ЛЕАНТО́ВІЧ (Мікалай Дзмітрыевіч) (13.12.1877, с. Манастырок Няміраўскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 23.1.1921),
украінскі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Скончыў Камянец-Падольскую духоўную семінарыю (1898), вучыўся на курсах пры Пецярбургскай прыдворнай капэле (1903—04), у Б.Яворскага (кампазіцыя). Выкладаў у кансерваторыі і Муз.-драм. ін-це імя М.Лысенкі ў Кіеве. Арганізатар і кіраўнік многіх нар. хароў, заснавальнік (1919) першых укр. сімф. аркестра і Дзярж. укр. харавой капэлы. Стварыў класічныя хар. апрацоўкі нар. песень («Дударык», «Пралля», «Шчэдрык»), дзе арганічна спалучыў прыёмы імітацыйнай і нар. падгалосачнай поліфаніі. