уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),
1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.
2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.
Літ.:
Обшая психология. 2 изд. М., 1986;
Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.
расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).
Тв.:
Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;
К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;
О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;
Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;
Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Узеір Абдул Гусейн аглы) (17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),
азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес.муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар.арт.СССР (1938). Акад.АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац.муз.т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж.азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац.муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб.нар. песень (з М.Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.
Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л.найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб.нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб.нар. песень і інш.
Літ.:
Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;
Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон абагр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ, Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму». Дзейнічаў са жн. 1941 да ліп. 1944 у г. Дзяржынск і Дзяржынскім р-не ў Вял.Айч. вайну пад кіраўніцтвам Мінскага падп. абкома КП(б)Б і Дзяржынскага падп. райкома КП(б)Б у кантакце з Мінскім патрыятычным падполлем. Яднала 120 чал. Першая падп. група створана па ініцыятыве І.А.Жукаўца, Г.В.Будая і П.М.Хмялеўскага. Існавалі групы ў вёсках Вял. Навасёлкі, Кукшавічы, Станькава, Баравое, Касілавічы, Нявелічы, Шацілы і інш. У канцы жн. 1941 створаны Дзяржынскі антыфаш. к-т «Смерць фашызму» ў складзе Будая (кіраўнік), Жукаўца, Хмялеўскага, С.Ф.Юховіча (з вясны 1942). Падпольшчыкі збіралі звесткі аб варожым гарнізоне, карных аперацыях супраць насельніцтва і партызан, забяспечвалі падпольшчыкаў, партыз. сувязных, былых ваеннаслужачых пашпартамі, пропускамі (аўсвайсамі), вялі антыфаш. прапаганду сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газ. «Звязда», збіралі разведданыя для партызан, накіроўвалі да іх людзей, перадавалі зброю, медыкаменты, адзенне, прадукты, сарвалі намер акупантаў стварыць атрады «самааховы», выратавалі больш за 400 чал. ад вывазу ў Германію, палілі і ўзрывалі масты і эшалоны, знішчалі жывую сілу і баявую тэхніку ворага, парушалі тэлеграфна-тэлефонную сувязь і інш. У крас. 1942 на базе некалькіх падп. груп створаны партыз. атрад. Пасля арыштаў у кастр. 1942 к-т перастаў дзейнічаць, большасць падпольшчыкаў перайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБКП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.Г.Кнорын, А.І.Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.С.Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.І.Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст. партыі (А.Ф.Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя абКамуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ФРОНТ,
тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.
Літ.:
Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;
Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ.М., 1989.
Да арт.Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,
адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.
Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.
На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Літ.:
Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ.Л., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).