РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.Р.Ушакоў) і 60-я (палк. А.В.Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в.» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.
А.А.Каваленя.
т. 13, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖЫКАЎ Іосіф Іванавіч (2.9.1893, в. Рацава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 10.12.1979),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі, з 1918 у ЧК, асобым аддзеле Чырв. Арміі. З 1923 на гасп. і парт. рабоце, з 1934 у Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) па БССР, нарком лясной прам-сці БССР, з 1939 1-ы сакратар Гродзенскага райкома КП(б)Б, нарком прам-сці будматэрыялаў БССР. У Вял. Айч. вайну сакратар ЦК КП(б)Б, узначальваў Заходнюю аператыўную групу ЦК КП(б)Б, упаўнаважаны ЦШПР на Сталінградскім фронце, нам. нач. БШПР, прадстаўнік ЦШПР і чл. ваенсавета Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. З 1944 міністр, з 1953 1-ы нам. міністра жыллёва-грамадз. буд-ва БССР, гарадскога і сельскага буд-ва БССР, у 1958—59 нам. міністра буд-ва БССР. Чл. ЦК КПБ у 1929—30, 1934—38, 1952—54. Чл. ЦВК БССР у 1931—35. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59.
т. 13, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й Аляксандр Раманавіч (1897, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 15.8.1920),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі, герой грамадз. вайны. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (адзначаны георгіеўскім крыжам). У 1917 вярнуўся на радзіму і ўзначальваў Рудабельскі валасны рэўком, штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, змагаўся супраць легіянераў корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У час ням. акупацыі 1918 узначальваў партыз. атрады на тэр. Рудабельскай «рэспублікі» і падп. падраённы к-т РКП(б). Удзельнік вызвалення Бабруйска ад ням. акупантаў, разгрому стракапытаўскага паўстання 1919 у Гомелі і эсэраўскага мяцяжу ў Чарнігаўскай губ. Летам 1919 на чале Бабруйскага інтэрнац. батальёна, потым Барысаўскага палка змагаўся з польск. інтэрвентамі, абараняў Мінск. У вер.—снеж. 1919 на чале спец. атрада ўдзельнічаў у рэйдзе па тылах латышскай арміі ад Пскова да Асвеі. Са снеж. 1919 камандзір 1-га інтэрнац. батальёна палка чырв. камунараў, удзельнік вызвалення Асвеі, баёў за Рэжыцу, Полацк, Барысаў, Лепель. З лета 1920 у корпусе Г.Дз.Гая, удзельнічаў у вызваленні Вільні, Гродна. Загінуў у баі каля мяст. Кольна (Польшча).
Літ.:
Грахоўскі С. Рудабельская рэспубліка. Мн., 1968.
І.П.Хаўратовіч.
т. 14, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІГО́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1976, адкрыты ў 1984 у г. Салігорск Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 310 м², больш за 9 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае 3 залы ў выглядзе шахтавых штрэкаў (мастак А.В.Клязовіч). Сярод экспанатаў каменныя прылады працы 2—1-га тыс. да н.э. з археал. раскопак на тэр. раёна, калекцыі прадметаў матэрыяльнай культуры сялян 19 — пач. 20 ст. (жорны, кросны, церніца, гліняны і драўляны посуд і інш.), нар. ткацтва, інтэр’ер сял. хаты, узоры нар. адзення, матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны, калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу, пра мастака і пісьменніка Б.Залескага, прыродазнаўца К.Валасовіча. Экспазіцыя Вял. Айч. вайны прысвечана дзейнасці падполля і партыз. руху на Старобіншчыне, землякам Героям Сав. Саюза А.А.Жуку, В.З.Каржу, Л.З.Муравіцкаму, Дз.С.Наруцкаму, А.К.Стампкоўскай, героям вайны братам М. і І. Цубам. У асобным раздзеле пра гісторыю Салігорска дэманструюцца прылады працы шахцёраў, узоры калійных солей. У зале прыроды чучалы птушак, жывёл, калекцыі насякомых рэгіёна. Музей ладзіць выстаўкі мясц. майстроў керамікі, ткацтва, саломапляцення, калекцый прадметаў этнаграфіі і інш.
З.В.Рамановіч.
т. 14, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,
нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц. калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц. ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс. франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.
Літ.:
Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў кастр. 1952 у г. Слуцк. Лл. экспазіцыі 280 м², 5 залаў, б-ка, 22,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, жан. ўпрыгожанні з гарадзішча Івань, касцяныя і драўляныя шахматныя фігуры, каменныя і бурштынавыя крыжыкі 12 ст., керамічны посуд, скураны абутак з гарадзішча стараж. Слуцка, кафля 17 ст. з выявай герба Слуцка, фрагменты слуцкіх паясоў, вырабы з урэцкага шкла, габелены «Паляванне на дзіка» (18 ст.), «На водную прагулку» (19 ст.), старадрукі 18 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, рэв. рух 19 — пач. 20 ст., Слуцкае паўстанне 1920, падзеі часоў грамадз. вайны, партыз. рух і падполле ў Вял. Айч. вайну, слуцкі лагер смерці. У калекцыях музея творы бел. прафесійных і самадзейных мясц. мастакоў, вырабы мясц. майстроў ткацтва, вышыўкі, лозапляцення, разьбы па дрэве, рогу і інш. Музей выпускае брашуры і буклеты па гісторыі Случчыны, пра помнікі архітэктуры, слуцкія паясы і інш. З 2001 працуе філіял «Побыт сялян. 19 — пач. 20 ст.».
