БЯСПО́ЛЫМНАЕ ЎЗРЫВА́ННЕ,

спосаб узрывання, пры якім разбурэнне адбываецца ў выніку ўтварэння вял. аб’ёму негаручых газаў або газаў, што тушаць полымя. Пры бясполымным узрыванні выкарыстоўваюць спец. патроны: кардокс, гідрокс, эрдокс. Засн. на пераўтварэнні патэнцыяльнай энергіі ў кінетычную вадкіх, цвёрдых і газападобных пад высокім ціскам рэчываў, якія могуць хутка выпарацца, расшырацца ці хімічна ўзаемадзейнічаць. Выкарыстоўваецца ў шахтах, небяспечных на газ і пыл.

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ

(Pleurodira),

падатрад паўзуноў. 2 сям.: пеламедузавыя і змеяшыйныя чарапахі, 13 родаў, 45 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, а-воў Мадагаскара і Новай Гвінеі.

Даўж. панцыра 30—77 см. Шыя доўгая; могуць выгінаць яе ўбок і закладваць пад панцыр. Ногі пераважна пляскатыя, на пальцах плавальныя перапонкі. Кормяцца дробнымі рыбамі. Мяса і яйцы некаторых выкарыстоўваюць у ежу.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у тым ліку доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 26 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,58 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 21 м. Пл. вадазбору 23,3 км².

Схілы катлавіны разараныя, паўднёвыя пад лесам, балоцістыя. Дно пясчанае і галечнае, у глыбокіх месцах глеістае. Упадаюць 3 ручаі, сцёк у р. Шоша.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 17 км на ПнЗ ад г. Лунінец. Пл. 0,22 км², даўж. 600 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5 м.

Схілы катлавіны пясчаныя, пад хваёвым лесам. Берагі выш. да 2 м, пясчаныя. У возеры растуць палушнік азёрны і лабелія Дортмана — ахоўныя віды раслін, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА»,

часопіс інспектарыята бел. школ пры генеральным камісары Беларусі. Выдаваўся ў студз.снеж. 1942 у Мінску (друкаваўся кірыліцай і лацінкай у Вільні) на бел. мове пад кантролем герм. улад. Выходзіў раз у 2 месяцы. Складаўся з 2 частак — для настаўнікаў і вучняў. Друкаваў пераважна метадычныя і вучэбныя матэрыялы. Выйшла 6 нумароў. З 1943 замест «Беларускай школы» выдаваўся час. «Школа і жыццё».

С.У.Жумар.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ-2,

нізіннае балота ў Беларусі, на Пд Светлагорскага і ПнУ Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы рэк Сведзь і Ведрыч. Пл. 19 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,4 тыс. га. Глыб. торфу да 6,4 м, сярэдняя 1,7 м. Большая ч. балота асушана, выкарыстоўваецца пад пасевы траў, збожжа і кармавых культур. На неасушаных участках пераважае драбналессе з хвоі і бярозы.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТКІН Раман Сямёнавіч

(н. 11.6.1925, г. Данецк, Украіна),

бел. трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Засл. трэнер Беларусі (1962), засл. трэнер СССР (1973), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1952). Пад яго кіраўніцтвам гімнасты Беларусі перамаглі на Спартакіядзе народаў СССР (1975). У 1980-я г. быў дзярж. трэнерам зборнай каманды СССР па спарт. гімнастыцы па Беларусі. Сярод выхаванцаў М.Мілігула.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЛЕ,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,9 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 5,25 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны пад лесам, месцамі разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі хмызняком, на У і Пд забалочаныя.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,

марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)