адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл.Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.
Літ.:
Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),
навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.
Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.
Літ.:
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),
найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.
У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.Ц.Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.
Літ.:
Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс.чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).
У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен.дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і Зартыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),
умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.
У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.Кіплінга, Р.Л.Стывенсана, Э.Растана, Дж.Конрада, К.Дойла, Э.Л.Войніч, Дж.Лондана, К.Гамсуна, Г.Ібсена, Ф.Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.Бальмонта, З.Гіпіус, С.Гарадзецкага, у прозе Л.Андрэева, А.Рэмізава, Дз.Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.Караткевіча і інш.
У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.Ліста, Р.Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.Брамса, А.Брукнера, Г.Вольфа, Г.Малера, Р.Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.Рэгер, Л.Яначак, Р.Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.Абеліёвіча, Г.Гарэлавай, Я.Глебава, У.Дарохіна, А.Залётнева, У.Кандрусевіча, В.Помазава, Ф.Пыталева, Дз.Смольскага, У.Солтана, А.Соніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.
Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.
Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВКБССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).
Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССРгл. ў арт.Ордэн, Медаль.
Г.А.Маслыка.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу вайну 1812, баявыя дзеянні ўзброеных сялян, апалчэнцаў і атрадаў рас. арміі ў тыле напалеонаўскіх войск. Супраціўленне сялян чужынцам пачалося стыхійна як пратэст супраць гвалту, рабаванняў і марадзёрства. Ужо ў ліп. 1812 некат. сяляне Беларусі і Літвы з сем’ямі і маёмасцю ўцякалі ў лясы, дзе частка з іх аб’ядноўвалася ў партыз. атрады і выступала супраць франц. рабаўнікоў і марадзёраў. Больш шырока П.р. разгарнуўся ў канцы лета ў Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай губ., дзе дзейнічалі атрады Е.Чацвертака, Г.Курына, Самуся (Ф.Патапава), старасціхі В.Кожынай і інш. Толькі за 5 тыдняў пасля Барадзінскай бітвы 1812 у сутычках з партызанамі захопнікі страцілі каля 30 тыс.чал.Вял. значэнне П.р. надаваў галоўнакаманд. рас. арміяй М.І.Кутузаў, па ініцыятыве якога ў тыле ворага створаны спец. армейскія партыз. атрады. У вер. 1812 у іх складзе дзейнічала 36 казацкіх, 7 кав. і 5 пях. палкоў, 5 эскадронаў і 3 батальёны. Атрадамі камандавалі генералы і афіцэры Дз.Давыдаў, І.Дорахаў, А.Сяславін, А.Фігнер і інш. Пры садзеянні партызан-сялян яны раптоўна нападалі на акупантаў, знішчалі жывую сілу, парушалі сувязь з тылам, збіралі і перадавалі камандаванню звесткі разведкі. На тэр. Беларусі найб. значны П.р. быў ва ўсх. раёнах. Прыкладам эфектыўнай дзейнасці партызан, якія дапамагалі рас. войску, можа быць атрад сялян в. Жарцы (Полацкі пав.) на чале з М.Маркавым. Гэта вёска апынулася паміж 2 корпусамі — франц. маршала Н.Ш.Удзіно і рас.ген. П.Х.Вітгенштэйна. Усё дарослае насельніцтва сяла разам з казакамі ўдзельнічала ў 2 бітвах з захопнікамі, разам з дружыннікамі пецярбургскага і наўгародскага апалчэння вызваляла Полацк. 22 чал. з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і «Пахвальнымі граматамі». Сяляне некаторых вёсак Барысаўскага, Ігуменскага і інш.пав. нападалі на хлебазапасныя магазіны, рабавалі памешчыкаў, палілі іх маёнткі. П.р. і народнае апалчэнне ў вайне 1812 садзейнічалі разгрому арміі Напалеона, выгнанню яго з Расіі.
Літ.:
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Жилин П.А. Гибель наполеоновской армии в России. М., 1968;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988;
Кузьмичев А.П., Аверченков И.А. «Я зашел на дорогу Бонапартьеву». Смоленск, 2000.
