КАЛО́ ((Collot) Мары Ан) (1748, Парыж — 23.2.1821),

французскі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. З 1764 вучылася ў Э.М.Фальканэ, у 1766—78 працавала разам з ім у Расіі. З 1767 чл. Пецярбургскай АМ. Аўтар шматлікіх партрэтных бюстаў, якія вылучаюцца жывасцю характарыстык (Вальтэра, каля 1770; Д.​Дзідро, 1772; Фальканэ, 1773, і інш.). Каля 1773 вылепіла мадэль галавы Пятра I для помніка яму работы Фальканэ ў Пецярбургу.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́Н»

(«Colón»),

оперна-балетны тэатр у Буэнас-Айрэсе; буйнейшы цэнтр муз. культуры Лац. Амерыкі. Адкрыты ў 1857. Балетная трупа існуе з 1925. У рэпертуары творы класікаў і сучасных кампазітараў розных краін. Сярод дырыжораў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё лацінаамер. муз.-сцэн. мастацтва, — Э.​Ансермэ, О.​Клемперэр, Ф.​Вейнгартнер, А.​Тасканіні; сваімі операмі дырыжыравалі К.​Сен-Санс, А.​Рэспігі, Р.​Штраус.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́ВІЧЫ,

вёска ў Рэчыцкім с/с Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Волчас. Цэнтр калгаса. За 12 км на ПнУ ад Чэрыкава, 114 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Крычаў 1-ы. 302 ж., 99 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.), каля вёскі — гарадзішча.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДА́НЦКІ ЧАС,

надзвычайная мера, якая забараняе жыхарам дадзенага населенага пункта з’яўляцца на вуліцах у пэўны час сутак (як правіла, вечарам і ноччу) без асобага дазволу. Звычайна ўводзіцца ва ўмовах ваен. становішча з мэтай аховы парадку, папярэджання магчымай дыверсійнай, разведвальнай або інш. варожай дзейнасці супраць войск ці аб’ектаў, якія маюць ваен. або прамысл. значэнне. Для падтрымання парадку ў перыяд К.ч. вылучаюцца спец. ваен. падраздзяленні.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ЛЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ (у міжнар. праве),

штучныя марскія шляхі, якія звязваюць марскія прасторы і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Знаходзяцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, на тэрыторыі якой размешчаны. Рэжым плавання праз К.м. рэгулюецца міжнар. пагадненнямі (напр., Панамскі, Суэцкі каналы) або толькі ўнутр. правам тэр. суверэна (Кільскі канал). Аднак ва ўсіх выпадках прававы рэжым канала, які прызнаны ў якасці міжнароднага, павінен улічваць інтарэсы міжнар. суднаходства.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАРЭ́ЙКА (Serinus canaria),

дэкаратыўная птушка сям. ўюрковых (Fringillidae), атр. вераб’інападобных (Passeriformes). У дзікім стане пашырана на Канарскіх а-вах (адсюль назва). З’яўляецца родапачынальніцай пакаёвай К. У Еўропу завезена ў канцы 15 ст. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр’ерам.

Даўж 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх К. зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Гл. таксама Уюрок канарэечны.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́НЦЫІ МІЖНАРО́ДНЫЯ ПА АХО́ВЕ А́ЎТАРСКІХ ПРАВО́Ў,

шматбаковыя міжнар. дагаворы, якія ўстанаўліваюць абавязацельствы дзяржаў па ахове аўтарскага права на творы, што належаць грамадзянам краін — удзельніц гэтых дагавораў або ўпершыню апублікаваных у гэтых краінах. Найб. значэнне маюць Бернская канвенцыя 1886 і Сусветная (Жэнеўская) 1952 (набыла сілу ў 1955). Побач з удзелам у міжнар. канвенцыях дзяржавы могуць заключаць паміж сабой двухбаковыя пагадненні аб ахове аўтарскіх правоў.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАМІ́НІУМ [ад лац. con (cum) разам + dominium уладанне] у міжнародным праве, валоданне пэўнай тэрыторыяй дзвюма або некалькімі дзяржавамі, якія сумесна ажыццяўляюць над ёй свой суверэнітэт. Кожная з гэтых дзяржаў усталёўвае сваю ўладу ў межах К. на падставе адпаведнага пагаднення паміж імі. К. часта недаўгавечныя. Вядомы К. Францыі і Іспаніі над некалькімі астравамі на пагранічнай р. Бідасоа; К. Вялікабрытаніі і Егіпта над Суданам.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАЧЫ́,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Белая Натапа, паблізу аўтадарогі Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і племсаўгаса. За 25 км на З ад г. Мсціслаў, 72 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Ходасы. 906 ж., 323 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСПА́С—САРСА́Т»,

спадарожнікавая сістэма для вызначэння ў аварыйных сітуацыях каардынат радыёбуёў, устаноўленых на суднах і самалётах. «Каспас» — сав., а потым рас. частка сістэмы, «Сарсат» — частка сістэмы, якая стваралася ЗША, Канадай, Францыяй. Уводзілася паэтапна з сярэдзіны 1980-х г. Складаецца з ШСЗ на каляпалярных кругавых арбітах, аварыйных радыёбуёў, пунктаў прыёму інфармацыі. У зоне бачнасці ШСЗ вызначаюцца каардынаты 20 і больш радыёбуёў, якія працуюць адначасова.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)