ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДЗЬКА (Генадзь Браніслававіч) (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.Купалы), Драгун («Парог» А.Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Звон — не малітва» І.Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНА́ВА, Дайнова,
гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял.кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм.зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял.кн. літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУЧА́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (1.3.1846, с. Мілюкова Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1903),
рускі вучоны-прыродазнавец, заснавальнік навук.генет. глебазнаўства і занальнай аграхіміі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1871). З 1880 выкладаў у ім, з 1883 праф., у 1892—97 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (заснаваў у ім першую ў Расіі кафедру глебазнаўства, 1895). Стварыў вучэнне пра геагр. зоны. Абгрунтаваў навук. класіфікацыю глеб (1886), распрацаваў комплекс мер па барацьбе з засухай, метады картаграфавання і склаў першую глебавую карту паўн. паўшар’я. Імя Д. прысвоена Глебаваму ін-ту і Цэнтр. музею глебазнаўства УАСГНІЛ. З 1946 прысуджаецца залаты медаль і прэмія імя Д. АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЯЖА́ЛЬ (Мікалай Антонавіч) (27.10.1899, с. Амельнік Запарожскай вобл., Украіна),
расійскі вучоны-энергетык. Акад.АНСССР (1962, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1935 гал. інжынер з-даў «Бальшавік» (Кіеў), «Уралхіммаш», з 1942 дырэктар НДІхім. машынабудавання (Масква), з 1953 гал. канструктар-дырэктар Ін-та энергатэхнікі, саветнік. Гал. канструктар рэактара першай у свеце атамнай электрастанцыі (г. Обнінск, Расія). Навук. працы па інж. і навук. праблемах цеплаэнергетыкі, выкарыстання ядз. энергіі ў энергетыцы. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949, 1952, 1953, 1970, 1976.
Тв.:
Основы проектирования паросиловых установок. М.; Л., 1933;
Канальный ядерный энергетический реактор. М., 1980 (разам з І.Я.Емяльянавым);
У истоков рукотворного мира: Зап. конструктора. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕЛА́ЙЦІС ((Donelaitis) Крысціёнас) (1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),
літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. —Чатыры пары года. 2 выд.Мн., 1983;
Рус.пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.
Літ.:
Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАР-ЭС-САЛА́М (Dar es Salaam),
горад у Танзаніі. Месцазнаходжанне ўрада. Адм. ц. Прыбярэжнай вобл. 1436 тыс.ж. (1990). Гал. марскі порт краіны, на беразе Індыйскага ак. (абслугоўвае часткова суседнія краіны). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт нафтаправода ў Замбію. Прам-сць: нафтаперапр., цэм., аўтазборачная, тэкст., эл.-тэхн., харчасмакавая (мясакансервавая, тытунёвая, мукамольная, піваварная), абутковая. Суднабудаванне (пераважна рыбацкіх суднаў). Вытв-сць лакаў, фарбаў, мыла, мэблі. Рыбалоўства. Ун-т. Бат. сад. Гісторыка-этнагр. музей.
Засн. ў 1862 султанам Занзібара на месцы рыбацкай в. Мзізіма. У 1887 захоплены герм.усх.-афр. кампаніяй. З 1891 адм. ц.Герм.Усх. Афрыкі. У 1916 акупіраваны англ. войскамі. У 1919—61 цэнтр англ. каланіяльнай адміністрацыі Танганьікі. У 1861—64 сталіца незалежнай дзяржавы Танганьіка, у 1964—73 — Танзаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСА́ЕВА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 27.7.1951, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1989). Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. З 1977 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1978. Даследуе бел. прозу 1920—30-х г. (П.Галавач, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, М.Зарэцкі, Л.Калюга, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.), сучасны літ. працэс. Укладальнік і аўтар каментарыя да 2-га і 7-га т. Збору твораў І.Мележа ў 10 т. (1979—85), «Летапісу жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага» ў 4-м т. Збору твораў Гарэцкага ў 4 т. (1984—86).
Тв.:
Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Пошукі героя: 3 вопыту бел. прозы 20-х гг.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,
гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац. работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЦБУРГ (Аляксандр Ільіч) (1.3.1907, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 15.11.1972),
бел. і рускі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955), Расіі (1969). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1934). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм» (з 1925), імя М.Горкага (з 1943), «Беларусьфільм» (1948—58). Аператар маст. фільмаў «Сустрэчны» (1932, з Ж.Мартавым і У.Рапапортам), «Камсамольск» (1938), «Член урада» (1940), «Валерый Чкалаў» (1941), «Два байцы» (1943), «Канстанцін Заслонаў» (1949), фільмаў-спектакляў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954). Яго аператарскаму майстэрству характэрны лаканізм кампазіцыі ў пабудове кадра, увага да маст. дэталі і пейзажу. Сааўтар сцэнарыя і аператар фільма «Хрустальны чаравічак» (1961), па сваіх сцэнарыях паставіў фільм «Аднойчы ноччу» (1962, з Э.Файкам) і «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1966).