НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),

незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін ​1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.

Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы νe, νµ, ντ (звесткі аб ντ і ντ ускосныя і магчыма, што ντ ντ ). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна νe зарэгістравана амер. фізікамі Ф.Райнесам і К.Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл. Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.

Літ.:

Марков М.А Нейтрино. М., 1964;

Понтекорво Б.М. Нейтрино. М., 1966;

Рекало М.П. Нейтрино. Киев, 1986.

С.Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫДО́ЎСТВУЮЧЫХ» Е́РАСЬ, наўгародска-маскоўская ерась,

рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.А.Алелькавіч (гл. ў арт. Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял. кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.Патрыкееў, С.Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).

С.В.Марозаеа.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.Шульца з удзелам арх. Ю.Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.

Л.В.Іванова.

Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.Ходзькі. 1822.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.Каяловіч, А.Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.Саланевічы, І.Бажэлка, Л.Паеўскі, часткова А.Сапуноў, Я.Карскі, Е.Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.

Літ.:

Цьвікевіч А «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»

(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),

ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук. этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.

Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.А.Бадуэпа дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.

А.Ф.Літвіновіч.

т. 7, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РАЧНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,

комплекс тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для зваркі. Бываюць ручныя (гарэлкі зварачныя для газавай зваркі, электратрымальнікі для дугавой і інш.), механізаваныя (шлангавыя паўаўтаматы для дугавой зваркі з механізаванай падачай зварачнага дроту, механізаваныя ўстаноўкі для мікразваркі) і аўтам. (самаходныя і падвесныя зварачныя галоўкі, зварачныя трактары, спецыялізаваныя зварачныя ўстаноўкі, у т.л. аўтаматызаваныя для мікразваркі). Аўтам. З.а. пры дугавой і электрашлакавай зварцы падае электрод у зону зваркі, перамяшчае дугу і электрод адносна вырабаў, якія злучаюцца.

Тэхналагічна злучанае паміж сабой З.а. аб’ядноўваюць у стацыянарны або перасоўны зварачны пост, а некалькі тэхналагічна звязаных пастоў — у зварачную лінію. Пасты аснашчаюцца: зварачнымі генератарамі (пастаяннага або пераменнага току павышанай частаты для дугавой зваркі, у т.л. пад флюсам і ў ахоўных газах); зварачнымі трансфарматарамі (для сілкавання зварачных працэсаў пераменным токам пры дугавой і кантактнай зварцы); зварачнымі выпрамнікамі (з селенавымі або крэмніевымі паўправадніковымі элементамі для сілкавання зварачнай дугі пастаянным токам пры дугавой ручной і аўтам. зварцы); спец. прыстасаваннямі (зварачныя цялежкі, стэнды, кантавальнікі, маніпулятары, клямары); інструментамі (наладачныя, вымяральныя і інш.). Зварачныя аўтаматы і робаты, якія шырока ўкараняюцца ў вытв-сць, забяспечваюць аўтаматызацыю дугавой і кантактнай зваркі.

Літ.:

Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;

Прох Л.Ц., Шпаков Б.М., Яворская Н.М. Справочник по сварочному оборудованию. 2 изд. Киев, 1983.

Да арт. Зварачнае абсталяванне. Схема зварачнага трансфарматара з рухомай абмоткай: 1 — ручка рэгулятара велічыні току; 2, 3 — рухомая і нерухомая абмоткі; 4 — магнітаправод; 5 — дэталь, якая зварваецца; 6 — электрод.
Да арт. Зварачнае абсталяванне. Зварачны трактар для дугавой зваркі ў ахоўных газах: 1 — зварачная гарэлка; 2 — вадатокаправод; 3 — электрарухавік; 4 — механізм падачы электроднага дроту; 5 — цялежка.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕПРАХО́ДЦЫ,

