КВАДРА́Т (ад лац. quadratus чатырохвугольны),

1) прамавугольнік з роўнымі старанамі. Таксама К. — другая ступень ліку а, г. зн. a∙a = a​2.

2) Адзінка даўжыні, якая ўжываецца ў паліграфіі для вымярэння шрыфтоў і фармату набору. 1 К. = 48 пунктам ≈ 18,05 мм.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́ЎСКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны ў ліп. 1924 у Віцебскай акр. Назва ад в. Кузняцова (цяпер у Віцебскім р-не). Цэнтр — г. Віцебск. Уключаў 10 сельсаветаў. Скасаваны 26.3.1927, тэрыторыя перададзена ў Віцебскі р-н.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКНО́,

старажытная мера (адзінка) масы мёду. Упамінаецца ў бел. пісьмовых помніках да 17 ст. У розных крыніцах прыводзяцца розныя лікавыя значэнні Л.: 10 пудоў або 50 фунтаў, якія адрозніваюцца прыкладна ў 10 разоў. Л. было таксама адзінкай штогадовай мядовай даніны.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ПАЛАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Утвораны 17.7.1924 у складзе Магілёўскай акругі (да 26.7.1930). Цэнтр — мяст. Лупалава (прыгарад Магілёва). 28.8.1924 падзелены на 20 сельсаветаў. Скасаваны 2.3.1931, сельсаветы далучаны да Дрыбінскага, Магілёўскага, Чавускага і Шклоўскага р-наў.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́МЕН (лац. lumen святло),

адзінка светлавога патоку ў СІ. Абазначаецца лм. 1 лм роўны светлавому патоку, які ствараецца ў межах цялеснага (прасторавага) вугла ў 1 ср ізатропнай засяроджанай (кропкавай) крыніцай з сілай святла ў 1 кд. Гл. таксама Кандэла, Стэрадыян.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДНЯ́НСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Створаны 17.7.1924 у Аршанскай акрузе (да 26.7.1930). Цэнтр раёна — мяст. Ляды. 20.8.1924 падзелены на 6 сельсаветаў. Пл. 340,66 км², нас. 22 085 чал. (1928). 8.7.1931 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена Дубровенскаму раёну.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60 (са студз. 1940 у Вілейскай, з вер. 1944 у Маладзечанскай абл.). Утвораны 15.1.1940. Цэнтр — г.п. Радашковічы. Падзелены на 16 сельсаветаў. 20.1.1960 раён скасаваны, сельсаветы перададзены Валожынскаму і Маладзечанскаму р-нам.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прасторава-вуглавая шчыльнасць патоку выпрамянення. С.в. роўная адносінам патоку выпрамянення, якое распаўсюджваецца ад кропкавай крыніцы ўнутры прасторавага вугла, да лікавага значэння гэтага вугла. Адзінка С.в. ў СІ — ват на стэрадыян. У сістэме светлавых велічынь аналагам С.в. з’яўляецца сіла святла.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

со́тня, ‑і, ж.

1. Адзінка ліку, роўная ста (пра аднолькавыя прадметы). Сотня сшыткаў. Дзве сотні машын. □ На сход сышлася да сотні чалавек. Гартны. // Разм. Сто рублёў, сторублёўка. Даць пяцірублёўку і сотню. □ — Сотня ляснула, — не гаварыла, а шыпела жанчына на мужчыну. Трэба разявай не быць. Сачанка.

2. толькі мн. (со́тні, ‑яў). Назва трэцяй з канца лічбы шматзначнага ліку.

3. звычайна мн. (со́тні, ‑яў). Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Цэлымі сотнямі з’яўляліся новыя людзі. Чорны. Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох. Бядуля. [Дзед Бадыль:] Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць. Крапіва.

4. Гіст. Вайсковая адзінка (сто чалавек) у старажытнарускім войску.

5. Вайсковае падраздзяленне ў казацкіх часцях дарэвалюцыйнай Расіі. Казацкая сотня.

6. Ваенная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Украіне ў 16–18 стст.

•••

Чорныя сотні — існаваўшыя ў Расіі ў 1905–07 гг. узброеныя банды пагромшчыкаў для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, забойства прагрэсіўных дзеячаў і для масавых яўрэйскіх пагромаў.

У сотні крат гл. крат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адміністрацы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да адміністрацыі. Адміністрацыйнае спагнанне. Адміністрацыйнае ўмяшанне. Адміністрацыйная адзінка. Адміністрацыйныя меры. Адміністрацыйныя расходы. // Уласцівы адміністратару. Адміністрацыйныя здольнасці.

2. Які мае дачыненне да органаў дзяржаўнага кіравання. Адміністрацыйны апарат. Адміністрацыйны цэнтр. Адміністрацыйныя органы. Адміністрацыйны надзел.

•••

У адміністрацыйным парадку гл. парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)