фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.
Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.
Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б.ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн.га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.
Літ.:
Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;
Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.
Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),
творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.
Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.Бірзеніек, скульпт. К.Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.Пенгюсон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.Вучэціч і інш., арх. Я.Белапольскі і інш.) і інш.
На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл.Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял.Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в.Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.Заржэцкі, інж. М.Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл.«Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.Андрэеў, А.Крохалеў, А.Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.Левін, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл.«Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. А.Градаў, Г.Заборскі, Левін), Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш.Іл.гл. да арт.Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia),
Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia), дзяржава ў цэнтр. і ўсх.ч.Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км². Нас. 129,7 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.
Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км, раскіданы ў зах.ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн.км². Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.
На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км², на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км². У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс.ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.Олтэр, у 1997 — Я.Нена. Член ААН з 1991.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч. культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн.кВт∙гадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т. л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн.дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц. промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),
уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км²), а-воў Луаятэ (2 тыс.км²) і інш.Пл. 19,1 тыс.км². Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РА І ЧАСу фізіцы,
фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.
Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл.Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч: тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл.Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.
Літ.:
Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;
Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;
Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;
Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ М., 1985;
Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГЕСТА́Н, Рэспубліка Дагестан,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчаны ва ўсх.ч.Паўн. Каўказа, на У абмываецца Каспійскім м.Пл. 50,9 тыс.км². Нас. 2067 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 38,3 чал. на 1 км². Жывуць аварцы (27,5%), даргінцы (15,6%), кумыкі, лезгіны, лакцы, рускія, азербайджанцы, чэчэнцы, і інш. Сталіца — г.Махачкала. Найб. гарады: Дэрбент, Хасавюрт, Буйнакск, Ізбербаш, Кізілюрт, Каспійск, Кізляр.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. Дагестана падзяляецца на 4 часткі. Нізінная частка на ПдУ, ляжыць на выш. -28 м. ПдЗ Прыкаспійскай нізіны падзяляецца на Церска-Кумскую, Церска-Сулакскую і Прыморскую нізіны. Перадгор’і складаюцца з асобных хрыбтоў паўн.-зах. і паўд.-ўсх. распасцірання, падзелены шырокімі далінамі і катлавінамі. Унутраны горны Дагестан — сучляненне шырокіх плато (Арактау, Гунібскае, Хунзахскае і інш.) і вузкіх грабянёў выш. да 2500 м (хр. Салатау, Гімрынскі і інш.). Высакагорны Дагестан уключае Галоўны, ці Водападзельны, і Бакавы хрыбты Вял. Каўказа (выш. да 4466, г. Базардзюзю). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, кварцавыя пяскі, буд. матэрыялы (вапнякі, мергелі, даламіты, гіпс, мармур і інш.), радовішчы вугалю, гаручых сланцаў, серы, фасфарытаў, салетры, жал. руды. Шматлікія мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, сухі, на прыморскіх нізінах субтрапічны, сухі, у гарах — вобласці высакагорнага клімату. Сярэдняя т-растудз. ад 1,4 да -11 °C (у гарах), ліп. да 24 °C; ападкаў 200 — 800 мм за год. Гал. рэкі Церак, Сулак і Самур. Больш за 100 азёр, ёсць гразевыя. Глебы на нізінах каштанавыя, участкі саланчакоў, у гарах — горнастэпавыя, горна-лясныя бурыя і горналугавыя. На раўнінах расліннасць паўпустынная і пустынная, у перадгор’ях стэпавая, у гарах на выш. 500—1600 м шыракалістыя (дуб, бук, граб) і мяшаныя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет разнастайны: у высакагор’ях — дагестанскі тур, безааравы казёл, казуля, серна, буры мядзведзь, высакародны алень, рысь, воўк; у перадгор’ях — рысь, дзік, барсук, куніца; на нізінах — сайгакі, стэпавы тхор, суслік, тушканчык; з птушак — арол стрэпет, каршак, драфа і інш.; у зарасніках поймаў — чаротавы кот, каўказскі фазан, лебедзі, чаплі і інш. На тэр. Дагестана запаведнік Дагестанскі і 12 заказнікаў.
