ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,

цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.

Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл. Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл. Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл. Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.

В.​В.​Валяўка.

Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.
Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.
Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ у архітэктуры,

сукупнасць арх. кірункаў 1-й пал. 20 ст., якія арыентаваліся на асваенне дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. У шырокім сэнсе Р. часам атаясамліваюць з паняццем «сучасная архітэктура». Асн. яго прынцыпы пачалі складвацца ў канцы 19 ст. (арх. Л.​Салівен у ЗША, Х.​П.​Берлаге ў Нідэрландах, А.​Лоз у Аўстрыі, А.​Перэ ў Францыі і інш). Развіццю Р. ў 1920—30-я г. спрыялі ідэі і творчасць арх. Ле Карбюзье ў Францыі, В.​Гропіуса і арх. школы «Баўгауз» у Германіі (гл. Функцыяналізм), работы сав. архітэктараў і арх. школы вышэйшых маст.-тэхн. ін-та ў Ленінградзе і маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Ідэі Р. ляглі ў аснову дзейнасці Міжнар. кангрэса сучаснай архітэктуры (1928—59) і т.зв. Афінскай хартыі (1933), якія сфармулявалі прынцыпы сучаснага горадабудаўніцтва. У 1950-я г. лідэры Р. ў ЗША (Л.​Міс ван дэр Роэ, Э.​Саарынен, фірма «СОМ») і Еўропе (Дж.​Понці ў Італіі, Э.​Аерман у Германіі) распрацавалі універсальныя формы будынкаў т.зв. інтэрнац. стылю, разлічаныя на размяшчэнне ў іх жылых, дзелавых, вытв. і інш. інтэр’ераў. Расчараванне ў дагматызме і утапічнасці позняга Р., крытыка яго аднастайнасці, ігнаравання мясц. умоў і традыцый прывялі да змены Р. на новыя кірункі (бруталізм, неакласіцызм, постмадэрнізм). У СССР рацыяналістамі называлі сябе чл. Асацыяцыі новых архітэктараў (М.​Ладоўскі, В.​Крынскі, К.​Мельнікаў, бел. архітэктар І.​Валадзько і інш.), якія шукалі вобразную выразнасць у творчым асэнсаванні новых канструкцый і матэрыялаў.

Літ.:

Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. М., 1996.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,

эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.

Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.

Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.

Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн. с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,

цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.​І.​Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л. ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял. Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.

Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНК Зах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі БССР (ВСНГ БССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНК БССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр. дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял. Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл. табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.

Літ.:

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;

Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг. Мн., 1956;

Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.

В.​Ф.​Кушнер.

Народныя камісарыяты БССР
Назва наркамата Калі існаваў
Замежных спраў снеж. 1920 — да канца 1922, з сак. 1944
Ваен. спраў снеж. 1920 — да канца 1922
Па справах нацыянальнасцей снеж. 1920 — да канца 1922
Унутр. спраў снеж. 1920 — снеж. 1930, з ліп. 1934
Юстыцыі са снеж. 1920
Працы снеж 1920 — вер. 1933
Сац. забеспячэння са снеж. 1920
Асветы са снеж. 1920
Фінансаў са снеж. 1920
Земляробства са снеж. 1920
Пошт і тэлеграфаў снеж. 1920—1922
Аховы здароўя са снеж. 1920
Рабоча-сялянскай інспекцыі снеж. 1920 — сак. 1934
Харчавання снеж. 1920 — крас. 1924
Вышэйшы савет нар. гасп. (да 1924 СНГ) снеж. 1920 — крас. 1932
Надзвычайная камісія (ЧК) снеж. 1920 — сак. 1922
Дзярж. паліт. ўпраўленне (ДПУ) сак. 1922 — ліп. 1934
Дзяржаўная планавая камісія з крас. 1923
Унутр. гандлю ліп. 1924 — май 1926
Знешняга і ўнутранага гандлю май 1926 — люты 1931
Гандлю з крас. 1938
Забеспячэння люты 1931 — вер. 1934
Камунальнай гасп. з ліп. 1931
Лёгкай прамысловасці крас. 1932 — вер. 1934, са снеж. 1936
Лясной прамысловасці са снеж. 1936
Збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў са снеж. 1936
Харч. прамысловасці са снеж. 1936
Мясной і малочнай прамысловасці з ліп. 1939
Тэкст. прамысловасці з вер. 1939
Мясц. паліўнай прамысловасці са жн. 1939
Мясц. прамысловасці з вер. 1934
Прамысловасці буд. матэрыялаў з ліп. 1939
Дзярж. кантролю з ліст. 1940
Меліярацыі з сак. 1941
Аўтамаб. транспарту з ліп. 1939
Дзярж бяспекі сак.жн. 1941, са снеж. 1943
Жыллёва-грамадзянскага буд-ва з кастр. 1944
Тэхн. культур са студз. 1946

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.

