звяно арганізацыйна-вытв. структуры гаспадаркі; вытворча-гасп. комплекс. У склад яго ўваходзяць з-ды, ф-кі, асобныя цэхі і інш.вытв. адзінкі, а таксама н.-д. і канструктарскія ўстановы. У аснове фарміравання вытворчага аб’яднання — тэхнал. агульнасць працэсаў і аднароднасць прадукцыі, устойлівыя сувязі па каапераванні вытв-сці, камбінаванне вытв-сці і комплексная перапрацоўка сыравіны.
Да пач. 1990-х г. у прам-сці Беларусі было 220 вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў, тут працавала каля 64% усіх занятых у прам-сці і выпускалася больш як 2/3 агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. З фарміраваннем рыначнай эканомікі многія вытворчыя аб’яднанні распаліся, на іх месцы ўзніклі арэндныя, калектыўныя і сумесныя прадпрыемствы, некаторыя ўвайшлі ў акц. т-вы, канцэрны, асацыяцыі, карпарацыі і інш. ўнутрырэсп. і міждзярж. (транснацыянальныя) структурныя фарміраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад гіста... + фізіялогія),
раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл.Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел зямной паверхні на рэгіёны, адносна аднародныя паводле асаблівасцей рэльефу. Вылучаныя вобласці, падвобласці і геамарфалагічныя раёны вызначаюцца генетычнай аднароднасцю, падобнасцю формаў, расчлянёнасцю, узростам, напрамкам і інтэнсіўнасцю сучасных геамарфалагічных працэсаў. Геамарфалагічнае раянаванне выкарыстоўваецца пры глебавым, ландшафтным, меліярацыйным і інш. прыродных раянаваннях.
На Беларусі геамарфалагічнае раянаванне распрацоўвалася Дз.М.Собалевым (1931), В.А.Дзяменцьевым (1948, 1960), М.М.Цапенка (1957), Л.М.Вазнечуком (1975), Б.М.Гурскім (1988) і інш. Даныя сучасных даследаванняў аб генезісе ледавіковых формаў, будове ўзвышшаў, рачных далін, марэнных і водна-ледавіковых раўнін і нізін, характар адлюстравання ў рэльефе тэктанічных асаблівасцей тэрыторыі, сучаснай морфадынаміцы дазволілі дэталізаваць гэтыя схемы і вылучыць на тэр. Беларусі 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускіх краявых ледавіковых узвышшаў і град, Перадпалессе і Палескую нізіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ЦЫЯ,
праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 20.5.1930, г. Шуя, Расія),
бел. філосаф. Засл. дз. нав. Рэспублікі Беларусь (1992). Д-рфілас.н. (1975), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1958). Працаваў у Мінскім мед. ін-це (1960—69), у БДУ (1969—88). З 1988 заг. кафедры філасофіі Нац.АН Беларусі. Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства і тэхнікі. Распрацаваў канцэпцыі функцыян. прыроды інфармацыі, трох узроўняў нематэрыяльных (ідэальных) працэсаў, даў арыгінальную трактоўку праблемам адзінства свету, штучнага інтэлекту, суадносін фармальнай логікі і дыялектыкі. Заснавальнік бел.навук. школы ў галіне філас. праблем тэорыі сістэм, кібернетыкі, матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар падручнікаў для ВНУ па філасофіі, філас. асновах матэматыкі і кібернетыкі.
Тв.:
Информация: (Философский анализ информации — центрального понятия кибернетики). Мн., 1966;
Философские основания кибернетики. М., 1985;
Проблема сознания: Филос. и специально-науч. аспекты. Мн. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),
«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМАГО́РАЎ (Андрэй Мікалаевіч) (25.4.1903, г. Тамбоў, Расія — 20.10.1987),
савецкі матэматык; заснавальнік навук. школы па тэорыі імавернасцей і тэорыі функцый. Акад.АНСССР (1939). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1931 праф. гэтага ун-та, адначасова з 1933 у Матэм. ін-це АНСССР. Рэдактар час. «Успехи математических наук» (1946—54 і з 1983). Фундаментальныя працы па тэорыі функцый, матэм. логіцы, тапалогіі, дыферэнцыяльных ураўненнях, функцыян. аналізе, тэорыі імавернасцей (аксіяматычнае абгрунтаванне, тэорыя выпадковых працэсаў) і тэорыі інфармацыі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Математика и механика: Избр. тр.М., 1985;
Теория вероятностей и математическая статистика. М., 1986;
Теория информации и теория алгоритмов. М., 1987;
Математика — наука и профессия. М., 1988.