Гісторыя. Тэр. Дагестана заселена чалавекам з эпохі палеаліту. З канца 1-га тыс. да н.э. ўваходзіла ў склад Албаніі Каўказскай. У 3 ст.н.э.Пд Дагестана занялі Сасаніды, у 4 ст.паўн.ч. захапілі гуны. У 5 ст. на тэр. Дагестана пашырыўся алб. алфавіт. У 7 ст. раўнінная ч. Дагестана ўвайшла ў Хазарскі каганат. З 664 Дагестан неаднаразова спусташалі арабы, якія ў 1-й пал. 8 ст. заваявалі яго (гл.Арабскія заваяванні). У пач. 9 ст. тут узмацніліся антыараб. выступленні, у т. л.Бабека паўстанне. У 10—11 ст. высокага ўзроўню дасягнулі буд. тэхніка, прыкладное мастацтва, культура, у 1106 складзена «Гісторыя Дагестана, Шырвана і Арана». У канцы 12 ст. на тэр. Дагестана існавалі дзярж. ўтварэнні: Аварскае ханства, Казікумухскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства і інш. У пач. 13 ст. заваяваны мангола-татарамі; войскі Узбека, Тахтамыша і Цімура неаднаразова спусташалі гарады, садзейнічалі пашырэнню ісламу. З пач. 16 ст. да 1-й пал. 17 ст. Дагестан падвяргаўся бесперапыннай агрэсіі Ірана і Турцыі, якія змагаліся за ўплыў на Каўказе. У 16 ст. наладжаны сувязі Дагестана з Расіяй, на Пн Дагестана ўзнік рус. горад Церкі. У 1-й пал. 17 ст. ў падданства Расіі перайшлі Таркоўскае шамхальства, Кайтагскае уцмійства, Аварскае і Казікумухскае ханствы, у 1772 — марское ўзбярэжжа Дагестана, аднак паводле Гянджынскага трактата 1735 яны адышлі да Ірана. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 Дагестан далучаны да Расіі. Калан. палітыка царызму не раз выклікала стыхійныя выступленні горцаў. У час Каўказскай вайны 1817—64 антыкалан. рух узмацніўся, але быў задушаны. У пач. 19 ст. створана дзяржава мюрыдаў імамат, куды ўвайшла значная ч. Дагестана, разгарнуўся нац.-вызв. рух, які з 1834 узначаліў Шаміль. У 1860 утворана Дагестанская вобласць. Уладзікаўказская чыгунка ў 1890-я г. злучыла Дагестан з цэнтрам Расіі, з Баку і Грозным. 14.12.1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918—20 захоплены ням. і тур. войскамі. 20.1.1921 утворана Даг. АССР у складзе РСФСР. У снеж. 1921 1-ы Устаноўчы з’езд Дагестана прыняў канстытуцыю Даг. АССР. У маі 1991 Вярх. СаветДаг. АССР абвясціў незалежнасць і прыняў новую назву — Рэспубліка Дагестан, у 1992 падпісаў федэратыўны дагавор з РСФСР.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: здабыча нафты і газу, машынабудаванне і металаапрацоўка (сепаратары, тэрмічнае і электратэхн. абсталяванне, станкі, прыборы, экскаватары; суднарамонт і інш.), харч. (плодаагародніннакансервавая, вінаробная, рыбная і інш.), хім. (солі фосфару, шкловалакно, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (шарсцяная, трыкат., абутковая); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Чыркейская, Чыр’юрцкая і Гергебільская ГЭС. Асн.прамысл. цэнтры: Махачкала, Дэрбент, Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт, Кізляр, Кізілюрт, Буйнакск. У горных раёнах — нар. промыслы (чаканка, дыванаткацтва, вытв-сць керамікі, разьба па дрэве і камені, інкрустацыя косцю і перламутрам, ювелірныя вырабы). Пасевы збожжавых (пшаніца, рыс) і кармавых культур, сланечніку. Развіта вінаградарства. Агародніцтва. Пладаводства. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Па тэр. Дагестана праходзяць чыгункі і аўтадарогі Масква—Махачкала—Баку, Махачкала—Грозны. Аэрапорт. Суднаходства па Каспійскім м. Нафтаправоды Дэрбент—Грозны, Ізбербаш—Махачкала, газаправоды Сельі—Дагестанскія Агні, Хошмензіл—Дэрбент. Буйны марскі порт — Махачкала. Курорты: Каякент, Манас, Талгі Дагестана — раён турызму.
