БЫ́КАЎ (Міхаіл Сямёнавіч) (16.10.1922, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 30.4.1991),
Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940), Вышэйшыя лётна-тактычныя курсы (1952). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, 1-м і 4-м Укр. франтах. Камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан Быкаў зрабіў 174 баявыя вылеты, знішчыў і пашкодзіў 12 самалётаў на аэрадромах, шмат танкаў, аўтамашын, гармат ворага. Да 1954 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.
т. 2, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,
у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на З і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ,
археалагічныя помнікі (гарадзішча 2—1 ст. да н.э., эпохі Кіеўскай Русі, ВКЛ і селішча 11—13 ст.) на зах. частцы вострава Замак на воз. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены фрагменты ляпной керамікі, сляды агнішчаў, рэшткі каменных сякер днепра-дзвінскай культуры, рэшткі пабудоў 10—13 ст., прадметы побыту, жаночыя ўпрыгожанні, прылады працы 11—16 ст., манеты 16 ст. На селішчы знойдзена шмат вырабаў з жалеза, бронзы, косці і рогу.
т. 6, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОЎ ((Grove) Джорж) (13.8.1820, Лондан — 28.5.1900),
англійскі муз. дзеяч, крытык. Па прафесіі інжынер. З 1850 сакратар Т-ва мастацтваў, з 1852 сакратар, з 1873 чл. дырэкцыі Хрустальнага палаца ў Лондане (пісаў анатацыі да канцэртаў у 1856—96). У 1882—94 першы дырэктар Каралеўскага муз. каледжа. Вядомы як складальнік вял. энцыклапедычнага «Слоўніка музыкі і музыкантаў» (т. 1—4, з дадатковым, 1879—89, шмат разоў перавыдаваўся). Аўтар кн. «Бетховен і яго дзевяць сімфоній» (1896).
І.Дз.Назіна.
т. 5, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНКАРА́НСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУ Каўказа, у Азербайджане, паміж Талышскімі гарамі і Каспійскім м. Шыр. 5—6 км на Пд, 25—30 км на Пн. Нізіна спадзіста нахілена да мора. Складзена з марскіх і рачных адкладаў, на У забалочаная, шмат дробных азёр. Клімат субтрапічны. Зберагліся лясы з каштаналістага дубу, жал. дрэва, гледычый, вольхі. Раён вырошчвання субтрапічных культур (чай, рыс, тунг, тытунь, інжыр і інш.) і шаўкаводства. Каля ўзбярэжжа мора — Гызылагаджскі запаведнік з багатай фаунай птушак.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́МСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Сібіры, пераважна ў ніжнім цячэнні р. Калыма, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Распасціраецца на 750 км паміж Алазейскім і Юкагірскім пласкагор’ямі. Выш. да 100 м за рэдкімі масівамі сопак выш. 200—300 м. Складзена з азёрна-рачных суглінкаў і супескаў. Пашыраны шматгадовая мерзлата і мярзлотна-тэрмакарставыя формы рэльефу. Клімат субарктычны. Шмат азёр і балот. Забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі змяняюцца на Пн хмызнячкова-травяністай, а потым арктычнай тундрай. Пашы аленяў.
т. 7, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НДА,
рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.
т. 8, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)