1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц.дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).
2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл.Нацыяналізм, Шавінізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,
вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,
баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш.тэр., а таксама Суэцкі канал і англ.ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл.Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр.Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс.чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;
Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1967—70;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група моў індаеўрапейскай сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы), якія паходзяць ад лацінскай мовы. Адзінае меркаванне пра колькасць Р.м. адсутнічае. Звычайна ў Р.м. ўключаюць: партуг., ісп., каталанскую, франц., правансальскую, рэтараманскую, італьян., сардзінскую, рум. мовы. Больш за 60 краін выкарыстоўваюць Р.м. як нац. ці афіц. мовы (у т. л.франц. — 30, ісп. — 20, партуг. — 7, італьян. — 3 краіны). Адрозніваюць 3 зоны пашырэння Р.м.: «Старая Раманія» — тэр. Еўропы, якая ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі і захавала раманскае маўленне, ядро фарміравання Р.м. (Італія, амаль уся Іспанія, Партугалія і Францыя, паўд. Бельгія, зах. і паўд. Швейцарыя, асн.тэр. Румыніі, Малдовы); пашырэнне Р.м. па-за межамі Еўропы ў выніку каланізацыі ў 16—18 ст.Паўн. і Паўд. Амерыкі, т.зв. «Новая Раманія» (ч.Паўн. Амерыкі, амаль уся Цэнтр. і Паўд. Амерыка, б.ч. Антыльскіх а-воў); краіны, у якіх у выніку калан. экспансіі Р.м. сталі афіц. мовамі, але не выцеснілі мясц. моў (значная ч. Афрыкі, невял. тэр. ў Паўд. Азіі і Акіяніі).
У параўнанні з лац. моваю Р.м. характарызуюцца эвалюцыяй у бок аналітызму. Імя згубіла катэгорыю склону (за выключэннем рум. мовы), развіла асобныя формы артыкля, дзеяслоў набыў сістэму складаных канструкцый на аснове спалучэння неасабовых форм і дапаможных дзеясловаў. У сінтаксісе тэндэнцыя да фіксаванага парадку слоў у сказе. Гіст. супольнасць Р.м. падтрымліваецца інтэграцыйнымі працэсамі шляхам запазычвання і асваення вял. колькасці лац. слоў, словаўтваральных мадэлей і сінтакс. канструкцый, а таксама ў выніку міжраманскага ўзаемаабмену, пераважна ў лексіцы. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Грамматика и семантика романских языков. М., 1978;
Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл.Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвыўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ РАЁН,
на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 23,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.
Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх.ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш. пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд.ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс.га, з іх асушаных 27,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.
Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс.км². Нас. 25,7 тыс.чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр на вышынях да 150 м. Найвыш. пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр.ч. раёна з У на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр.Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр.Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс.га, з іх асушаных 23 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в.Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1954—59.
1) Нарада 26.4—21.7.1954 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, КНР, СССР і Францыі. Разглядала пытанні мірнага ўрэгулявання ў Карэі і Індакітаі. План аднаўлення адзінства Карэі прадугледжваў правядзенне свабодных агульнакар. выбараў у Нац. сход, вывад з краіны замежных войск. ЗША і іх саюзнікі адмовіліся прыняць план, і пытанне аб Карэі не было ўрэгулявана. 20 ліп. падпісана пагадненне пра спыненне ваен. дзеянняў у В’етнаме, устанаўленне часовай дэмаркацыйнай лініі па 17-й паралелі і тэрмінах адводу ад яе войск краін, якія ваявалі, аб вывадзе з тэр. Лаоса і Камбоджы франц. войск. На тэр. В’етнама, Лаоса, Камбоджы забаранялася ствараць ваен. базы, а дзяржавам уваходзіць у ваен. саюзы. У 1955 адбыліся выбары ў Камбоджы, у 1958 — у Лаосе, выбары ў В’етнаме ў 1956 сарвалі ЗША, якія ў 1961 пачалі вайну супраць народаў Індакітая.