Літаратура. Л-ра Дагестана развіваецца на аварскай, даргінскай, кумыкскай, лакскай, лезгінскай, нагайскай, табасаранскай, тацкай і інш. мовах. Багатая вусная нар. творчасць народаў Дагестана — эпічныя і лірычныя песні, казкі, паданні, легенды. У цыкле гераічных песень (лакская «Парту Паціма», кумыкская «Песня пра Айгазі», «Картгачак», аварская «Песня пра Хачбарэ» і інш.) адлюстраваны працяглы (да сярэдзіны 19 ст.) перыяд каўк. войнаў. У фалькл. творах (казках, гераічным эпасе, гіст. песнях) сустракаюцца матывы песень і казак народаў Паўн. Каўказа, Азербайджана і Грузіі, Сярэдняй Азіі, Б.Усходу. Першыя публікацыі фалькл. твораў народаў Дагестана з’явіліся ў 19 ст. Вытокі л-ры Дагестана ў л-ры хрысціянскай Каўказскай Албаніі, а таксама краін Блізкага і Сярэдняга Усходу. З 10—11 ст. на арабскай, фарсі і цюркскіх мовах ствараліся агіяграфічныя помнікі: «Гісторыя Абу-Мусліма», хронікі «Гісторыя Дэрбента і Шырвана», «Дэрбент-наме» і інш. У 17 — 18 ст. пачалі развівацца дэмакр. элементы мясц.нац. культуры. У пісьмовай л-ры пачаўся перыяд «двухмоўных» аўтараў, якія пісалі на араб. і роднай мовах; пачаў вывучацца нац. фальклор. Вял. значэнне мела стварэнне на аснове араб. графікі пісьменнасці «аджам» (18 ст.). З 19 ст. развіваецца шматмоўная л-ра Дагестана. Яе заснавальнікі — аварскі паэт Махмуд з Кахаб-Роса, лезгінскі Ецім Эмін, даргінскі Батырай, кумыкскі Ірчы Казак. Традыцыі шматжанравай пісьмовай л-ры народаў Дагестана развівалі Г.Цадаса, Сулейман Стальскі, М.-Э.Асманаў, З.Гаджыеў, Н.Батырмурзаеў, З.Батырмурзаеў, А.Гафураў, Э.Капіеў, Р.Нураў, А.Аткай, А.Магамедаў, А.Аджыеў і інш. Пашыраюцца тэматычныя і жанравыя межы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі. Новымі жанрамі ўзбагацілі л-ру Н.Батырмурзаеў (аповесць), Сулейман Стальскі (гімны, паліт. эпіграмы), А.Фатахаў (паэма, раман у вершах), А.Салаватаў (гераічная драма), М.Бахшыеў (раман), С.Абдулаеў (нарыс). У драматургіі ўзніклі жанры гераічнай і быт. драмы, лірычнай і сатыр. камедыі, вадэвіля (Нураў, Гаджыеў і інш.). У гады Вял.Айч. вайны шырокую вядомасць набылі творы лакскіх паэтаў Ю.Хапалаева, Гафурава, Б.Рамазанава, празаіка Капіева, з’явіліся першыя вершы аварскага паэта Р.Гамзатава. Для пасляваен. л-ры характэрны зварот да гіст. мінулага, сучасныхсац. і маральна-этычных праблем, тэматычная маштабнасць, разнастайнасць маст. формаў, стыляў, жанраў, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць. Прыкметнай з’явай у л-ры 1950—70-х г. стала творчасць табасаранскага пісьменніка М.Шамхалава, тацкіх пісьменнікаў Бахшыева, Х.Аўшалумава і інш. Значны ўклад у сучасную л-ру Дагестана ўносяць Гамзатаў, Хапалаеў, Ф.Аліева, К.Абу-Бакар, Муса Магамедаў, Мірза Магамедаў, Р.Рашыдаў, М.Гаірбекава і інш. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства, літ. крытыка. На мовы Дагестана перакладзены асобныя творы П.Броўкі, А.Куляшова, Э.Агняцвет, на бел. мову творы Сулеймана Стальскага, Гамзатава і інш. перакладалі Я.Колас, Я.Купала, А.Астрэйка, А.Бачыла, У.Караткевіч, Р.Няхай, А.Лойка і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпохі бронзы і энеаліту захаваліся рэшткі паселішчаў (Верхні Гуніб, Гінчы) з тэрасападобным размяшчэннем дамоў, паглыбленых у схіл гары, блізкіх да сучасных аулаў. Каля г. Ізбербаш адкрыта раннесярэдневяковае гарадзішча Урцэкі з рэшткамі магутных крапасных сцен, дамоў з каналізацыяй, лазняў, храмаў агню і інш. Да 5 і 6 ст. адносяць сырцовыя і каменныя ўмацаванні абарончай сістэмы «Дагбары» («Горная сцяна»), у архітэктуры якой відавочны ўплыў дойлідства сасанідскага Ірана. З араб. заваяваннем (8 ст.) і пашырэннем ісламу ў паўд. Дагестане з’явіліся мусульм. культавыя будынкі: 3-нефавая Джума-мячэць у Дэрбенце (8 ст.), мячэці 11—13 ст. у паселішчах Калакарэйш, Рыча і інш. У сярэдневякоўі сфарміраваліся горныя паселішчы — аулы, якія станавіліся цэнтрамі развіцця рамёстваў, будаваліся каменныя арачныя масты, акведукі, маўзалеі. У Дэрбенце складваецца мясц.арх. школа (вароты Орта-Капы, 14—15 ст., Кырхляр-мячэць і ханскі палац, 17 — 18 ст.). Узводзіліся крэпасці для рус. гарнізонаў (умацаванне Пятроўскае, цяпер г. Махачкала). У пач. 20 ст. будаваліся новыя гарады (Каспійск, Ізбербаш, Хасавюрт) і рэканструяваліся старыя. У 1920-я г. ў Махачкале ствараліся будынкі ў духу канструктывізму (паштамт), у 1930-я г. — у класічных формах (гасцініца «Дагестан»), Для архітэктуры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны зварот да традыц.арх. формаў, дэкар. дэталей і арнаменту.
