пры́мус, ‑а, м.
Награвальны прыбор з помпай, якая падае газу ў гарэлку. У бакоўцы ля самых дзвярэй аднастайна шыпеў прымус. Кавалёў. — Ты распраніся, памыйся ідзі, а я хуценька на прымусе згатую чаго-небудзь. Галавач.
[Ад лац. primus — першы, лепшы.]
прыму́с, ‑у, м.
Уздзеянне, якое аказваецца на каго‑н. з мэтай дамагчыся выканання чаго‑н.; прымушэнне. [Марынка] піла неахвотна, пад прымусам, але шчокі ў яе паружавелі. Хадкевіч. [Максіму Сцяпанавічу] іншы раз нават здавалася, што дочкі наогул абыякавыя да яго і калі цалуюць або хінуцца, то па прымусу. Карпаў. // Сацыяльны, класавы ўціск, прыгнёт. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот. Але з якой сапраўды тытанічнай настойлівасцю песціць ляснік думку аб набыцці ўласнай зямлі, аб вызваленні з-пад панскага прымусу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дчына, ‑ы, ж.
Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.
2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.
•••
На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).
На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
танцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што і без дап.
1. Выконваць які‑н. танец; прымаць удзел у танцы (танцах). Танцаваць вальс. □ Пайшоў танцаваць і пан падлоўчы са сваёю жонкаю. Колас. У калгасным клубе грымела радыёла, моладзь танцавала. Ваданосаў. // Умець выконваць які‑н. танец (танцы). [Пятро:] — Але лепш за ўсіх танцавалі Максім наш і Ліда доктарава. Шамякін. // Выконваць якую‑н. партыю ў балоце. Танцаваць Анежку.
2. перан. Не стаяць на месцы, пераступаць з нагі на нагу; ісці, падскакваючы (пра коней). Чорны конь пад .. [Лук’янскім] танцаваў у лёгкай хадзе. Чорны. // Рухацца (пра розныя прадметы). Бачыць [Тараска], паплавок танцуе неяк надта дробненька. Узяўся за вудзільна, падсек. Юрэвіч.
•••
Танцаваць ад печкі — пачынаць з прывычнага, простага, паўтараючы ўсе дзеянні з самага пачатку.
Танцаваць пад чыю дудку — тое, што і скакаць пад чыю дудку (гл. скакаць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шавялі́цца, ‑вялю́ся, ‑ве́лішся, ‑ве́ліцца; незак.
1. Злёгку варушыцца, прыходзіць у рух пад уздзеяннем чаго‑н. Лісты дрэў ледзь шавеляцца і ціха шапацяць, хоць ветру зусім няма. Мыслівец. // Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Параска стаяла тварам да сцяны, абапёршыся рукамі, і не шавялілася. Лобан. Чуллівыя тоўстыя губы хваравіта шавяліліся пад пушыстымі чорнымі вусамі. Паслядовіч.
2. Мітусліва перасоўвацца, знаходзіцца ў хаатычным руху. [Лёнька:] — Мы толькі слухалі, як .. [пчолы] шавеляцца і гудуць. Васілевіч.
3. перан. Праяўляць актыўнасць, ажыўляцца. Народ шавеліцца.
4. перан. З’яўляцца, узнікаць (пра думкі, пачуцці і пад.). Нейкі адказ на гэта пытанне як бы недзе шавяліўся ў Юзікавай галаве. Крапіва.
5. заг. шавялі́ся (шавялі́цеся). Разм. Ужываецца як прымус, пануканне да дзеяння ў значэнні: рабі (рабіце) што‑н. хутчэй, спяшайся (спяшайцеся), варушыся (варушыцеся). Хутчэй шавяліся!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпунт, ‑а, М ‑нце; мн. шпунты, ‑оў; м.
Спец.
1. Спецыяльны падоўжны выступ ці паз для злучэння дошак, брусоў, блокаў і пад., а таксама злучэнне такога віду, пры якім выступ адной са злучаных частак уваходзіць у паз другой часткі. У тыя пазы заходзяць шпунты другіх дошак, і, такім чынам, сценкі вулея становяцца вельмі шчыльнымі. Ваданосаў.
2. Дошка, брус, бэлька і пад., на адным канце якой зроблены падоўжны выступ, а на другім — паз. [Аспірант:] — Во, чуеш, і цыркулярка заспявала. За сасонку ўзяліся: шпунты для катлавана апілоўваюць. Брыль.
3. Спецыяльны корак, якім затыкаюць бочку з віном або півам. А .. [піва] так усхадзілася, што выбіла шпунт. Грахоўскі.
•••
Ад усіх бочак шпунт; пад усе бочкі шпунт — пра чалавека, якога калі трэба і калі не трэба пасылаюць выконваць розныя даручэнні, просьбы.
[Польск. szpunt ад ням. Spund.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экіпа́ж 1, ‑а, м.
Агульная назва лёгкіх пасажырскіх павозак. Шэсць тыдняў назад пад экіпаж.. [Норава], калі ён ехаў з дакладам да губернатара, кінулі самаробную бомбу... Мехаў. Пасадзіла.. [Эльза] мяне ў свой экіпаж — фаэтончык такі чорненькі, ён і цяпер пад паветкай у яе стаіць, я табе пакажу яго калі-небудзь, — на рысорах, колы гумовыя, — і пакаціла, павезла. Сачанка.
[Фр. équipage.]
экіпа́ж 2, ‑а, м.
1. Каманда, асабовы састаў карабля, самалёта, танка і пад. Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок [медзведзяня] цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта. Бяганская. Экіпаж танкера павязе кітабоям флатылій «Слава» і «Савецкая Украіна», што знаходзяцца цяпер у водах Антарктыкі, разнастайны груз: гародніну, бульбу, садавіну, паліва, пошту. «Звязда».
2. Берагавая воінская часць марской пяхоты, якая часта выкарыстоўваецца для папаўнення флоцкіх каманд.
[Фр. équipage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ По́бацень ’планка, якая ідзе ад загнутага канца полаза ў санях да першага капыла’ (Маслен.), пабуянь ’тс’ (ТС). Да бок (гл.); у названых формах можна бачыць захаванне архаічнага чаргавання к > //: по боце, параўн. на том боіф (XVII ст.), при боцехь (Сл. Скар.) і пад. (адносна гэтай з’явы гл. Карскі, 1. 366), гл. таксама по́буцье ’тс’ (ТС), або цоканне (пераход ч у ц), як у валацня (гл.) ад валачыць. Далей ц магло быць успрынята як першаснае і пры змене пазіцыі перайсці ў т: лабатыя (< *ло- боцня) ’бакавая вяроўка ва ўвязаным возе сена’ (ТС), не выключана, пад уплывам іншых лексем, напрыклад, пляцень ’галлё, якім заплятаюць пляцень’ — плетня ’тс’ (ТС). Параўн. падачы‑ на (гл.); суфіксацыя на ‑ень характэрна для назваў частак саней, воза і пад., параўн. пбперадзень ’вяз, якім замацоўваюцца галоўкі саней’, памарозяць ’брусок на капылах саней’ (Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пуска́ць ’перастаць утрымліваць, дазваляць пайсці, зайсці і пад.’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Варл., ТС), ’кідаць’ (Варл.), пуска́тэ ’адступаць (пра зіму)’ (малар., Нар. лекс., Сіг.); у спалучэннях: пуска́ць ікру ’нераставаць’ (ЛА, 1), пуска́ты рошч ’пачынаць расці, пайсці ў рост’ (Клім.), пуска́ць дзе́раво ’сплаўляць лес’ (навагр., Нар. лекс.), пуска́ць агіта́цыю ’агітаваць’, пуска́ць вайну́ ’пачынаць вайну’ (уздз., Жд. 3), укр. пуска́ти ’выпускаць, адпускаць, упускаць’, рус. пуска́ть ’прапускаць, адпускаць’, дыял. пуска́ть икру́ ’нераставаць’, балг. пу́скам ’вызваляць, дазваляць пайсці, зайсці і пад.’, макед. пуска ’тс’. Лічыцца новаўтварэннем у адносінах да пусці́ць (< *pustiti) у выніку другаснай імперфектывацыі (так ужо Брант, РФВ, 24, 143) па узору лушчы́ць/луска́ць і пад.; рэгулярныя формы: рус. пуща́ть, польск. puszczać, серб.-харв. пу̏штати, славен. púščati, балг. пу́щам, чэш. pouštěti, славац. púšťať, в.-луж. pušćeć, н.-луж. pušciś (< *pustjati). Гл. пусціць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пянчу́к, пяньчу́к ’пянёк, рэшткі камля ссечанага ці зламанага бурай дрэва; адно дрэва’ (ТСБМ, Нас.), пеньчучо́к ’аб’едзенае шкоднікамі сцябло бульбы’ (пух., Сл. ПЗБ). Утворана ад пень (гл.) пры дапамозе складанага інавацыйнага суфікса ‑чук, які ўзнік шляхам спалучэння суфіксальнага або каранёвага элемента ‑ч‑ (параўн. свіння > свінчо́ ’парася, парсючок’, дзеўка > дзяўчо́, плячо́ і пад.) і суфікса ‑ук, што, магчыма, звязана з пераходам назоўнікаў н. р. у м. р. пад уплывам балтыйскіх моў, дзе н. р. адсутнічае, параўн. адпаведныя дыялектныя формы дзяўчук, плячук (Грынавяцкене і інш., SOr, 39, 312). Меркаванні пра “турэцка-татарскі” характар патранімічнага суфікса ‑чук (гл. Бяднарчук, Stosunki, 120; Ліндэрт, ZPSS, 4, 81–87) не пераконваюць, бо зыходныя кампаненты названага суфікса вядомыя шырока ў славянскіх мовах, параўн. балг. Пе́търчо (памянш. ад Пе́тър) і ўласныя імёны тыпу Грыцу́к, Пятру́к і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)