МА́ГМА (грэч. magma густая мазь),

расплаўленая, пераважна сілікатная маса, што ўзнікае ў зямной кары або верхняй мантыі Зямлі. У растворы М. прысутнічаюць злучэнні хім. элементаў, сярод якіх пераважаюць кісларод, крэмній, алюміній, жалеза, магній, кальцый, натрый і калій, а таксама лятучыя кампаненты (вада, аксіды вугляроду, серавадарод, вадарод, фтор, хлор і інш.). Асн. фактары ўтварэння магматычнага расплаву: радыягеннае цяпло, раптоўнае змяншэнне ціску пры ўзнікненні глыбінных разломаў, узыходныя цеплавыя патокі. Перыядычна М. ўтварае ачагі ў межах розных паводле саставу і глыбіннасці зон Зямлі (напр., у астэнасферы, у зонах сутыкнення і пасоўвання літасферных пліт). Па колькасці аксіду крэмнію М. падзяляюць на ультраасноўную, асноўную, сярэднюю і кіслую. Трапляюцца таксама М. шчолачная, сульфідная і інш. Пры вулканічным вывяржэнні (гл. Вулкан, Вулканізм) М. выліваецца ў выглядзе лавы, больш вязкая (кіслая) утварае ў жаролах вулканаў экструзіўныя купалы або разам з газамі выкідваецца ў выглядзе попелу. Пры хуткім застыванні на паверхні або дыферэнцыраванай крышталізацыі на глыбіні пры паступовым зацвярдзенні ўтварае комплекс магматычных горных парод. Гл. таксама Магматызм.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,

першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл. Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаў — пракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн. г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб. стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн. г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд. ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял, глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

му́льда

(ням. mulde = карыта)

1) металічная скрыня для механізаванай загрузкі шыхтавых матэрыялаў у сталеплавільную печ;

2) форма, у якую заліваюць метал, каб атрымаць злітак;

3) форма залягання слаёў горных парод у выглядзе чашы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

піво́ня

(польск. piwonia, ад фр. pivoine)

травяністая расліна сям. півоневых з вялікімі чырвонымі, ружовымі ці белымі кветкамі, пашыраная ва ўмераных і горных зонах Еўразіі, на захадзе Паўн. Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эхеве́рыя

(н.-лац. echeveria)

травяністая расліна сям. таўсцянкавых з сакаўным зялёным лісцем і чырвонымі, чырвона-жоўтымі або аранжавымі кветкамі, пашыраная ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах Цэнтр. Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтыге́нны

(гр. authigenes = мясцовага паходжання);

а-ыя мінералы — мінералы асадачных горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу на месцы намнажэння (напр. галіт, сільвін, гіпс, кальцыт, даламіт, кварц, халцэдон, палявы шпат і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

неаге́н

(ад неа- + -ген)

другі перыяд кайназою ў геалагічнай гісторыі Зямлі, які пачаўся 25 млн. гадоў таму назад і цягнуўся больш за 23 млн.гадоў, а таксама тоўшча горных парод, што адклалася ў гэты перыяд.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

шток

(ням. Stock)

1) металічны цыліндрычны прут, які злучае поршань рухавіка з паўзуном, напр. у паравой машыне, поршневым насосе;

2) адна з форм залягання горных парод, часцей масіўна-крышталічных, гіпсу, каменнай солі, радзей рудных выкапняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

галерэ́я, ‑і, ж.

1. Вузкі крыты калідор, праход, які злучае дзве асобныя часткі будынка. // Доўгі крыты калідор або балкон уздоўж сцяны дома. Вісячая галерэя. // Доўгая вузкая, адкрытая з бакоў або зашклёная пабудова, якая размешчана асобна ад жылля і прызначана для прагулак, адпачынку і пад.

2. Верхні ярус у тэатры, цырку і пад. Галерэі тэатра запоўнены гледачамі.

3. Доўгі і вузкі падземны ход у ваенных збудаваннях, горных вырабатках і пад. Падземная галерэя. □ [Дошцы] прыйдзецца ляжаць у новым доме, у моцнай столі, ці галерэю абшываць дзе-небудзь у далёкай штольні. Дудар.

4. Спецыяльна ўпарадкаванае памяшканне для выстаўкі мастацкіх твораў; мастацкі музей. Карцінная галерэя.

5. перан. Пералік, шэраг, сістэма чаго‑н. Галерэя вобразаў. □ Купала паказвае цэлую галерэю прадстаўнікоў капіталістычнага драпежніцтва. Івашын.

[Іт. galleria.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)