АБО́РТ (лац. abortus),
спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.
І.У.Дуда.
т. 1, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗЕЛЯЧЭ́ННЕ, пелоідатэрапія, пелатэрапія,
выкарыстанне гразей лячэбных (пелоідаў) у лек. і прафілакт. мэтах на гразевых і інш. курортах, у водагразелячэбніцах санаторыяў, прафілакторыяў, фізіятэрапеўт. аддзяленнях і кабінетах бальнічных і амбулаторна-паліклінічных устаноў; від фізіятэрапіі. Робяць гразелячэнне агульнае (ванны лячэбныя) і мясцовае (аплікацыі, кампрэсы і інш.). Спалучаецца з бальнеатэрапіяй, медыкаментозным лячэннем, масажам, лячэбнай фізкультурай і інш. відамі тэрапіі. Адна з разнавіднасцей гразелячэння — электрагразелячэнне (гальвана-, дыятэрма-, індуктагразелячэнне).
Гразелячэнне ўзнікла з нар. вопыту лек. выкарыстання прыродных гразей (вулканічных, ліманных, тарфяных). Навук. абгрунтаванне атрымала ў пач. 19 ст. ў працах О.Лібрайха, К.Гродэля, Ш.Дзюран-Фардэля, Ч.Фругоні, Л.Дэвота, М.А.Ажэ. У 20 ст. гразелячэнне — пашыраная форма фізіятэрапіі хвароб органаў апоры і руху, гінекалагічных, некат. сасудзістых і нерв., траўмаў, трафічных язваў, ран і інш. Сапрапелевыя арган. асадкавыя гразі прэсных азёр ёсць на Беларусі (азёры Дрэвіца, Судабле, Сяргееўскае і інш.); шырока выкарыстоўваюцца тарфяныя гразі.
Тэрапеўт. ўздзеянне гразелячэння рэалізуецца гал. чынам праз рэфлекторна-гумаральныя (нерв. і эндакрынную сістэмы) уплывы на розныя органы. Шматразовасць працэдур гразелячэння па пэўнай схеме забяспечвае сумацыю лек. эфекту. Гразелячэнне станоўча ўплывае на абмен рэчываў, кроваўтварэнне, функцыі ўнутр. органаў, мае заспакаяльнае дзеянне, павышае тонус вегетатыўнай нерв. і рэактыўнасць імуналагічнай сістэм, прыгнятае алергічныя рэакцыі, стымулюе працэсы аднаўлення тканак. Асабліва эфектыўнае гразелячэнне пры хранічных запаленчых захворваннях.
Я.В.Малашэвіч.
т. 5, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАПСІХАЛО́ГІЯ (ад пара... + псіхалогія),
галіна псіхал. даследаванняў, якая вывучае формы пачуццёвасці, што забяспечваюць спосабы прыёму інфармацыі і якую нельга растлумачыць дзейнасцю вядомых органаў пачуццяў, таксама адпаведныя формы ўздзеяння адной жывой істоты на другую, на фіз. аб’екты, інш. нестандартныя здольнасці арганізма. Разам з паняццем «П.» ажываюць таксама паняцці «псіхатроніка», «біяінфармацыя», «біяінтраскапія» і інш. Вылучаюць тыпы форм пачуццёвасці: тэлепатыя — мысленныя зносіны паміж тымі, хто перадае і хто прымае (індуктар і рэцыпіент); яснабачанне — атрыманне ведаў пра аб’ектыўныя падзеі знешняга свету, не заснаванае на рабоце вядомых органаў пачуццяў і меркаваннях розуму; прадбачанне (праскапія) — прыватны выпадак яснабачання, які адносіцца да прадказання будучых падзей; лазашукальніцтва (біяфіз. эфект) — пошук з дапамогай індыкатара (сагнуты металічны дрот, лаза і інш.) падземных вод, руды, пустаты і інш.; парадыягностыка — пастаноўка заснаванага на яснабачанні мед. дыягназу без кантакту з хворым. Гэтыя формы пачуццёвасці часта аб’ядноўваюцца паняццем экстрасенсорнага ўспрымання. Яснабачанне, тэлепатыю і прадказанне адносяць да псі-феномена, а мысленнае ўздзеянне на аб’ект на адлегласці (псіхакінез, тэлекінез) — да псі-капафеномена.
Даследаванні феномена П. вядуцца з канца 19 ст., калі ў Лондане засн. «Таварыства для вывучэння псіхічных з’яў». Яно садзейнічала пазнанню псіхал. заканамернасцей гіпнозу, ідэаматорных актаў, субсенсорнага ўспрымання, фенаменальнай памяці, вылічальных здольнасцей. Многія з існуючых т-ваў і лабараторый аб’ядноўвае Міжнар. парапсіхалагічная асацыяцыя (Нью-Йорк).
В.В.Краснова.
т. 12, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
транспланта́цыя
(п.-лац. transplantatio, ад лац. transplantare = перасаджваць)
перасадка з наступным прыжыўленнем тканак і органаў у межах аднаго арганізма таго ж віду, другога віду ці нават роду.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ка́лус
(лац. callus = тоўстая скура, мазоль)
тканка, якая развіваецца ў месцах пашкоджання органаў раслін, на прывіўках прышчэпках або ў культуры ізаляваных тканак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кальпаско́п
(ад гр. kolpos = похва + -скоп)
прыбор для даследавання жаночых палавых органаў, які стварае штучнае асвятленне і павелічэнне ў 20—30 разоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
каню́ля
(фр. canula)
полая трубка для ўвядзення ў арганізм лекавых рэчываў і вывядзення з поласцей органаў і крывяносных сасудаў крыві і сакрэтаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дысгеніталі́зм
(ад дыс- + лац. qemtalis = дзетародны, палавы)
агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вялікія ці малыя памеры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
асфра́дый
(н.-лац. osphradium, ад гр. osphrainomai = нюхаю)
чуллівы орган малюскаў, размешчаны ў мантыйнай поласці на шляху цячэння вады да жаберных органаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
алігаме́рыя
(ад аліга- + -мерыя)
змяншэнне колькасці гамалагічных органаў, якія паўтараюцца, у працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў (напр. змяншэнне колькасці сегментаў цела ў чарвей).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)