1.Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.
2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы.Бядуля.Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.Шамякін.// Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані.Колас.Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык.Васілевіч.
3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы.«Звязда».//перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты.Бугаёў.— Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч.Рамановіч.// Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група.Скрыган.
4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.
5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай.Калачынскі.// У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр».«Маладосць».
6.Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.
7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота».Ленін.
8.Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.
•••
Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.
Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.
Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.
Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.
(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.
[Лац. centrum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;