сукупнасць метадаў вырабу паўправадніковых прылад і інтэгральных схем шляхам фарміравання іх структур з аднаго боку монакрышт. паўправадніковай падложкі. Грунтуецца на стварэнні ў прыпаверхневым слоі падложкі абласцей з розным тыпам праводнасці або з рознай канцэнтрацыяй дамешкаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць структуру паўправадніковай прылады ці інтэгральнай схемы. Забяспечвае выраб у адзіным тэхнал. працэсе вял. колькасці ідэнтычных прылад з высокай узнаўляльнасцю параметраў, высокую прадукцыйнасць і інш.; займае вядучае месца ў тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі.
Асн. аперацыі: нанясенне тонкай дыэлектрычнай плёнкі (звычайна аксіду крэмнію SiO2) на паверхню крышт. паўправадніка (крэмнію, германію, арсеніду галію); выдаленне пры дапамозе фоталітаграфіі ці электроналітаграфіі пэўных абласцей гэтай плёнкі (стварэннетэхнал. маскі); лакальнае ўвядзенне ў крышталь праз атрыманую маску донарных ці акцэптарных дамешкаў (легіраванне). Усе вобласці выходзяць на адзін (рабочы) бок падложкі, што дае магчымасць праз вокны ў SiO2 рабіць іх камутацыю ў адпаведнасці з зададзенай схемай пры дапамозе плёначных метал. праваднікоў. Адрозніваюць планарна-эпітаксіяльную тэхналогію (уключае аперацыю эпітаксіяльнага арыентаванага нарошчвання на паверхню монакрышт. падложкі тонкага слоя крэмнію) і яе ўдасканаленую разнавіднасць — ізапланарную тэхналогію (з павялічанай якасцю ізаляцыі абласцей).
На Беларусі распрацоўкамі ў галіне П.т. і выкарыстаннем яе ў вытв-сці займаюцца ў НВА«Інтэграл».
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. К.Н. 1—2. М., 1986;
Сугано Т., Икома Т., Такэиси Ё. Введение в микроэлектронику: Пер. с яп.М., 1988;
Taur У. The incredible shrinking transistor // IEEE Spectrum. 1999. July.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэннепрагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраваннесац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;
Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Андрэй Паўлавіч (н. 2.9.1930, С.-Пецярбург),
расійскі кампазітар, муз. і грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). У творчасці побач з сучаснай тэматыкай звяртаецца да гіст., легендарных і класічных сюжэтаў. У сімф. музыцы 1990-х г. дамінуе рэлігійная тэматыка. Сярод твораў: оперы «Пётр Першы» (паст. 1975), «Маякоўскі пачынаецца» (паст. 1983); балеты «Станцыйны наглядчык» (паводле А.Пушкіна, паст. 1956), «Бераг надзеі» (паст. 1959), «Стварэнне свету» (паст. 1971; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1976); вак.-харэагр. сімф. «Пушкін» (паст. 1979); аперэты «Мы хочам танцаваць» («У рытме сэрца», паст. 1967), «Аб бедным гусары...» (паст. 1986); для арк.; сімф. паэма «Рада і Лойка» (паводле М.Горкага, 1954), сімф. цыкл «Песні нашых дзён» (1964), «Паэма памяці загінуўшых у гады блакады Ленінграда» (1966), сімф.-фантазія «Майстар і Маргарыта» (паводле М.Булгакава, 1986), сімф. «Час Хрыста» (1995) і інш. Аўтар песень, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў (больш за 50), у т. л. «Я крочу па Маскве», «Сцеражыся аўтамабіля», «Службовы раман», «Жорсткі раманс», «Старыя клячы», тэлесерыял «Пецярбургскія тайны». Аўтар кніг «Дыялог пра кінамузыку» (1982, з Н.Калеснікавай), «Час. Музыка. Музыканты» (1987). Дзярж. прэміі СССР 1967, 1976.
