цэны на новыя віды прадукцыі (тавары, вырабы), якія распрацоўваюцца на стадыі іх праектавання. Уяўляюць сабой максімальна дапушчальныя цэны і вызначаюцца на падставе вартасцей ацэнкі паляпшэння спажывецкіх якасцей новай прадукцыі, забяспечваюць эканам. зацікаўленасць спажыўца ў яе набыцці. Служаць крытэрыем гранічнага ўзроўню затрат на праектаваную прадукцыю з улікам яе эфектыўнасці. Л.ц. выкарыстоўваюцца ў капітальным буд-ве для разліку каштарыснага кошту машын, абсталявання, матэрыялаў, на якія адсутнічаюць адпускныя цэны. Л.ц. могуць таксама быць мінімальна гарантаванымі цэнамі, што ўстанаўліваюцца на вызначаны тэрмін і па якіх заказчык гарантуе вытворцу ажыццяўляць закупку дадзенага тавару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЧКІ (Cantharellus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. лісічкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды: Л. сапраўдная, або жоўтая (C. cibarius), і Л. трубкападобная (C. tubaeformes). Трапляюцца ў хваёвых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—кастрычніку.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая або плоская, потым лейкападобная з тонкім хвалістым краем, жоўтая, жаўтаватая ці белаватая. Складкі пласціністыя, тоўстыя, зыходзяць на ножку. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру са шляпкай з шапкай*. Мякаць шчыльная, белаватая, з прыемным пахам. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНОЛІЯПСІ́ДЫ (Magnoliales),
парадак двухдольных раслін. Найб. прымітыўныя з існуючых кветкавых раслін 8 сям., 174 роды, каля 3 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды з родаў магнолія і лірыядэндран (гл.Цюльпаннае дрэва) сям магноліевых.
Вечназялёныя і лістападныя дрэвы і кусты. Лісце з прылісткамі або без іх. Кветкі спіральныя, спірацыклічныя, часта з доўгай воссю, адзіночныя ці ў суквеццях. Калякветнік просты або дыферэнцыраваны на чашачку і вяночак. Тычынкі пераважна шматлікія, часта стужкападобныя. Лек., дэкар., тэхн., харч. расліны.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. Цветковые растения. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДУХАВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл.Засн. ў 1996 для аховы ляснога масіву разнастайнай тыпалагічнай структуры з комплексамі рэдкіх, знікаючых і гаспадарча-карысных відаў раслін, жывёл і раслінных згуртаванняў. Пл. 1312 га. Карэнныя высокаўзроставыя дубровы, ельнікі, чорнаалешнікі, культуры таполі бальзамічнай, высокаўзроставыя бярэзнікі. 492 віды вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія і знікаючыя: купальнік горны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 19 відаў млекакормячых, 10 амфібій і паўзуноў, 88 птушак, у т. л. ахоўныя: барсук, сапсан, каршачок, падворлік малы, дзяцел зялёны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫІ (Mytilus),
род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн. гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату з дапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.
Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),
мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (італьян. minore ад лац. minor меншы; таксама moll ад лац. mollis мяккі),
музычны лад, у аснове якога ляжыць малое (мінорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае цёмную афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мажору (выяўляецца паняццем мінорнасці), што складае адзін з найб. важных эстэт. кантрастаў у музыцы. Асн.віды М.: натуральны, гарманічны і меладычны. Ускладненне 7-ступеннага гукарада М. звязана з вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з найб. пашыраных ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНІ́Й (Mnium),
род брыевых імхоў сям. мніевых. Пашыраны ва ўмераным поясе і горных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды М.: абкружаны (M. marginatum), аднагадовы (M. hornum), зорчаты (M. stellare), няпэўны (M. ambiguum). Трапляюцца на глебе, гнілой драўніне, у вільготных і забалочаных месцах.
Адна- і двухдомныя лістасцябловыя расліны даўж. 2—7 см. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, светла- ці цёмна-зялёныя. Сцябло прамастойнае са стэрыльнымі парасткамі.
Лісце скучанае, падоўжана-эліптычнае або падоўжана-ланцэтнае, завостранае. Спарагоны адзінкавыя, рэдка па 2. Каробачка гарызантальная або паніклая, вечка з дзюбкай, каўпачок клабукападобны.