БАЙБА́К, стэпавы сурок (Marmota bobak),

млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.

Даўж. цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.

Байбак.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ЛІ,

зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.

Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.

Да арт. Газелі. Газель-дама.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ІЧКІ,

група птушак сям. сініцавых (Paridae) атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (на Пн ад лесатундры да Міжземнамор’я, Ірана і Кітая) і ў Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах рознага тыпу, поймавых зарасніках і садах. На Беларусі 2 віды: гаічка бурагаловая, або пухляк (Parus montanus), і гаічка чорнагаловая (Parus palustris). Трапляюцца ўсюды, аселыя і вандроўныя.

Даўж. 11,5—14 см, маса 10—13 г. Апярэнне пушыстае, буравата-шэрага колеру. На галаве чорная, бурая або цёмна-шэрая «шапачка», гарляк з чорнай або шэра-бурай плямай. Кормяцца пераважна насякомымі, іх кукалкамі. Гнёзды ў дуплах.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).

Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.

Гарнастай: 1 — летам; 2 — зімой.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),

род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).

Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.

Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫВА́СТЫ ВОЎК (Chrysocyon brachyurus),

млекакормячае сям. воўчых атр. драпежных. Адзіны від роду. Жыве ў Бразіліі, усх. частцы Балівіі, Парагваі, Уругваі і Паўн.-Усх. Аргенціне ў пампасах, па ўскрайках балот, зрэдку ў лясах.

Даўж. цела каля 125 см, хваста каля 30 см, выш. ў карку каля 75 см, маса 20—23 кг. Поўсць доўгая, мяккая, жаўтавата-рыжая. Ногі доўгія, амаль чорныя. Хвост пушысты, на канцы белы. На шыі і карку грыва (адсюль назва). Нараджае 2—3 дзіцянят. Актыўны ўначы. Корміцца дробнымі пазваночнымі, птушкамі, насякомымі, пладамі і інш. Групай зрэдку нападае на свойскіх авечак. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Грывасты воўк.

т. 5, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУЙКІ́ (Charadrius),

род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.

Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,

надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЮ́БР (Cervus elaphus xanthopygus),

млекакормячае роду аленяў; падвід аленя высакароднага. Пашыраны ў гарах Усх. Сібіры і Д. Усходу, на Пн і ПнУ Кітая. Насяляе дубовыя лясы, гары і высечкі, горныя лугі.

Выш. цела самцоў у карку да 145 см. Маса да 300 кг. Знешне нагадвае аленя высакароднага. Афарбоўка скуры аднатонная, чырванавата-рыжая. Дарослыя самцы маюць галінастыя рогі (маладыя неакасцянелыя рогі — панты выкарыстоўваюць для вырабу лек. прэпаратаў). Гон увосень. Цяжарнасць да 35 тыдняў. У маі—чэрв. самка нараджае 1—2 цялят І. корміцца травяністымі і дрэвава-хмызняковымі раслінамі, ягадамі, пладамі, грыбамі, лішайнікамі. Гадуюць у аленяводчых гаспадарках (для здабычы пантаў).

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ КУРАПА́ТКАВЫЯ КУ́РЫ,

парода курэй яечнага кірунку прадукцыйнасці. Вядомы таксама пад назвай карычневых, ці бурых, легорнаў.

Выведзены ў Італіі на аснове мясц. курэй. На Беларусі гадуюць птушкаводы-аматары.

Тулава выцягнутае, звужаецца да хваста. Галава невял., дзюба жоўтая, грэбень лістападобны, вялікі, у курэй звісае набок, у пеўняў прамастойны, вушныя мочкі белыя. Апярэнне курэй карычнева-шэрае з залаціста-жоўтай грывай, канцы крылаў і рулявое пер’е хваста чорныя; у пеўняў чырвона-карычневае тулава і чорны хвост з зялёным адценнем. Жывая маса дарослых пеўняў 2,5, курэй 1,8 кг. Яйцаноскасць — 200 і больш яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія курапаткавыя куры.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)