Літ.:
Мархасев Л.С. А.Петров. Л., 1980;
Кац Б.А. Простые истины киномузыки: Заметки о музыке А.Петрова в фильмах Г.Данелия и Э.Рязанова. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 4(17).12.1905 да 1(14).1.1915 у Вільні на рус. мове штодзённа. Працягвала праграму віленскай газ.«Северо-Западное слово» ў больш радыкальным кірунку, асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. Асвятляла рэв. рух у краі, крытыкавала сац. несправядлівасць капіталізму, апартунізм і непаслядоўнасць бурж. лібералізму, выкрывала вялікадзярж. палітыку чарнасоценцаў і акцябрыстаў, польскіх нацыяналістаў. У гады рэакцыі прытрымлівалася тактыкі асцярожнай апазіцыі да царызму. Мела аддзелы «Тэатр і музыка», «Бібліяграфія», рэцэнзавала спектаклі, канцэрты, маст. і навук. л-ру. Змяшчала творы Л.Андрэева, М.Горкага, А.Купрына, Л.Талстога, А.Чэхава, Шолам-Алейхема, а таксама польскіх (Э.Ажэшка, У.Рэймант), франц. (Гі дэ Мапасан, Э.М.Прэво), амер. (М.Твэн), аўстр. (Р.М.Рыльке, А.Шніцлер) і інш. пісьменнікаў. Прапагандавала рэаліст. традыцыі айч. л-ры. Станоўча ацэньвала творчасць пісьменнікаў М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага, артыстаў В.Камісаржэўскай, Ф.Шаляпіна. Негатыўна ставілася да сімвалізму, натуралізму, дэкадэнцкіх плыняў у мастацтве. Выказвалася за права беларусаў на сваю нац. культуру. Паведамляла пра заснаванне, дзейнасць, судовае праследаванне газ. «Наша ніва», пра стварэннебел.культ.-асв. арг-цый, бел.тэатр.-муз. вечары, дзейнасць Бел.тэатр.-муз. гуртка. Апублікавала арт. У.Самойлы (пад псеўд. У.Суліма) у абарону моўна-нац. самавызначэння беларусаў. Друкавала вершы і пераклады мясц. літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЖ КРЭСО́ВА, Таварыства стражы крэсовай (Straż Kresowa, Towarzystwo Straży Kresowej),
грамадска-паліт.арг-цыя ў 1920-я г., створаная з мэтай абароны польскіх інтарэсаў на «крэсах усходніх» (усх. ускраінах). Узнікла ў лют. 1918 у сувязі з перадачай герм.ваен. адміністрацыяй тэр. Холмшчыны Украіне. Ставіла за мэту адраджэнне польскага паліт., гасп. і культ. жыцця на тэр. «крэсаў» праз стварэнне на месцах польскіх грамадска-гасп. арг-цый: кааператываў, с.-г. і культ.-асв. гурткоў, маладзёжных аб’яднанняў і інш. Кіруючымі органамі С.к. з’яўляліся выканаўчы к-т і кіруючая рада. Атрымлівала крэдыты ад урада. З крас. 1919 дзейнічала на Беларусі, дзе былі створаны Беластоцкая, Брэсцкая, Віленская, Гродзенская і Мінская акр. У кастр. 1919 па ініцыятыве С.к. арганізаваны Часовы к-т адбудовы ўсх. зямель. У час польска-сав. вайны 1919—20 летам 1920 дапамагала арганізаваць полк імя караля Стафана Баторыя ў польскім войску. Удзельнічала ў правядзенні перапісу насельніцтва 1921 у Зах. Беларусі і ў падрыхтоўцы плебісцыту 1922 у Сярэдняй Літве. Фармальна выступала за аб’яднанне зямель б.ВКЛ з Польшчай на прынцыпах канфедэрацыі, фактычна была прыхільніцай інкарпарацыі бел., укр. і літ. зямель польскай дзяржавай. Падвяргалася вострай крытыцы з боку бел.нац. арг-цый як сродак урадавай палітыкі паланізацыі. Пасля ўсталявання ўстойлівай усх. мяжы Польшчы ў 1921—22 дзейнасць С.к. паступова заняпала. У 1927 канчаткова спыніла існаванне, хоць афіцыйна не была скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЯЎЛЕ́ННЕ,
1) фантазія, псіхічная дзейнасць, што характарызуецца стварэннем у думках аб’ектаў і сітуацый, якія раней не ўспрымаліся суб’ектам у рэчаіснасці. Адрозніваюць сенсорнае У. з уласцівай яму сузіральнасцю і маторнае У., якое суправаджаецца дзеяннем, рухам. У выніку пераходу сенсорнага У. ў маторнае нараджаецца творчае У. — неабходны кампанент творчай дзейнасці. Творчае У. выконвае шэраг функцый: прадбачання (антыцыпацыі), эўрыстычную, прагнастычную, камунікатыўную, развівальную і інш. Яно дазваляе прадугадаць тое, чаго яшчэ не існуе, акрэсліць ідэальную мадэль жаданага выніку дзейнасці, садзейнічае стварэнню прынцыпова новых, арыгінальных прадуктаў навук., тэхн., літ., маст. і інш. форм творчасці.
Асаблівым відам творчага У. з’яўляецца мара, якая уяўляе сабой стварэнне абстрактных вобразаў жаданага, якія не ўвасабляюцца ў канкрэтных прадуктах дзейнасці.
2) Вобраз раней успрынятага прадмета ці з’явы; форма пачуццёвага адлюстравання рэчаіснасці ў выглядзе наглядна-вобразных ведаў. Ажыццяўляецца ў 2 формах: у вобразах памяці і фантазіі. У. памяці служыць неабходнай умовай пазнання, у ходзе якога захаваны вобраз аб’екта актуалізуецца пры ўспрыманні. З дапамогай вобразаў фантазіі ствараюцца У., не звязаныя непасрэдна з наяўнай рэчаіснасцю. У адрозненне ад успрымання, якое звязана толькі з наяўнай дадзенасцю адзінкавых аб’ектаў, У. ўтрымлівае сучаснае, былое і будучае пэўных прадметаў і з’яў, садзейнічае іх асэнсаванню і ўсведамленню.
Літ.:
Беркинблит М.Б., Петровский А.В. Фантазия и реальность. М., 1968;
Розет И.М. Психология фантазии. Мн., 1977;
Пармон Э.А. Роль фантазии в научном познании. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),
бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБКП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел.камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт.Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст.н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.
У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем у 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,
назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ (Diderot) Дэні (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).