2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.

3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.

•••

Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.

Магазінная каробка — прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.

Чарапная каробка — тое, што і чэрап.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВА́ДКІЯ КРЫШТАЛІ́,

стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым крышталічным і ізатропным вадкім. Характарызуецца цякучасцю і поўнай ці частковай адсутнасцю трансляцыйнага парадку ў структуры пры захаванні арыентацыйнага парадку ў размяшчэнні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак). Вадкія крышталі маюць пэўны тэмпературны інтэрвал існавання.

Пераходы цвёрдага крышталічнага рэчыва ў вадкі крышталь і далей у ізатропную вадкасць і адваротныя працэсы з’яўляюцца фазавымі пераходамі. Паводле спосабу атрымання вадкія крышталі падзяляюцца на ліятропныя (утвараюцца пры растварэнні шэрагу злучэнняў у ізатропных вадкасцях; напр., сістэма мыла — вада) і тэрматропныя (узнікаюць пры плаўленні некаторых рэчываў). Па арганізацыі малекулярнай структуры адрозніваюць вадкія крышталі нематычныя (з вылучаным напрамкам арыентацыі малекул — дырэктарам і адсутнасцю трансляцыйнага парадку), смектычныя (з пэўнай ступенню трансляцыйнага парадку — слаістасцю) і халестэрычныя (нематычныя, у якіх дырэктары сумежных слаёў утвараюць паміж сабою вугал, з-за чаго ўзнікае вінтавая структура). Узаемная арыентаванасць малекул абумоўлівае анізатрапію фіз. уласцівасцей вадкіх крышталёў: пругкасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці, дыэлектрычнай пранікальнасці і інш., што выкарыстоўваецца для выяўлення і рэгістрацыі фіз. уздзеянняў (эл. і магн. палёў, змены т-ры і інш.). Многія арган. рэчывы чалавечага арганізма (эфіры халестэрыну, міэлін, біямембраны) знаходзяцца ў стане вадкіх крышталёў.

Вадкія крышталі выкарыстоўваюцца ў інфарм. дысплеях (калькулятары, электронныя гадзіннікі, вымяральныя прылады і інш.), пераўтваральніках відарысаў, прыладах цеплабачання, мед. тэрмаіндыкатарах і інш. На Беларусі даследаванні вадкіх крышталёў праводзяцца ў БДУ, Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, навук.-вытв. аб’яднанні «Інтэграл» і інш.

Літ.:

Чандрасекар С. Жидкие кристаллы: Пер. с англ. М., 1980;

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987.

В.​І.​Навуменка.

Тыпы вадкіх крышталёў: а — нематычны; б — смектычны; в — халестэрычны.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 8—12.12.1925 у Мінску. Прысутнічала 247 дэлегатаў з рашаючым і 161 з дарадчым голасам ад 15 075 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (А.​І.​Крыніцкі), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​А.​Чарнушэвіч), ЦКК КП(б)Б (В.​П.​Грузель); даклады ЦК РКП(б) (І.​І.​Скварцоў-Сцяпанаў), ЦКК РКП(б) (А.​А.​Сольц); аб гасп. будаўніцтве (І.​А.​Адамовіч); аб рабоце прафсаюзаў (М.​Е.​Ендакоў); аб рабоце сярод моладзі (М.​М.​Галадзед); аб Чырв. Арміі (С.​М.​Кажэўнікаў); парт.-арганізац. пытанне; выбары. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК, ЦКК і рашэнні XIV канферэнцыі РКП(б), паліт. лінію і арганізац. работу ЦК КП(б)Б, тэзісы Палітбюро ЦК РКП(б) па гасп. будаўніцтве. У рашэннях з’езда па пытаннях сацыяліст. індустрыялізацыі прасочвалася паступовае наступленне на нэп. Адобрыў тэзісы ЦК РКП(б) да XIV з’езда ВКП(б) і намеціў меры па іх выкананні. Абмеркаваў праект Статута РКП(б) і прапанаваў унесці ў яго асобныя змены і дадаткі. Ухваліў новы адм.-тэр. падзел рэспублікі. Усе канферэнцыі, пачынаючы з VI Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябе Першым з’ездам КП(б)Б, рашыў лічыць з’ездамі КП(б)Б. Выбраў ЦК КП(б)Б з 43 чл. і 20 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 18 чл. і 7 канд. у чл., дэлегатаў на XIV з’езд ВКП(б).

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн. 1983.

А.​Л.​Яфімчык.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,

1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.​Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.​Д.​Д’Арбіньі, Ж.Л.​Р.​Агасіс, А.​Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.​Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.​Ведэкінг, К.​Бойрлен, Э.​Даке).

2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.

Літ.:

Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр. М.; Л., 1937;

Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ. М., 1980;

Крисаченко В.С. Природные катастрофы. Киев, 1989;

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990.

В.​А.​Вадап’янаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)