ПАПЛА́ЎСКАЯ (Наталля Мікалаеўна) (н. 19.1.1931, г. Саратаў, Расія),

бел. графік. Жонка Г.Г.Паплаўскага. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Творы вызначаюцца казачна-паэт. інтэрпрэтацыяй сюжэтаў, зваротам да фалькл. матываў, тэматыкі нар. жыцця. Аўтар цыклаў «Палессе» (1967), «Прырода і дзеці» (1968), «Музей прыроды» (1972—91), «Помнікі гісторыі і архітэктуры» (1977—89), «Браслаўскія матывы» (1975, 1977—78, 1981—84), «Браслаўшчына», «Літва» (абодва 1981—82), «Гарадок у снезе», «Браслаўская восень», «Прагулка ў Зарасаі» (усе 1984), літаграфій «Чарнічка» (1969), «Сям’я» (1970), «Дзядок», «Залатая яблынька», «Пастушок» (усе 1971) і інш. Аформіла выданні бел. нар. казак «Музыка-чарадзей», «Лёгкі хлеб» і інш. (усе 1969), «Ладачкі-ладкі» В.​Віткі (1977, у сааўт.), «Дрэва кахання» (1980, з Паплаўскім), творы Р.​Кіплінга, Ш.​Перо і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Іл. гл. таксама да арт. Літаграфія.

Н.​П.​Марчанка.

Н.Паплаўская. Сям’я. 1970.

т. 12, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ЛІТАРАТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1-й пал. 1880-х г. ў Мінску. Арганізатар А.​Сакалоў, старшыня К.​Дзіберг. Аб’ядноўвала аматараў музыкі і л-ры. Статут (зацверджаны 24.9.1880) прадугледжваў пашырэнне муз. адукацыі, адкрыццё муз. школ, развіццё муз. мастацтва, падтрымку кампазітараў і выканаўцаў і інш. Т-ва ўключала літ., хар., арк. і драм. секцыі. Наладжвала канцэрты, у якіх сімф. аркестр выконваў творы І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Дж.​Расіні, Ф.​Абера і інш., муз. вечарыны, лекцыі. Грашовыя сродкі складаліся з узносаў правадзейных членаў т-ва і членаў-наведвальнікаў. У рабоце т-ва ўдзельнічалі музыканты: скрыпачы М.​Ельскі, В.​Нядзведскі, Л.​Ступель, піяністы А.​Марбург, К.​Пелегрыні і інш. Дзейнасць т-ва асвятлялася ў «Минских губернских ведомостях», у польскім перыяд. друку, у т. л. ў час. «Echo Muzyczne» («Музычнае рэха»).

Літ.:

Капілаў А.Л. Музычнае таварыства ў Мінску // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4.

А.​Л.​Капілаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,

помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАШО́Ў (Віктар Мікалаевіч) (н. 27.7.1935, г. Кранштат Ленінградскай вобл.),

расійскі і бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1961). З 1977 на Беларусі. Працуе ў станковай, манум. і мемар. скульптуры. Для творчасці характэрны лепшыя традыцыі рэаліст. мастацтва, глыбокія партрэтныя характарыстыкі вобразаў, вытанчаная мадэліроўка і абагульненасць форм. Сярод твораў «Пецька Спічкін» (1959), «Маці» (1964), «Міша Мароз» (1978), «Генерал Карбышаў» (1984), «Народны артыст Беларусі З.​Бабій» (1995), партрэты П.​Яршова (1975), М.​Лужаніна (1983), П.​Шыянка (1984), мемар. дошкі З.​Бабію, А.​Кавалёву, Ф.​Гахаву ў Мінску, помнікі Дз.​І.​Салуніну ў г. Беламорск (1958), Дз.​Карбышаву ў г. Цюмень (1968; абодва Расія), П.​Кавалёву ў г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. (1989) і інш. Аўтар герба Беларусі для Дома ўрада (1997).

Літ.:

Чаркина Г.И. Виктор Мурашов. Л., 1986.

Л.​Я.​Дзягілеў.

