ПРАЖЭ́КТАР (англ. projector ад лац. projectus кінуты наперад),

асвятляльная прылада, якая канцэнтруе святло ў абмежаваным прасторавым вугле з дапамогай аптычнай сістэмы (люстэркаў або лінзаў). Крыніцы святла — спец. пражэктарныя лямпы напальвання, дугавыя вугальныя лямпы. Адрозніваюць П. далёкага дзеяння (выкарыстоўваюцца ў ваен. справе), заліваючага святла (для асвятлення фасадаў будынкаў, тэатр. сцэн) і сігнальныя (для перадачы інфармацыі).

Схемы пражэктараў: а — рэфлектарнага (люстранога); б — кандэнсарнага (лінзавага); 1 — аптычная сістэма; 2 — крыніца святла.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАМЕ́Р,

прылада для вымярэння шчыльнасці снегавога покрыва. Асн. частка С. — цыліндр (выш. 50—60 см, пл. сячэння 100 см²) са шкалой па вышыні ў сантыметрах. Пры вымярэнні цыліндр паглыбляюць вертыкальна ў снег да подсцільнай паверхні, вышыню снегавога покрыва адзначаюць па шкале, яго шчыльнасць — па адносінах масы ўзятай пробы да яе аб’ёму. Выкарыстоўваюць таксама гама-С., прынцып дзеяння якога заснаваны на паглынанні снегам гама-выпрамянення ад крыніцы, размешчанай пад снегавым покрывам.

т. 15, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫРАТРО́Н [ад грэч. thyra дзверы, уваход + (элек)трон],

трохэлектродная газаразрадная прылада з сеткавым кіраваннем момантам запальвання дугавога ці тлеючага несамастойнага разраду. Мае напальны ці халодны катод (у залежнасці ад віду разраду). Пасля ўзнікнення эл. току паміж катодам і анодам сетка страчвае кіравальныя ўласцівасці. Для тушэння разраду аноднае напружанне зніжаецца да значэння, меншага за напружанне гарэння разраду. Вынайдзены амер. вучоным А.​Халам (1929). Найб. пашыраны індыкатарныя Т. (гл. Газаразрадныя індыкатары).

т. 16, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННЫ АЎТААДКА́ЗЧЫК,

аўтаматычная прылада для адказу на тэлеф. выклік пры адсутнасці абанента і запісу перададзенага па тэлефоне паведамлення. Складаецца з дыктафона, прылады кіравання і прыстаўкі для ўзгаднення ўваходу дыктафона з тэлеф. лініяй.

Сігнал выкліку паступае на прыладу кіравання, якая ўключае дыктафон на ўзнаўленне тэксту папярэдне запісанага адказу абанента, пасля чаго дыктафон пераключаецца на запіс перададзенага паведамлення. Па заканчэнні запісу дыктафон выключаецца і Т.а. пераключаецца ў рэжым гатоўнасці да прыёму наступнага выкліку.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-СВЕТЛАВЫ́ ІНДЫКА́ТАР, электронны індыкатар настройкі,

электравакуумная прылада для візуальнага вызначэння (індыкацыі) узроўню эл. сігналу ў ланцугах радыёэлектроннай апаратуры.

У адным балоне размешчаны кіроўнае прыстасаванне (пераважна трыёд), што ўзмацняе эл. сігнал, і індыкатарнае прыстасаванне з люмінесцэнтным экранам, дзе высвечваюцца пэўныя фігуры, памеры і размяшчэнне якіх залежаць ад выхаднога сігналу кіроўнага прыстасавання. Выкарыстоўваюцца для дакладнай настройкі лямпавых радыёпрыёмнікаў, індыкацыі ўзроўню запісу ў магнітафонах, індыкацыі нуля ў радыёэлектроннай апаратуры і інш.

т. 18, кн. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свяці́льня, ‑і, ж.

1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.

2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Капа́ч ’прылада, якой капаюць зямлю, выкопваюць караняплоды’ (ТСБМ, Гарэц., Мал.; КЭС, лаг.; брасл., барыс., Сл. паўн.-зах.), капа́чык ’тс’ (Сцяшк.), ’прылада, якой гной скідаецца з воза’ (Касп., Гарэц., Нік. Очерки), кыпа́ч ’тс’ (Бяльк.), капа́ч, капа́чка ’прылада, якой вымаюць з печы патэльню’ (Сцяшк.; лід. Сл. паўн.-зах.); ваўк. капа́ч ’маруда’ (Сл. паўн.-зах.), ’землякоп’ (КЭС, лаг.; брасл., глыб., Сл. паўн.-зах., Кл., Янк. БП, ТСБМ), ’чалавек, які выбірае бульбу’ (Сцяшк.; маст. Сл. паўн.-зах.). Да капа́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 31–32. Прасл. kopačь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 12–13).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

што́пар

(ням. Stopper)

1) прылада ў выглядзе прутка з завостраным вінтападобным канцом для выцягвання коркаў з бутэлек;

2) імклівы рух самалёта ўніз па вінтавой лініі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

смычо́к, ‑чка, м.

1. Тое, што і смык (у 1 знач.). Дзіўныя гукі, што выплываюць з-пад смычка цудадзея-музыкі, вясёлкавыя фарбы, беражліва пакладзеныя мастаком на палатно, — таксама чаруюць і захапляюць. Шахавец.

2. Прылада для трапання шэрсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)