навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркі на аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.
Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.
На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл на працягу сутак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗІКУЛІ́Т (ад лац. vesicula пузырок + ...іт),
сперматацыстыт, запаленне семявага пузырка ў чалавека і жывёл. У мужчын назіраецца часцей разам з прастатытам, урэтрытам, эпідыдымітам. Праяўляецца адчуваннем цяжару і болем у вобласці прамежнасці і ў прамой кішцы, які аддае ў паясніцу і машонку. Адзначаецца пачашчанае мочаспусканне, што суправаджаецца пачуццём пякоты. Характэрны павышаная палавая ўзбуджальнасць, частыя эрэкцыі і палюцыі, болі пры эякуляцыі з ірадыяцыяй у галоўку палавога члена. Пры хранічным везікуліце развіваецца бясплоднасць. Лячэнне: фізіятэрапія, антыбіётыкі. З жывёл на везікуліт найчасцей хварэюць быкі, бараны, кныры. Працякае ў катаральнай або гнойнай форме. Хворых жывёл звычайна выбракоўваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТАКСІ́НЫ (ад анты... + таксіны),
спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІНІ́ЗМ (ад лац. albus белы),
прыроджаная адсутнасць нармальнай для арганізма пігментнай афарбоўкі. Выяўляецца ў адсутнасці пігментацыі скуры, валасянога покрыва, радужнай абалонкі вачэй у жывёл і чалавека, у вышэйшых раслін — зялёнай афарбоўкі ўсёй расліны або яе частак. Арганізмы з прыкметамі альбінізму наз.альбіносамі. Альбінізм замацоўваецца ў спадчыну рэцэсіўным генам, які блакіруе ў гомазіготным стане сінтэз пігментаў (меланіну, хларафілу). У чалавека і жывёл частата ўзнікнення альбінізму — 1:20 000—40 000. Альбінізм трапляецца зрэдку сярод дзікіх жывёл, часцей сярод свойскіх і паддоследных (трусы, лабараторныя пацукі, мышы). Пашыраная форма альбінізму ў раслін — стракаталістасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
цеплакроўныя жывёлы, у якіх перыяды пастаяннай т-ры цела зменьваюцца перыядамі значных яе ваганняў у залежнасці ад змен т-ры знешняга асяроддзя. Непастаянства т-ры цела ў адных з іх праяўляецца ў час працяглага сну (калібры, кажаны), у другіх — сезонна, у перыяд зімовай спячкі. У фауне Беларусі да гетэратэрмных жывёл належаць барсук, вожык звычайны, кажаны, соні, хамяк звычайны, янотападобны сабака і інш. млекакормячыя. Зрэдку да гетэратэрмных жывёл адносяць некаторых пайкілатэрмных жывёл, здольных пры пэўных умовах падтрымліваць т-ру цела больш высокую, чым т-ра асяроддзя (свойская пчала, чмялі, тунцы і інш.). Гл. таксама Гамаятэрмныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,
орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́Ру жывёлагадоўлі,
састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г.жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,
заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г.жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр. ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.Н.Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожажывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.