ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),

падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусі найб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).

Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Парамфістамататы. Парамфістам іхікавеі.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКІЯ ЧЭ́РВІ, пляскатыя чэрві (Plathelminthes),

тып беспазваночных жывёл. 4(9) кл., найб. шматлікія з іх раснічныя чэрві, стужачныя чэрві, трэматоды; больш за 12,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Раснічныя чэрві жывуць у марскіх і прэсных водах, на сушы, астатнія — вонкавыя ці ўнутр. паразіты жывёл і чалавека. Сярод іх бычыны і свіны цэпні, смактун пячоначны, эхінакок і інш. ўзбуджальнікі гельмінтозаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 30 м. Цела двухбаковасіметрычнае, плоскае. Маюць суцэльны або з асобных членікаў скурна-мышачны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры, запоўнены парэнхімай, у якой размешчаны ўнутр. органы. Нерв. сістэма ў выглядзе парных гангліяў і падоўжных нерв. ствалоў; выдзяляльная — накшталт канала. Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма. Пераважна гермафрадыты, развіццё прамое або з ператварэннем у свабодна жывучых, складанае з чаргаваннем пакаленняў і зменай гаспадароў у паразітаў (апрача монагенетычных смактуноў).

А.​М.​Петрыкаў.

Плоскія чэрві: 1, 2 — полікладзіда; 3 — біпаліум; 4 — эўполія.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. privatus прыватны),

набыццё фізічнымі і юрыдычнымі асобамі права ўласнасці на аб’екты, якія належаць дзяржаве. На Беларусі ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы і продажу. У выніку П. дзяржава поўнасцю або часткова страчвае права валодання, карыстання і распараджэння гэтай уласнасцю, а дзярж. органы — непасрэднага кіравання ёю. Аб’ектамі П. з’яўляюцца: жыллё, прадпрыемствы і іх падраздзяленні, абсталяванне, будынкі і збудаванні, патэнты, паі, акцыі, ліцэнзіі, інш. матэрыяльныя і нематэрыяльныя актывы, долі дзяржавы і адм.-тэр. утварэнняў у капітале акц. т-ваў і інш. аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Суб’ектамі П. могуць быць: грамадзяне краіны, юрыд. асобы, прац. калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства. П. рэгулюецца Законам «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 19.1.1993 і інш. заканадаўствам. Прававыя асновы П. накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, забеспячэння рэальнай разнастайнасці форм уласнасці і ажыццяўлення дзярж. антыманапольнай палітыкі. Гл. таксама Дэнацыяналізацыя.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІГО́РСК,

горад у Стаўрапольскім краі, у Расіі. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на Стаўрапольскім узв., на р. Падкумак (прыток р. Кума) і схілах гор Машук і Гарачая. 133 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, металаапр., харчасмакавая, хім., лёгкая. 2 ВНУ. Тэатр. Краязн. музей. Музей-запаведнік М.​Ю.​Лермантава. Арх. помнікі: Лермантаўскія ванны (1826—31), альтанка «Эолава арфа» (1828), «Грот Дыяны» (1830—31). Бальнеатэрапеўтычны і гразевы курорт з групы Каўказскіх Мінеральных Вод. Вядомы з пач. 19 ст. Клімат кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. крыніцы з вуглякісла-серавадароднымі, радонавымі, вуглякіслымі гідракарбанатна-хларыдна-сульфатна-натрыева-кальцыевымі (нарзан) водамі (на пітное лячэнне і ванны). Пашырана тэрапія глеевай граззю Тамбуканскага воз. Лечаць органы руху, захворванні страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, кровазвароту, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, хваробы скуры і інш., таксама дзіцячыя хваробы, якія ўзніклі ў выніку родавай траўмы. НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

юрыды́чны

(лац. iuridicus = судовы)

1) звязаны з прававымі нормамі і іх практычным прымяненнем (напр. ю-ая дапамога);

2) звязаны з вывучэннем права (напр. ю-ая адукацыя);

3) які мае адносіны да арганізацыі работы ў галіне права (напр. ю-ая кансультацыя, ю-ыя органы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУЛЬБАСАДЖА́ЛКА,

машына для механізаванай пасадкі бульбы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Бываюць 2-, 4- і 6-радковыя, з лыжкава-дыскавым, элеватарным, стужачна-лыжкавым і раменным тыпамі высаджвальнага апарата. Высаджваюць бульбу ў грабяні, якія бульбасаджалкі ўтвараюць самі, або ў папярэдне нарэзаныя.

Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца бульбасаджалкі з лыжкава-дыскавымі высаджвальнымі апаратамі, рабочыя органы якіх прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асобныя іх тыпы маюць бункеры для загрузкі пасадачнага матэрыялу з самазвальных трансп. сродкаў, прыстасаваны для пасадкі прарослых клубняў. «Лідсельмаш» выпускае 2- і 4-радковыя бульбасаджалкі з элеватарным высаджвальным апаратам (Л-201, Л-202). Навясная бульбасаджалка Л-202 можа выкарыстоўвацца пры наяўнасці глебавых дамешкаў у пасадачным матэрыяле і без жорсткіх патрабаванняў да каліброўкі клубняў. Прывод рабочых органаў — ад хадавых колаў. Прадукцыйнасць 1,25—2.4 га/гадз.

Л.​Я.​Сцяпук

Тэхналагічная схема бульбасаджалкі Л-202: 1 — стойка сашніка; 2 — сашнік; 3 — высаджвальны апарат; 4 — бункер; 5 — засланка бункера; 6 — сілкавальны бункер; 7 — круглазвенны ланцуг; 8 — баразназакрывальнік.

т. 3, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ВРК БССР),

надзвычайны вышэйшы орган сав. улады на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1920. Утвораны ў Мінску на базе Мінскага губ. ВРК у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31.7.1920. У яго ўвайшлі А.​Р.​Чарвякоў (старшыня), А.​І.​Вайнштэйн, У.​М.​Ігнатоўскі, В.​Г.​Кнорын, А.​М.​Крыніцкі, І.​Т.​Смілга. Падпарадкоўваўся Рэв. ваен. савету Зах. фронту. Друк. органыгаз. «Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і пав. газеты. Асн. задачы: арганізацыя сав. улады на месцах, дапамога Чырв. Арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў улады. Меў камісарыяты: ваенны, унутр. спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сял. інспекцыі, савет нар. гаспадаркі і інш. У жн. ўлада ВРК БССР распаўсюджвалася на 21 павет Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., у кастр. пасля заканчэння сав.-польскай вайны — толькі на 6 паветаў Мінскай губ. ВРК БССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17.12.1920).

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ СТУДЭ́НТАЎ (БАС),

бел. грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культ., асв., выдавецкай, турысцкай дзейнасцю. Засн.ў 1-й пал. 1981 па ініцыятыве бел. студэнтаў Варшавы і Беластока. У снеж. 1981 з увядзеннем ваен. становішча ў Польшчы дзейнасць БАС спынена. У 1982 працавала нелегальна. З 1983 бел. студэнты дзейнічалі легальна ў рамках Рады культуры пры Цэнтр. радзе культуры т-ва польскіх студэнтаў у Варшаве. Адноўлена ў 1987. 1-ы з’езд адбыўся 17.12.1988 у Беластоку. Вышэйшыя кіруючыя органы — усеаг. сход і гал. рада (знаходзілася ў Варшаве, з 1991 у Беластоку). Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША. Выдавала бюлетэні «Апошнія паведамленні БАС» (№ 1—3, 1981, 1988), «Сустрэчы» (№ 1—13, 1983—90), у штотыднёвіку «Ніва» штомесячна змяшчае старонку «Прысутнасць». З 1991 БАС — член-заснавальнік Рады бел. арг-цый у Польшчы. З 1988 БАС узначальвалі Я.​Вапа, У.​Пац, Б.​Кучынская (з 1991).

Л.​У.​Языковіч.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемадзейных жывых элементаў рознай складанасці (гены, клеткі, тканкі, органы, арганізмы, біяцэнозы, экасістэмы, біясфера). Валодаюць уласцівасцямі цэласнасці, адноснай устойлівасці, а таксама здольнасцю адаптацыі да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя, развіцця, самаўзнаўлення і эвалюцыі. Біялагічныя сістэмы — адкрытыя сістэмы, для якіх умовай існавання служыць абмен энергіяй, рэчывам і інфармацыяй паміж часткамі сістэмы і з навакольным асяроддзем. Важнейшая праблема ў вывучэнні біялагічных сістэм — іх прасторавая і часавая арганізацыя, якая прадугледжвае ўключэнне ў сістэму некалькіх элементаў (больш за адзін), што адрозніваюцца пэўным наборам камплементарных паміж сабой прыкмет, на аснове чаго грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж элементамі і забяспечваецца ўстойлівасць сістэмы. Тэорыя інфармацыі дазваляе ўвесці колькасныя ацэнкі ўзроўню арганізацыі, што забяспечваецца множнасцю, ступенню разнастайнасці элементаў і сувязяў паміж імі. На гэтай аснове адрозніваюць дэтэрмінаваныя, імаверныя і хаатычныя сістэмы. Біялагічныя сістэмы захоўваюць сваю спецыфічнасць у зменлівых умовах асяроддзя. Іх іерархічнасць і самарэгуляцыя забяспечваюцца шматузроўневым кіраваннем на аснове адваротных сувязяў. Гл. таксама Сістэмны падыход.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎ у арганізмах,

назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш. пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)