ГЛІ́ВІН,

археалагічныя помнікі (стаянка, селішча, курганны могільнік) каля в. Глівін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. На стаянцы днепра-дзяснінскай культуры (6—5-е тыс. да н.э.) знойдзена каля 3 тыс. крамянёвых прылад працы, на селішчы — ляпная кераміка 2 — 5 ст., фрагменты глянцавай міскі зарубінецкай культуры, ляпны і ганчарны посуд 8—13 ст. На могільніку крывічоў (9 ст.) пахавальны абрад — трупаспаленне ў насыпе, знойдзены ляпны посуд з плечукамі.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКУ́БА, Гекаба,

у грэчаскай міфалогіі жонка траянскага. цара Прыяма, маці Гектара, Парыса, Касандры і інш. Пры разбурэнні Троі перажыла смерць усіх блізкіх і стала нявольніцай Адысея, пазней ператворана ў сабаку. Загінула ў час пераправы цераз праліў Гелеспонт (Дарданелы). Вобраз Гекубы ўвайшоў у класічную л-ру (Эўрыпід, Дантэ, У.​Шэкспір і інш.).

Прыям і Гекуба ўзбройваюць Гектара. Размалёўка чырвонафігурнай амфары Эўфіміда. Каля 510 да н.э.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАФРАДЫ́Т,

1) у стараж. грэчаскай міфалогіі сын Гермеса і Афрадыты, юнак незвычайнай прыгажосці. У 15-гадовым узросце падарожнічаў па М. Азіі. У Карыі, калі ён купаўся ў крыніцы, німфа Салмакіда страсна закахалася ў Гермафрадыта. Але ўзаемнасці яна не дачакалася, і тады багі злілі Салмакіду з Гермафрадытам у адну двухполую істоту.

2) Індывід, які мае другасныя палавыя прыкметы абодвух полаў.

Гермафрадыт і сатыр. 1 ст. да н.э.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСПЕРЫ́ДЫ,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі 4 дачкі німфы Гесперы і Атланта, надзеленыя звонкімі галасамі. Жылі ўздоўж ракі Акіян, разам з драконам Ладонам ахоўвалі ў садзе багоў залатыя яблыкі, якія Гея падарыла Геры на яе вяселле з Зеўсам. Геракл забіў дракона і выкраў яблыкі (11-ы подзвіг). На гэты сюжэт карціны Рафаэля, Г. фон Марэ і інш.

Гесперыды. Фрагмент размалёўкі апулійскай вазы. 4 ст. да н.э.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЭ́ННЕ,

археалагічная стаянка эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Зацэнне Лагойскага р-на Мінскай вобл. У зах. частцы стаянкі непасрэдна пад мацерыком выяўлены рэчы, блізкія да ранняга этапу нарвенскай і нёманскай культур (крамянёвыя скрабкі, нажы, касцяныя наканечнікі стрэл, шматзубы гарпун, фрагменты вастрадонных гаршкоў і інш.), абломак чоўна-даўбёнкі сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Ва ўсх. частцы ў верхнім пласце знойдзена кераміка сосніцкай культуры.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАСА́ЭДР (ад грэч. eikosi дваццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 20 граней (трохвугольных), 30 рэбраў, 12 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 5 рэбраў). Калі a — даўжыня рабра І., тады яго аб’ём V = 5 12 a3 ( 3 + 5 ) 2,1817a3 . І. звязаны з дадэкаэдрам. цэнтры граней дадэкаэдра з’яўляюцца вяршынямі І. Упершыню І. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Ікасаэдр.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АБА (араб., літар. куб),

свяшчэнны храм мусульман у г. Мекка (Саудаўская Аравія). Пабудаваны ў старажытнасці каля крыніцы Земзем у форме куба, размешчанага ў цэнтры прамавугольнага двара. У знешняй сцяне з усх. вугла ніша з «чорным каменем» — метэарытам (стараж. фетыш). Да 7 ст. н.э. храм быў свяцілішчам язычніцкіх плямён Хіджаза; паводле падання, вакол яго стаялі 300 ідалаў. Пасля прызнання ісламістамі святасці К. храм — месца паломніцтва мусульман.

Кааба.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́С (ад грэч. kolossos вялікая статуя),

1) велізарная бронзавая статуя стараж.-грэч. бога Сонца Геліяса, пастаўленая ў гавані в-ва Родас і разбураная землетрасеннем у 227 да н.э. 2) Хто-н. ці што-н. выдатнае, найвялікшае па сваёй велічыні або значнасці (напр., К. навукі — выдатны вучоны).

3) К. н а гліняных нагах — што-н. агромністае, велізарнае, з выгляду велічнае, аднак унутрана слабое, няўстойлівае, нетрывалае, гатовае разваліцца.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫ,

старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.​Краса (больш за 40 тыс. чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс. чал.) адступілі за р. Еўфрат.

Кары.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)