2) Нарада 18—23.7.1955 кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, пытанне аб еўрап. бяспецы, аб развіцці кантактаў паміж Усходам і Захадам. Зах. дзяржавы выступілі за аб’яднанне Германіі шляхам ліквідацыі ГДР і ўключэння аб’яднанай краіны ў ваен.-паліт. групоўку зах. дзяржаў. СССР выступіў супраць, падкрэсліўшы, што на тэр. Германіі існуюць 2 самаст. дзяржавы з розным грамадскім і дзярж. ладам. Сав. прапанова аб узяцці СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй на сябе абавязку не ўжываць першымі ядз. зброю была адхілена.
3) Нарада 27.10—16.11.1955 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Сав. дэлегацыя адхіліла план зах. дзяржаў аб аб’яднанні Германіі і скасаванні ГДР, унесла прапановы па еўрап. бяспецы і раззбраенні (паступовае скарачэнне ўзбр. сіл да ўзгодненых узроўняў, забарона выкарыстання ядз. зброі і інш.). Рашэнні па пытаннях раззбраення і кантактах паміж Усходам і Захадам прыняты не былі.
4) Нарада 11.5—20.6.1959 і 13.7—5.8.1959 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі і кантролю над раззбраеннем, развіццё кантактаў паміж Усходам і Захадам. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя адмовіліся прыняць сав. прапанову аб стварэнні дэмілітарызаванага вольнага горада — Зах. Берлін, але дасягнута дамоўленасць аб часовым статусе Зах. Берліна (агаворвалася колькасць узбр. сіл 3 дзяржаў, неразмяшчэнне на яго тэр. атамнай і ракетнай зброі, парадак доступу ў Зах. Берлін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАРПА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На З Украіны. Утворана 22.1.1946. Пл. 12,8 тыс.км². Нас. 1,3 млн.чал., гарадскога 41% (1996). Цэнтр — г.Ужгарад. Найб. гарады: Мукачава, Берагава, Вінаградаў, Хуст, Чоп.
Прырода. Размешчана на паўд.зах. схілах Усх. Карпат і на паўд.-ўсх. ускраіне Сярэднедунайскай нізіны. Горы займаюць каля 80% тэр. Хрыбты Водападзельны (выш. да 1693 м), Паланінскі (да 1881 м), Вулканічны (да 1081 м) выцягнуты з ПнЗ на ПдУ. Ва ўсх.ч. знаходзяцца масівы Рахаўскі і Чарнагора (г.Гаверла, 2061 м) з альпійскімі формамі рэльефу. Карысныя выкапні: буры вугаль (Закарпацкі буравугальны раён), каменная соль, ртутныя і поліметал. руды, мармур, туф, андэзіт, мінер. вада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. складае -1,7 °C на раўніне і -7,8 °C у гарах, ліп. адпаведна 19,2 °C і 13,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 600 мм на раўніне да 1400 мм у гарах. Гал. рака: Ціса (бас.р. Дунай) з вытокамі Чорная Ціса і Белая Ціса і прытокамі Цярэсва, Цярэбля, Рыка, Баржава, Уж, Латарыца. Глебы на нізінах пераважна дзярновыя і алювіяльныя, у перадгор’ях буразёмна-падзолістыя, у гарах бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць больш як 50% тэр. У перадгор’ях дубовыя і дубова-букавыя лясы, у гарах да 1100 м букавыя і мяшаныя, да 1600 м хвойныя, вышэй альпійскія лугі (паланіны), якія выкарыстоўваюцца як паша. На тэр. З.в. Карпацкі запаведнік.