В.С.Відлога.
т. 15, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДАВАННЯ (СВГК),
вышэйшы надзвычайны орган стратэгічнага кіраўніцтва Узбр. Сіламі СССР у Вял. Айч. вайну. Створана ў Маскве паводле пастановы СНК і ЦК ВКП(б) ад 23.6.1941. Напачатку наз. Стаўка Гал. Камандавання (СГК). У яе склад уваходзілі С.К.Цімашэнка (старшыня), І.В.Сталін, В.М.Молатаў, С.М.Будзённы, К.Я.Варашылаў, Г.К.Жукаў, М.Г.Кузняцоў. 10.7.1941 пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання (СВК); яе ўзначаліў Сталін, у склад уведзены Б.М.Шапашнікаў. З 8.8.1941, калі Сталін быў прызначаны Вярх. Галоўнакамандуючым, Стаўка стала наз. СВГК. У ходзе вайны ў розны час у яе склад уваходзілі вядомыя паліт., дзярж. і ваен. дзеячы. 17.2.1945 пастановай Дзярж. к-та абароны вызначаны склад СВГК: Сталін (Вярх. Галоўнакамандуючы), Жукаў (нам. Вярх. Галоўнакамандуючага), А.М.Васілеўскі, А.І.Антонаў, М.А.Булганін, Кузняцоў. СВГК кіравала франтамі, флатамі і авіяцыяй далёкага дзеяння, а таксама арганізоўвала ўзаемадзеянне (каардынавала дзеянні) паміж дзеючай арміяй і партыз. фарміраваннямі (праз Цэнтральны штаб партызанскага руху). Асн. рабочымі органамі СВГК былі Генштаб, упраўленні нар. камісарыятаў абароны і ВМФ.
С.В.Папоў.
т. 15, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЗДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Уздзенскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Уздзенскіх падп. парт. к-та (сакратар С.П.Шыбко), райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Мінскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 6 груп (больш за 150 чал.) у г. Узда, вёсках Бярвішчы (кіраўнік І.А.Дубовік), Возера (Е.М.Курбыка), Магільна (Г.В.Суслава), Нізок (П.Ф.Валожын), Цялякава (М.Д.Шымановіч). Падпольшчыкі наладзілі сувязь з Мінскім падполлем, стварылі партыз. атрад (камандзір М.М.Нікіцін). Члены падполля ў бальніцы г. Узда і падп. шпіталі ў в. Данілавічы лячылі параненых сав. байцоў, выраблялі халодную зброю для ваеннапалонных, што рыхтаваліся да ўцёкаў з канцлагераў Мінска, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, паперу для лясных друкарняў, бланкі ням. пропускаў, разведданыя, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе насельніцтва на работы ў Германію, праводзілі дыверсіі на працуючых прадпрыемствах. За час вайны загінула каля 30 падпольшчыкаў.
А.М.Папко.
т. 16, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫЯ КХМЕ́РЫ»,
неафіцыйная назва членаў Камуніст. партыі Камбоджы, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях. Напачатку ўваходзіла ў Нац. адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіянукам у Кітаі. Пасля таго як атрады НАФК занялі сталіцу г. Пномпень (1975), уладу ў краіне захапілі «Ч.к.», а іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 Нарадома Сіянука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 краіна стала наз. Дэмакр. рэспубліка Кампучыя. У час праўлення «Ч.к.» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн. чал.). У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Ч.к.», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студз. 1979 «Ч.к.» адхілены ад улады, але працягвалі партыз. барацьбу супраць новага ўрада і в’етн. войск. Пасля перамогі Нарадома Сіянука на выбарах 1993 («Ч.к.» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) урадавыя войскі Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Камбоджа.
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНДЗІ́Л Францішак Уладзіслававіч (1825, в. Югалін Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13 ці 14.2.1865),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. З роду Юндзілаў. Служыў у кавалерыі рас. арміі, ротмістр. З 1858 на радзіме. Належаў да створанай К.Каліноўскім Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, у спрэчках з канспіратарамі Варшавы разам з Каліноўскім адстойваў суверэннасць Літвы і Беларусі, раўнапраўнасць паўстанцкіх структур краю з варшаўскімі. З вясны 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Слонімскага пав., узначаліў атрад (каля 300 чал.), з якім 22 мая ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу ў Слонімскім і суседніх паветах. У жн. 1863 перадаў каманду над Слонімскім атрадам Я.Калупайлу і праз некаторы час выехаў за мяжу. З кастр. 1863 у Кракаве, камендант горада, ваен. арганізатар Кракаўскай акругі. За заслугі перад вызв. рухам атрымаў ад кіраўніцтва паўстаннем званне падпалкоўніка. Памёр у Парыжы ад сухотаў.
Літ.:
Кісялёў Г. Слонімскія інсургенты // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Нарбут А.Н. Юндзиллы — древний род из Гродно // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 1.
Г.В.Кісялёў.
т. 18, кн. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)