Літ.:
Александров П.С. Несколько слов об АН.Колмогорове // Успехи матем. наук. 1983. Т. 38, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЫ́ШНІКАЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 1.8.1943, г. Аляксандраўск-Сахалінскі, Расія),
бел. вучоны ў галіне клінічнай біяхіміі і клінічна-лабараторнай дыягностыкі. Д-рмед.н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1967). З 1981 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1997 прарэктар. Навук. працы па вывучэнні механізмаў нейрагумаральнай рэгуляцыі метабалічных працэсаў, стану ліпіднага абмену ў хворых з пашкоджаннем бронхапульманальнай сістэмы; па даследаванні патабіяхім. асаблівасцей атэрасклерозу пры лёгачнай паталогіі; распрацоўцы мед. тэхналогій дыягностыкі для стварэння айч. тэст-сістэм. Адзін з аўтараў «Даведніка па клінічнай хіміі» (2-е выд. 1982), «Даведніка ўчастковага тэрапеўта» (1986).
Тв.:
Клиническая биохимия. Мн., 1976 (разам з У.Г.Колбам);
Лабораторная диагностика хирургических заболеваний. Мн., 1993 (з ім жа);
О чем говорят медицинские анализы: Справ. пособие. Мн., 1997;
Жизнь, здоровье, долголетие: Советы профессоров. Мн., 1998 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЦЫЯНІ́РАВАННЕ (ад лац. conditio умова, стан),
1) К. паветра — стварэнне і аўтам. падтрыманне ў закрытых памяшканнях, трансп. сродках і г.д. стану паветр. асяроддзя (т-ры, вільготнасці, саставу, чысціні), найб. спрыяльнага для здароўя і самаадчування людзей (камфортнае К.) або для лепшага працякання вытв.працэсаў, работы прылад і абсталявання (тэхнал. К.). Сістэмы К. паветра бываюць цэнтральныя (абслугоўваюць некалькі памяшканняў) і мясцовыя (адно памяшканне ці яго частку); 1- і 2-канальныя; прамацечныя (апрацоўваюць і перамяшчаюць толькі вонкавае паветра) і з частковай рэцыркуляцыяй унутр. паветра (з памяшканняў). Сістэмы К. (з іх асн. сродкам — кандыцыянерам) часта выконваюць функцыі прытокавай вентыляцыі.
2) К. збожжа — водная і цеплавая яго апрацоўка перад памолам. Увільготненае ў спец. збожжаўвільгатняльніках збожжа награваюць на вадзяных радыятарах і высушваюць нагрэтым паветрам. У такога збожжа лягчэй аддзяляецца абалонка і павышаецца якасць мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАГРА́ФІЯ (ад клімат + ...графія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае тыпы кліматаў і іх пашырэнне на зямным шары. Вывучае геагр. заканамернасці размеркавання розных тыпаў клімату і яго асобных элементаў на розных узроўнях, стварае яго комплексную характарыстыку, выяўляе прычынныя сувязі і ўмовы фарміравання, вызначае межы аднародных клімат. умоў. Дае найб. поўныя колькасныя характарыстыкі і вызначае рэсурсы клімату, якія адпавядаюць практычным запатрабаванням гасп. дзейнасці. Асн. задачы К. — класіфікацыя кліматаў, распрацоўка іх крытэрыяў і метадаў. Найб. пашыраны класіфікацыі рас. вучоных Б.П.Алісава (паводле асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы), Л.С.Берга (паводле характару геагр. ландшафтаў, якія абумоўліваюцца кліматам), ням. вучоных У.П.Кепена (паводле геагр. размеркаванняў т-р паветра і сум атм. ападкаў), А.Пенка (па суадносінах паміж ападкамі і выпарэннем, якія абумоўліваюць характар многіх рэльефаўтваральных працэсаў).