В.Мурашоў. Народны артыст Беларусі З.​Бабій. 1995.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Ганцавічы. За 18 км на Пд ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Райтанаў. 254 ж., 131 двор (1999). Б-ка, аптэка, магазін Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўскі касцёл (1908), мемар. капліца (1848).

Упамінаецца ў крыніцах з 15 ст. Да 1483 вядома як сяло Нядзведзічы, што належала віленскаму біскупу. У 1558 мястэчка Нядзведзічы, цэнтр воласці ў Навагрудскім пав., 31 двор. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886 мястэчка М. — цэнтр воласці: 350 ж., 29 двароў, школа, касцёл, капліца, яўр. малітоўны дом, вадзяны млын, крама. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на. З 16.7.1954 у Мініцкім с/с (з 4.6.1979 Ганчароўскі с/с). Цяпер у складзе племсаўгаса «Ганчароўскі».

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 14—17 ст. з г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 14 ст. выраблялі кафлю з цыліндрычным тулавам і круглым вусцем, у 15 ст. — гаршковую з крыжападобным, сэрцападобным і трохвугольным вусцем, у 15—16 ст. — невысокую гаршковую з прамавугольным вусцем і дном, аздобленым рэльефнымі кругамі. Кафля 16—17 ст. мела прамавугольную вонкавую пласціну з рамкай па краі і румпу выш. 7—9 см. Паводле прызначэння падзялялася на сценную, карнізную, фрызавую, вуглавую, а таксама «каронкі» і «гарадкі», якімі завяршалі печы. У яе дэкоры былі пашыраны геам. (квадраты, ламаныя лініі), расл. (званочкі, валошкі, ружы, рамонкі), геральдычныя (гербы і манаграмы ўладальнікаў) арнаменты, выявы анёлаў, грыфонаў і інш., на кафлі 17 ст. — «дывановы» арнамент са стылізаваным расл. узорам.

Літ.:

Панічава Л.Р. Навагрудская кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

А.​А.​Трусаў.

Да арт. Навагрудская кафля. Паліваная кафля з малюнкам дывановага тыпу. 17 ст.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬНІКО́ЎСКАЯ (Вольга Мікалаеўна) (н. 14.9.1921, г. Сасава Разанскай вобл., Расія),

расійскі археолаг. Канд. гіст. н. (1965). Скончыла Маскоўскі ун-т (1946). З 1946 працуе ў Ін-це археалогіі Рас. АН. У 1951—61 вывучала помнікі археалогіі паўд.-ўсх. Беларусі (Борхаў, Гарошкаў, Глыбаў, Калочын, Мілаград, Мохаў і інш.). На іх падставе вылучыла мілаградскую культуру. Даследавала абарончыя ўмацаванні, жытлы, гасп. пабудовы і вырабы прыкладнога мастацтва гэтай культуры, вызначыла культ. гандл. сувязі носьбітаў культуры з інш. плямёнамі. Распрацавала пытанні храналогіі культуры, звязала яе насельніцтва з неўрамі, якіх лічыць славянамі.

Тв.:

Древнейшие городища Южной Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АН СССР. М., 1957. Вьш. 70;

Могильник милоградской культуры в дер. Горошков в Южной Белоруссии // Сов. археология. 1962. № 31;

О взаимосвязи милоградской и зарубинецкой культур в Южной Белоруссии // Там жа. 1963. № 1;

Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),

кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.​Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.​Мендэльсонам, Ф.​Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.

Літ.:

Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.

А.​І.​Ахвердава.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.

Літ.:

Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гістары́чны

(гр. histonkos)

1) які належыць да гісторыі, важны з пункту погляду ролі, якую выконваў ці выконвае ў развіцці жыцця грамадства або прыроды (напр. г. працэс, г-ая падзея);

2) які рэальна існаваў, не выдуманы (напр. г. факт);

3) звязаны з пэўным этапам у развіцці грамадства, не вечны, пераходны (напр. г-ая каіэгорыя);

4) які адносіцца да часу, ад якога захаваліся рэчавыя помнікі (напр. г-ая пара жыцця народа);

5) які апіраецца на гісторыю як на метад пазнання, даследавання, вывучае з’явы ў іх паслядоўным развіцці;

6) які апісвае людзей або падзеі мінулага (напр. г. раман).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)