рускія людзі, падарожжы якіх у 16—17 ст. прывялі да вял. геагр. адкрыццяў у Сібіры, на Д. Усходзе і ў марскіх прыбярэжных водах, якія іх абмываюць. Пераважна гэта служылыя (казакі), гандлёвыя або «прамысловыя» (займаліся пушнымі промыслам) людзі. У выніку іх дзейнасці, якую падтрымлівалі і часткова накіроўвалі рус. ўрад і мясц. сібірская адміністрацыя, значная ч. Зах. Сібіры да Енісея да пач. 17 ст. даследавана і далучана да Рускай дзяржавы. У 1610 К.Курачкін даў апісанне р. Енісей і прылеглых да яе раёнаў. У 1633—34 З. на чале з І.І.Рабровым выйшлі па р. Лена да Ледавітага ак. У 1639 І.Ю.Масквіцін першы з еўрапейцаў дасягнуў Ахоцкага м. і плаваў уздоўж яго берагоў. У 1648 Ф.Папоў (Аляксееў) і С.І.Дзяжнёў здзейснілі плаванне вакол п-ва Чукотка. фактычна адкрылі праліў, які аддзяляе Паўн.-Усх. Азію ад Паўн. Амерыкі. У 1643—46 В.Д.Паяркаў і ў 1649—52 Е.П.Хабараў ажыццявілі паходы па р. Амур. У выніку падарожжаў З. ў 1-й пал. 17 ст. пройдзены і часткова вывучаны вялізныя тэр. Усх. Сібіры і Д. Усходу, адкрыты воз. Байкал і буйныя рэкі, па якіх З. спускаліся ў Паўн. Ледавіты ак. Плаваючы паміж іх вусцямі, З. прайшлі па частках усе ўчасткі Паўн. марскога шляху, у т.л. абышлі морам п-аў Таймыр. У 2-й пал. 17 ст. адкрыты п-аў Камчатка (У.В.Атласаў, 1697—99), пашыраны звесткі пра п-аў Чукотка. З. складалі «чарцяжы». карты, апісвалі прыроду і насельніцтва, пасылалі данясенні («скаскі») пра свае адкрыцці.

Літ.:

Лебедев Д.М., Есаков В.А Русские географические открытия и исследования с древнейших времен до 1917 г. М., 1971.

В.А.Ярмоленка.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),

бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.

Літ.:

Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд. Мн., 1994;

Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;

Саламевіч І.У. Р.С.Зянькевіч // Полымя. 1968. № 9;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 172—183.

У.Саламевіч.

Р.С.Зянькевіч.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАЗНА́ЎСТВА,

навука пра састаў, будову і ўласцівасці металаў і сплаваў, пра іх залежнасць (заканамернасці змен) ад вонкавых уздзеянняў (цеплавых, мех., хім. і інш.). Асн. практычная задача М. — пошук аптымальных саставаў і метадаў апрацоўкі сплаваў для атрымання патрэбных (зададзеных) уласцівасцей. М. ўмоўна падзяляюць на тэарэтычнае, якое разглядае агульныя заканамернасці будовы і працэсаў, што адбываюцца ў металах і сплавах пры розных уздзеяннях, і прыкладное, якое вывучае тэхнал. працэсы апрацоўкі (тэрмічная апрацоўка, ліццё, апрацоўка металаў ціскам), а таксама канкрэтныя класы метал. матэрыялаў. Састаўной ч. М. з’яўляецца металаграфія.

М. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Яго заснавальнікамі лічацца Дз.К.Чарноў і П.П.Аносаў. Развіццю М. спрыяла адкрыццё ў 1869 перыядычнага закону Дз.І.Мендзялеева, што дазваляе прадбачыць уласцівасці як чыстых металаў, так і сплаваў. Станаўленню М. спрыялі працы Ф.Асмонда і А.Партэвена (Францыя), Г.Тамана (Германія), У.Робертс-Аўстэна (Вялікабрытанія) Г.Хоу (ЗША) і інш. Значны ўклад у развіццё М. зрабілі рас. вучоныя Г.В.Курдзюмаў, А.А.Бочвар, А.А.Байкоў і інш.

На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхнал. ін-це Нац. АН, БПА, інш. ВНУ і галіновых НДІ. Распрацоўваюцца пытанні павышэння якасці металапрадукцыі, удасканалення тэхналогіі яе апрацоўкі, укаранення новых спосабаў уздзеяння на структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў, стварэння новых матэрыялаў і інш. Важкі ўклад у развіццё М. зрабілі працы бел. вучоных Г.А.Анісовіча, С.А.Астапчыка, С.І.Губкіна, К.В.Горава, Я.Р.Канавалава, В.П.Севярдэнкі, А.В.Сцепаненкі, В.М.Чачына і інш.

Літ.:

Бочвар А.А. Металловедение. 5 изд. М., 1956;

Болховитинов Н.Ф. Металловедение и термическая обработка. 6 изд. М., 1965;

Структура и свойства металлов и сплавов. Мн., 1974.

А.П.Ласкаўнёў.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРЫ́ТЫ,

малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).

У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). Ha 1 млн. км2 паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.

Літ.:

Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;

Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.Я.Бардон.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)