Да арт.Партызанскі рух у вайну 1812. Напад сялян на французскіх фуражыраў. Мастак М.Дамашчанка.Да арт.Партызанскі рух у вайну 1812. Партызаны. Невядомы мастак пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1916,
Брусілаўскі прарыў 1916, наступальная аперацыя рас. армій Паўд.-Зах. фронту (каманд. А.А.Брусілаў) супраць аўстра-венг. войск 4.6—13.8.1916 у 1-ю сусв. вайну. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (Францыя, сак. 1916) рас. камандаванне планавала ў сярэдзіне чэрв. 1916 пачаць наступленне на ўсіх франтах. Паводле дырэктывы Стаўкі ад 24.4.1916 гал. ўдар павінны былі нанесці войскі Зах. фронту з раёна Маладзечна на Вільню, а дапаможныя ўдары — Паўн. фронт з раёна Дзвінска (Даўгаўпілса) на ПдЗ і Паўд.-Зах. фронт з раёна Роўна на Луцк. У сувязі з паражэннем італьян. войск у раёне Трэнціна саюзнікі папрасілі рас. бок паскорыць наступленне, якое пачалося на 2 тыдні раней запланаванага. Маючы перавагу (573 тыс.чал., 1770 гармат) рас. войскі прарвалі абарону праціўніка (448 тыс.чал., 1301 гармата) на фронце больш за 500 км і на глыбіню да 60—150 км. Наступалі 8-я, 11, 7 і 9-я арміі. З мэтай маскіроўкі напрамку гал. ўдару, які наносіла 8-я армія ген. А.М.Каледзіна на Луцкім напрамку, прарыў ажыццяўляўся ў некалькіх месцах фронту. На напрамках прарыву была створана перавага над праціўнікам: у пяхоце — у 2—2,5, у артылерыі — у 1,5—1,7 раза. У выніку аўстра-венг. арміі нанесена цяжкае паражэнне. Праціўнік страціў да 1,5 млн.чал., у т. л. 400 тыс. палоннымі (рас. войскі страцілі каля 0,5 млн.чал.); трафеі рас. арміі склалі: 581 гармата, каля 1800 кулямётаў, каля 450 бамбамётаў і мінамётаў і інш. У выніку аўстра-венг. армія да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні; была выратавана італьян. армія, бо праціўнік прыпыніў наступленне на Трэнціна; аказана значная дапамога саюзнікам (з Зах. і Італьян. франтоў перакінуты на У больш як 33 дывізіі); у вайну на баку Антанты ўступіла Румынія. Аднак Паўд.-Зах. фронт своечасова не падтрымалі інш. франты, не было дакладнага ўзаемадзеяння паміж імі. Праціўнік узмацніў абарону. Вычарпаўшы рэзервы, рас. войскі перайшлі да абароны. Гэта наступленне стала пачаткам пералому ў 1-й сусв. вайне на карысць Антанты.
Літ.:
Брусилов А.А. Мои воспоминания. М., 1963;
История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ФОНАДАКУМЕ́НТАЎу Маскве.
Засн. ў 1932 як Цэнтр. архіў гуказапісаў, з 1934 у складзе Цэнтр. фотафонакінаархіва СССР (з 1941 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР), у 1967 вылучаны як Цэнтр.дзярж. архіў гуказапісаў СССР, з 1992 сучасная назва. Зберагае маст. і дакумент. гукавыя запісы з 1898 да нашага часу. 92 фонды, 184 304 адзінкі захоўвання, у т. л. 591 васковы валік, больш за 130 тыс. грампласцінак, 1400 матрыц грампласцінак, 1100 тонфільмаў, 26 тыс. магнітных стужак, шарынафоны, лазерныя кампакт-дыскі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Дзяржтэлерадыё СССР, Усерас.дзярж. тэлерадыёкампанія «Астанкіна», кампанія «Радыё Расіі», арг-цыі па вытв-сці гуказапісаў (фірмы «Мелодыя», «Рускі дыск» і інш.) і кінапрадукцыі (Цэнтр. студыя навук.-папулярных фільмаў, Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў і інш.), дамы творчых работнікаў, грамадскія і рэліг. арг-цыі, культ.-асв. ўстановы, тэатры і інш.Асн. частка архіўных збораў — маст. запісы муз. і літ.-драм. твораў. Зберагаюцца гуказапісы ўспамінаў членаў «Народнай волі», удзельнікаў рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны; фанаграмы XX—XXVIII з’ездаў КПСС, Пленумаў ЦККПСС, XI—XXII з’ездаў ВЛКСМ, з’ездаў прафсаюзаў СССР. Значная колькасць фонадакументаў прысвечана Вял.Айч. вайне, у іх ліку ваен. рэпартажы, «гукавыя лісты» на фронт і інш. Захаваліся запісы 1941—42, дзе паведамляецца пра баявыя дзеяннібел. партызан. Партыз. рух асвятляецца ва ўспамінах У.Е.Лабанка (1965), А.Ф.Фёдарава (1965, 1968, 1975), П.К.Панамарэнкі (1975) і інш. Зберагаюцца фанаграма ўрачыстасцей у сувязі з уручэннем Брэсцкай крэпасці ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (1965), успаміны абаронцаў крэпасці (1956, 1965), фанаграма тэлеперадачы, прысвечанай 25-годдзю абароны Магілёва (1966), успаміны П.І.Батава (1972) і А.В.Гарбатава (1973) пра аперацыю «Баграціён» і вызваленне Беларусі, фанаграмы вечарын, прысвечаных вядомым военачальнікам. Ёсць фанаграма ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага 50-годдзю БССР і КПБ (1968). Развіццё культуры асвятляецца ў фанаграмах і запісах асобных выступленняў на з’ездах пісьменнікаў СССР (у т. л. Я.Коласа на 1-м з’ездзе ў 1934), мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, кінематаграфістаў, настаўнікаў і інш. Зберагаюцца запісы чытання пісьменнікамі сваіх твораў, выступленні вядомых вучоных, фанаграмы сесій і гадавых сходаў АНСССР і інш.
Літ.:
Центральный государственный архив звукозаписей СССР Очерк-путеводитель. М., 1991;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 187—190.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р, Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;