Гаспадарка індустрыяльна-агр. тыпу з развітой сферай турызму і санаторна-курортнага лячэння. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (прыборы, станкі, электрарухавікі), лясныя і дрэваапр. (мэблевая, фанерная, цэлюлозна-папяровая, лесахім.), харчасмакавая (вінаробчая, агароднінакансервавая, мясная, масласыраробчая, мукамольна-крупяная, тытунёвая), лёгкая (трыкатажная, футравая, абутковая, швейная). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельна-чарапічная, каменедрабільная, кар’еры па здабычы туфу, мармуру). Здабыча бурага вугалю, каменнай солі. Народныя маст. промыслы (вырабы з дрэва, саломы, лазы, маёлікі). Ужгарадская і Рахаўская ЦЭС, Цярэбле-Рыкская ГЭС. На раўніне пасевы пшаніцы, кукурузы. Вінаградарства, пладаводства. Вырошчваюць агародніну, бульбу, з тэхн. культур — тытунь, сланечнік. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. У перадгор’ях авечкагадоўля. Пчалярства. Па тэр.вобл. праходзяць чыгункі Чоп—Мукачава—Львоў, Чоп—Ужгарад—Львоў, Чоп—Рахаў—Івана-Франкоўск, аўтадарогі Ужгарад—Мукачава—Львоў, Ужгарад—Перачын—Львоў, Ужгарад—Рахаў—Івана-Франкоўск; нафтаправод «Дружба» і 3 газаправоды. Турызм. Закарпацкая і Сваляўская групы курортаў, курорт Сіняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 24.3.1960). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 32 тыс.чал. (1997; без г. Калінкавічы), гарадскога 5,3%. Сярэдняя шчыльн. 11,4 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Калінкавічы; г.п.Азарычы, 130 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Бярозаўскі, Вялікааўцюкоўскі, Гарбавіцкі, Гарочыцкі, Даманавіцкі, Дудзіцкі, Зеляноцкі, Казловіцкі, Капліцкі, Крукавіцкі, Ліпаўскі, Малааўцюкоўскі, Міхнавіцкі, Нахаўскі, Прудоцкі, Савіцкі, Сыродскі, Хобненскі, Чкалаўскі, Шыіцкі, Юравіцкі, Якімавіцкі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да зоны з перыяд. кантролем аднесена 66 нас. пунктаў (19,2 тыс.чал.), да зоны пражывання з правам адсялення — 12 нас. пунктаў (3,3 тыс. чал); з абароту выведзены 3157 гас.-г. угоддзяў.
Раён размешчаны ў межах Прыпяцкага (зах.ч.) і Гомельскага (паўн. і ўсх. часткі) Палесся. Паверхня пераважна нізінная. На ПдУ Юравіцкае ўзвышша. 99% тэр. на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 167,5 м (на У ад в. Юравічы). Карысныя выкапні: нафта, торф, мінер. фарбы, гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 575 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. На ПдУ працякае р. Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа (з Вішай), Ненач, Закованка, Віць. Найб.меліярац. каналы: Ненач, Абедаўка, Гарочыцкі, Дубнянская канава. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (34,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,4%) і дзярнова-падзолістыя (22,5%). Пад лесам 50,4% тэр. Пашыраны хваёвыя і бярозавыя лясы. Балоты займаюць 2,4% тэр.; найб. з іх Васілевічы-2, Іпа-Вішанскае, Сухавіцкае і Вял. Мох.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 107 тыс.га, з іх асушаных 54,2 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 21 калгас, 11 саўгасаў, 5 дапаможных і 20 фермерскіх гаспадарак, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу і кармавыя культуры. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Жлобін—Оўруч (Украіна) і Гомель—Лунінец, аўтадарогі Гомель—Брэст, Бабруйск—Оўруч, нафтаправод «Дружба», газаправод. У раёне 24 сярэднія, 16 базавых, 6 пач. школ, 1 школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры, 24 клубы, 6 бальніц, амбулаторыя, радзільны дом, 46 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба з пейзажным паркам (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ліпава, касцёл і калегіум езуітаў (1717—46) у в. Юравічы. Помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці (1965). Выдаецца газ. «Калінкавіцкія навіны».