Прататып — армейскія аўтамабілі «Віліс» і «Форд», якія выпускаліся ў гады 2-й сусв. вайны. Мадэлі поўна- або заднепрывадныя (з магчымасцю далучэння пярэдняга прывода); магутнасць рухавіка да 89—162 кВт, найб. скорасць да 180 км/гадз, аб’ём грузавога адсека 0,35—2,2 м³.

Да арт. «Джып». Грузапасажырскі аўтамабіль «Джып-Чэрокі».

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДУДА́РЫКІ»,

бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.​Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц. нар. лексікі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВАНО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

нізкарослыя, часцей паўзучыя травяністыя расліны з разнастайна афарбаваным лісцем, якія выкарыстоўваюць у дэкар. кветкаводстве для стварэння дывановых кветнікаў. Выш. звычайна 5—15 см. Большасць Д.р. шматгадовыя. На Беларусі як Д.р. выкарыстоўваюць многія віды агатак, агератуму, альтэрнантэры, бягоніі, ірэзінэ, палыну, партулаку і інш. Размнажаюць пераважна чаранкамі. Догляд за Д.р.: паліўка, падстрыганне і пасынкаванне.

Схіл з дывановымі раслінамі каля станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску.

т. 6, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),

1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.

2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,

старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСТРУ́ГІ,

1) выцягнутыя ў напрамку ветру вузкія і цвёрдыя снегавыя грады даўжынёй да некалькіх метраў і вышынёй 20—30 см (часам да 1,5 м). Фарміруюцца шляхам развявання гурбаў снегу. Скорасць руху каля 5 см/с. Маюць стромкія наветраныя і пакатыя падветраныя схілы. Часцей пашыраны ў палярных абласцях.

2) Скопішчы наносаў у рэчышчы ракі ў форме прыбярэжных град, якія пры разрастанні могуць ператварыцца ў пясчаныя косы.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́МЯ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Лакнея. Да 1964 Старцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на З ад г. Слуцк, 123 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Сярэднікі. 699 ж., 277 двароў (1997). Цэхі па перапрацоўцы драўніны і садавіны. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАЦЭНО́З (ад зоа... + цэноз),

сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч. біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЖА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 127 км ад Мінска. 507 ж., 223 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (пач. 20 ст.). Царква.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІРЫ́ЙЦЫ (грэч. Illyriōi),

старажытнаіндаеўрапейскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Балканскага п-ва ад узбярэжжа Адрыятычнага м. да Дуная. Найб. вядомыя з гэтых плямён істры, яподы, далматы, лібурны і інш. Пасля працяглай барацьбы І. заваяваны рымлянамі ў 1 ст. да н.э. і потым моцна раманізаваны. Канчаткова асіміляваны ў час Вялікага перасялення народаў. Нашчадкамі стараж. І. некат. вучоныя лічаць сучасных албанцаў.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)