НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,

рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Кароль Урсын) (1797—9.2.1867),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. Са шляхецкага роду Урсын-Нямцэвічаў. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830 абраны віцэ-маршалкам Гродзенскай губ. У час паўстання 1830—31 на 4 месяцы інтэрніраваны ў Гродне. Уцёк пад Беласток, дзе ўзначаліў невял. атрад, які быў разбіты 16.5.1831, адышоў пад Белавежу, пасля рассеяны. Н. далучыўся да дывізіі ген. М.​Рыбінскага. У жн. 1831 увайшоў у склад Сената Каралеўства Польскага як прадстаўнік ад Гродзеншчыны. Пасля капітуляцыі Варшавы эмігрыраваў у Парыж, дзе звязаны з Ю.Нямцэвічам, А.Чартарыйскім. Аўтар мемуараў «Успаміны з 1831 г.» (1863), «Успаміны пра паўстанне ў Брэсце Літоўскім» (1869).

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),

японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КСФАРДСКАЯ ШКО́ЛА,

плынь у зах.-еўрап. філасофіі 13 ст. Узнікла ў Оксфардскім ун-це. Філас. асновай поглядаў мысліцеляў О.ш. (Грасетэст, Альфрэд Англійскі, Адам з Марча) было аўгусцініянства. Значную ўвагу яны звярталі на пытанні прыродазнаўства (творы Арыстоцеля, інш. грэч. і араб. вучэнні), што на той час было наватарствам, бо рымская курыя забараняла вывучэнне твораў, прысвечаных гэтым праблемам. У выніку аддаленасці ад рымскай курыі Оксфардскі ун-т валодаў значнай свабодай. Акрамя таго, яго даследаванні стымуляваліся тым, што ў Англіі раней, чым у інш. краінах, атрымалі развіццё рамесная вытв-сць і гандаль, якім патрэбны былі прыродазнаўчанавук. веды. З О.ш. выйшаў мысліцель і прыродазнавец Р.Бэкан.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТЭРМАН-ТАЛСТО́Й (да 1796 Талстой) Аляксандр Іванавіч

(1770—26.2.1857),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф Остэрман (1796). Службу пачаў у 1784. Удзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй і Францыяй. У пач. вайны 1812 пры корпусе П.Х.Вітгенштэйна. З 1812 камандуючы 4-м пях. корпусам 1-й Зах. арміі. У баі каля Астроўна 25—26.7.1812 на суткі затрымаў праціўніка, што дало магчымасць гал. сілам арміі адысці на Віцебск. Удзельнік Барадзінскай бітвы 7 вер., асенне-зімовай кампаніі 1812. У 1813 у час замежных паходаў вызначыўся ў бітвах пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, у 1815—18 камандуючы Грэнадзёрскім корпусам. З 1818 жыў у Зах. Еўропе.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ДЗЕВЫ МЁД,

салодкая густая клейкая вадкасць, у якую пчолы ператвараюць мядовую расу і падзь. Колер ад светла-бурштынавага (з піхты і некат. інш.) да амаль чорнага (з лісцевых дрэў і елак); мае слабы водар і непрыемны гаркаваты ці кіслы прысмак. Больш вязкі (у 2—3 разы) за кветачны мёд, мае менш вады (у сярэднім 16,7%) і інвертных цукроў — глюкозы і фруктозы (66,5%), больш алігацукрыдаў (у т. л. цукрозы 4%), дэкстрынаў (10,3%), азоцістых рэчываў (у т. л. бялковых 0,8%), мінер. і арган. кіслот. Часта змяшаны з кветачным мёдам. Таксічны для пчол, асабліва ў час зімоўкі (можа прыводзіць да гібелі цэлых сем’яў). Моцны інгібітар бактэрый. Для чалавека бясшкодны.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАК ЧЖОН XI (30.9.1917, в. Сангмары, прав. Кёнсан-Пукто, Карэя — 26.10.1979),

ваенны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген.-маёр (1961). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў г. Тэгу і ваен. школу ў Токіо (1944). У час 2-й сусв. вайны афіцэр яп. Квантунскай арміі. З 1946 у паўд.-кар. узбр. сілах. Удзельнік карэйскай вайны 1950—53. Узначаліў ваен. пераварот 16.5.1961. У 1961—63 старшыня Вярх. савета нац. рэканструкцыі. У кастр. 1963 выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Карэя. Ініцыіраваў эканам. рэформы, якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны, ператварэнню яе ў індустр. дзяржаву. У 1971 увёў у краіне надзвычайнае становішча, дамогся прыняцця новай канстытуцыі, якая скасавала прамыя прэзідэнцкія выбары. Забіты адным з паплечнікаў.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм),

археамагнетызм, уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлі геал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.

Р.​А.​Зінава.

Да арт. Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ (Барыс Васілевіч) (н. 27.8.1944, с. Шатрова Курганскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1967). З 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (прарэктар). З 1999 у Нац. ін-це адукацыі. Гал. рэдактар час. «Тэхналагічная адукацыя». Навук. працы па праблемах тэорыі і методыкі навучання, рэфармавання сістэмы тэхнал. і інж.-пед. адукацыі.

Тв.:

Экранные средства в учебном процессе профтехучилищ. Мн., 1981;

Фотография: Курс для начинающих. 2 изд. Мн., 1985;

Система и элементы учебно-методического обеспечения: Рекомендации по аттестационно-выпускной работе. М, 1986 (разам з М.​М.​Пятровічам, Л.​С.​Фрыдманам).

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮ́ДДЗЕ,

«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн. Ігара. Удава Ігара кн. Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.

2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)