у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца. Лічыўся апекуном г. Фівы. Амон разам з жонкай, багіняй неба Мут, і сынам, богам месяца Хансу, складалі т.зв. фіванскую трыяду. Амон уяўляўся ў выглядзе чалавека (часам з галавой барана) у кароне з двума высокімі пёрамі і сонечным дыскам; шанаваўся як мудры бог, нябесны заступнік, абаронца прыгнечаных.
Амон у вобразе барана, які ахоўвае фараона Тахарку. На пач. 8 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІКТЫЯНІ́Я (грэч. Amphiktionia),
рэлігійна-паліт. саюз плямёнаў і гарадоў у Стараж. Грэцыі, які меў агульныя свяцілішчы, казну, правілы вядзення вайны і інш. Ёсць звесткі пра амфіктыянію пры свяцілішчах Апалона: у Дэльфах, на в-ве Дэлас; пры свяцілішчах Пасейдона: на в-ве Калаўрыя, у Беотыі і інш.Найб. звестак захавалася пра дэльфійска-пілейскую амфіктыянію, куды ўваходзіла 12 абшчын. Амфіктыяніі страцілі значэнне пасля заваявання Грэцыі рымлянамі (146 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета
(каля 588 — каля 525 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫ́ЖЫН,
вёска ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Пясчанае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Кастрычнік». За 28 км на Пд ад г. Іванава, 168 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 917 ж., 332 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Каля Ажрыжына стаянка канца палеаліту — пач. мезаліту (11—6-е тысячагоддзі да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́Д, Гадэс, Плутон,
у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.
Да арт.Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДА ЗАКО́Н,
асноўны закон гідрастатыкі і аэрастатыкі, паводле якога на кожнае цела, апушчанае ў вадкасць (газ), дзейнічае выштурхная сіла, накіраваная ўверх, роўная па модулі вазе выціснутай гэтым целам вадкасці (газу) і прыкладзеная да цэнтра цяжару апушчанай у вадкасць (газ) часткі цела. Адкрыты ў 3 ст. да н.э.Архімедам. Архімеда закон — аснова тэорыі і практыкі плавання целаў. З яго ўлікам будуюцца аэрастаты, дырыжаблі, падводныя лодкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,
водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).
Выкарыстанне архімедавага вінта для перамяшчэння вады: 1 — труба; 2 — архімедаў вінт; 3 — ветравы рухавік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСДРУБА́Л (Hasdrubal; ? — 221 ла н.э.),
карфагенскі палкаводзец. Узначальваў дэмакр. групоўку. Зяць Гамількара Баркі, у 237 суправаджаў яго ў ісп. паходзе, з 229 узначальваў карфагенскія войскі ў Іспаніі. Заснаваў г. Новы Карфаген (сучасны г. Картахена, Іспанія). Ажаніўшыся з іберыйскай прынцэсай, яшчэ больш узмацніў уплыў карфагенян у Іспаніі. У 226 падпісаў з рымлянамі дагавор, паводле якога р. Ібер (Эбра) стала мяжой карфагенскіх уладанняў у Іспаніі. Забіты кельцкім рабом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖХУКА́Р,
археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т. л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НА ЦАРО́Ў,
скалістая раўніна ў зах. пустыні насупраць г. Фівы на Ніле (Верхні Егіпет). У перыяд Новага царства тут размяшчаўся царскі некропаль (з 1580 да н.э.). Грабніцы фараонаў высякаліся ў вапняку, кожнай з іх на беразе Ніла адпавядаў храм, дзе здзяйсняліся абрады, неабходныя для замагільнага дабрабыту цароў. Адкрыццё ў 1922 неразрабаванай грабніцы Тутанхамона ўпершыню прадэманстравала раскошу абсталявання падобных грабніц.
Даліна цароў. Насценная размалёўка грабніцы фараона.