КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).

Каркасна-панэльная канструкцыя: 1 — калона; 2 — рыгель; 3 — дыяфрагма жорсткасці; 4 — панэль перакрыцця; 5 — панэль вонкавай сцяны.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Леў Якаўлевіч) (30.4.1879, Кіеў —6.1.1921),

расійскі хімік-тэхнолаг, адзін з арганізатараў сав. хім. прам-сці. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1910). У 1911—15 кіраваў буд-вам першых у Расіі з-даў па вытв-сці каніфолі і шкіпінару, хлараформу і вадкага хлору. З 1918 заг. аддзела хім. прам-сці ВСНГ. Ініцыятар стварэння Цэнтр. хім. лабараторыі ВСНГ (1918; з 1931 Фіз.-хім. ін-т імя К.).

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў,

у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Карпаўцы. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Пяскі светла- і шаравата-жоўтыя, пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, слабагліністыя, месцамі з праслоямі і лінзамі пясчана-жвіровага матэрыялу. Разведаныя запасы 0,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—12,8 м, ускрышы (супескі, гліністыя пяскі) 0,4—3 м. Пяскі прыдатныя для буд. работ.

А.​П.​Шчураў.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПУ́К (Андрэй Андрэевіч) (н. 24.9.1944, в. Акцябр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1974), праф. (1993). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1966). З 1967 у Брэсцкім інж.-буд. ін-це, з 1972 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па матэм. фізіцы. Аўтар падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Высшая математика. [Ч. 1—2.] Мн., 1992—93 (разам з Р.​М.​Жаўняком).

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г. п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАСЕ́ЛЬСКІ гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось (левы прыток р. Нёман). За 15 км на Пн ад Ваўкавыска, 87 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Рось на лініі Ваўкавыск—Масты. 7,2 тыс. ж. (1998). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Ваўкавыскцэментнашыфер» і інш.). Сярэдняя, базавая школы, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, 2 аддз. сувязі. Краснасельскі археалагічны комплекс.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),

палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.

Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл. вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КША (Леанід Канстанцінавіч) (н. 17.1.1930, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мостабудавання. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1955). З 1983 у БПА, з 1996 у Чанстахоўскім політэхн. ін-це (Польшча). Навук. працы па трываласці буд. канструкцый, супраціўленні матэрыялаў, тэорыі трываласці бетонаў і горных парод. Распрацаваў тэорыю трываласці трубабетону.

Тв.:

Прочность трубобетона. Мн., 1977.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Пабудаваны ў 1933 у Магілёве як цагельны з-д № 8. У 1946 падзелены на цагельныя з-ды № 7 і № 8. З 1950 камбінат буд. матэрыялаў, з 1972 ВА «Магілёўбудматэрыялы», з 1991 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): цэгла керамічная (для печаў, унутр. перагародак), пліты бетонныя тратуарныя, пліты фігурныя (для зборных пакрыццяў тратуараў і садова-паркавых дарожак), плітка керамічная глазураваная.

Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т Засн. ў 1961 у Магілёве на базе агульнаадукац. ф-та Бел. політэхн. ін-та. У 1998/99 навуч. г. ф-ты: машынабуд., аўтамех., эканам., буд., электратэхн., завочны, па рабоце з замежнымі студэнтамі, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1972. Пры ін-це створаны Ін-т перападрыхтоўкі кадраў (з 1998), 2 навучальна-навукова-метадычныя аб’яднанні, музей ін-та (з 1981).

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)