БЛЕРЫО́ ((Blériot) Луі) (1.7.1872, г. Камбрэ, Францыя — 1.8.1936),

французскі авіяканструктар і пілот, адзін з заснавальнікаў авіяцыі. З 1900 будаваў арнітаптэры (апараты з рухомымі крыламі) і планёры, з 1906 — самалёты. Здзейсніў палёт на самалёце (1908), упершыню пераляцеў праліў Ла-Манш (1909). Самалёты сістэмы Блерыо выкарыстоўваліся пераважна ў 1910—20-я г. ў франц. авіяцыі.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАГРАМАВА́ННЯ,

раздзел прыкладнога праграмавання, які распрацоўвае метады аўтам. складання праграм і рашэння задач на ЭВМ.

Аснову аўтаматызацыі праграмавання складаюць мовы праграмавання. Сістэмы аўтаматызацыі праграмавання ў выніку стварэння адпаведнага матэм. забеспячэння ЭВМ спрашчаюць метады падрыхтоўкі заданняў для выканання на ЭВМ, павялічваюць эфектыўнасць іх выкарыстання, садзейнічаюць стварэнню сродкаў праграмавання, наладцы і захоўванню праграм і інш.

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ВА (санскр. Небыццё, неіснаванне),

паняцце класічнай інд. філасофіі, якое ў шэрагу навук. школ азначае «адсутнасць», «знішчэнне», «адмаўленне», «смерць»; нярэдка разглядаецца як катэгорыя, процілеглая станоўчай абхаве (быццё, існаванне). У Канады, заснавальніка стараж.-інд. філас. сістэмы вайшэшыкі, абхава проціпастаўляецца 6 станоўчым відам рэальнасці, якія выступаюць як аб’екты пазнання (субстанцыя, якасць, дзеянне, усеагульнасць, асаблівасць, уласцівасць).

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БАНА-ТЭ́РМЕ (Ábano Terme),

бальнеагразевы курорт у Італіі. На Венецыянскай нізіне, на ПдЗ ад г. Падуя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма, адраджэнне пачалося ў 13 ст. Каля 150 крыніц тэрмальных (да 85 °C) радонавых водаў, сульфідныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў дыхання, руху і апоры, нерв. сістэмы і гінекалагічнай сферы. Гасцініцы і пансіянаты.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гомелі ў 1930. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): архітэктура; прамысл. і грамадз. буд-ва; машыны і абсталяванне дарожнага комплексу; буд-ва дарог і трансп. аб’ектаў; тэхн. эксплуатацыя трансп. сродкаў; выліч, машыны, сістэмы і сеткі; камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РНЕЦ,

1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарнец малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарцам, роўным 3,2798 л.

2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВА́Я СІСТЭ́МА,

вышынная (інтэрвальная) арганізацыя муз. гукаў на аснове якога-н. аднаго прынцыпу. Тэрмін мае некалькі значэнняў: гукавы склад, г. зн. сукупнасць гукаў у межах пэўнага інтэрвалу, найчасцей актавы; пэўнае размяшчэнне элементаў сістэмы; якасныя, сэнсавыя суадносіны гукаў, іх функцыі; строй, матэм. выражэнне суадносін паміж гукамі. Сярод пашыраных гукавых сістэм: алігатоніка, ангемітоніка, дыятоніка, мажора-мінор, дадэкафонія.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭ́ХНІКУМ ЧЫГУ́НАЧНАГА ТРА́НСПАРТУ.

Засн. ў 1940 у Брэсце. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): аўтаматыка, тэлемеханіка і электразабеспячэнне на чыг. транспарце; арганізацыя перагрузачных работ на транспарце, тэлекамунікацыйныя сістэмы; машыны і абсталяванне дарожна-буд. комплексу; арганізацыя перавозак і кіраванне рухам на транспарце; трансп. камунікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ ((Boole) Джордж) (2.11.1815, г. Лінкальн, Вялікабрытанія — 8.12.1864),

англійскі матэматык і логік; заснавальнік матэм. логікі. Праф. матэматыкі (1849) Куінс-каледжа ў Корку (Ірландыя). Спец. матэматычнай адукацыі не меў. У працах «Матэматычны аналіз логікі» (1847), «Логікавае злічэнне» (1848), «Даследаванне законаў мыслення» (1854) распрацаваў алгебру логікі. Імем Буля названы асобныя алг. сістэмыбулевы алгебры.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЯ РЫ́ТА,

рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. і на Украіне, правы прыток р. Маларыта (бас. Зах. Буга). Даўж. 24,5 км, у межах Беларусі 23,5 км. Пл. вадазбору 160 км². Пачынаецца з воз. Крымна (Украіна), у межах Маларыцкага р-на выкарыстоўваецца як водапрыёмнік і крыніца арашэння меліярац. сістэмы «Вір». Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)