Са стараж. часоў (неаліт, эпоха бронзы) пашыраны разьба па камені, размаляваная кераміка, бронзавае ліццё, чаканка па медзі, ювелірная справа. У лезгінскіх паселішчах Кала і Іспік выраблялі паліваную бірузовую кераміку з цёмна-карычневай размалёўкай (12—14 ст.). Шырока вядомы ювелірныя вырабы і багата аздобленая зброя (аул Кубачы), кераміка (аул Балхар), драўляныя вырабы з інкрустацыяй металам і бісерам (аул Унцукуль), чаканныя вырабы з медзі (аул Гацатль), дываны, цыноўкі і інш.Традыц. відамі дэкар.-прыкладнога мастацтва займаюцца і сучасныя майстры: І.А.Абдулаеў, А.Абдурахманаў, Р.Аліханаў, П.Амірханава, Г.Магамедаў, Х.Мамаева, З.Умалаева і інш. Пачынальнікі выяўл. мастацтва Дагестана — жывапісцы М.Джэмал, Ю.Малаеў, М.Юнусілаў, скульпт. Х.Аскар-Сарыджа. У апошнія дзесяцігоддзі ў Дагестане актыўна працуюць жывапісцы-станкавісты А.Аўгустовіч, В.Гаркоў, Х.М.Курбанаў, манументалісты Г.Камбулатаў, Ш.Шахмарданаў, графікі браты Гасан і Гусейн Сунгуравы, К.Мурзабекаў, С.Салаватаў, А.Шарыпаў, скульпт. Г.Гейбатаў, А.Ягудаеў і інш.
Літ.:
Марковин В.И. Дорогами и тропами Дагестана. [2 изд.], М., 1988;
Искусство Дагестана: Альбом. М., 1981.
Г.С.Смалякоў (прырода, гаспадарка), А.У.Сянькевіч (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Дагестан. Фрагмент вясельнага жаночага ўбрання. 1-я пал. 19 ст.Да арт.Дагестан. Хунзахскае плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел.трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел.тру́сіха, цэнтр.-бел.трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел.тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр.трусь, трус ‘кролік’; рус.трус ‘тс’ (Даль), польск.trusia, truś ‘тс’, ст.-польск.truśka ‘кральчыца’, славац.trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл.*trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр.трус, рус.трус, польск.trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл.дыял.*trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр.труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11–17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж.tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж.truchły ‘баязлівы’, лат.traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр.трусь-трусь ‘тс’, рус.трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск.truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).
Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел.трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр.трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав.трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус.трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус.трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб.тру̂с, харв.trûs ‘землятрус’, балг.(земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав.трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл.*trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав.у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск.trzęsienie ziemi, чэш.zemětřesení, рус.землетрясение, балг.земетресене і земетръ́с, макед.земјотрес, серб.зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).
Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.
Трус4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус.смал.трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг.тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл.*trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.
Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр.тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус.трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).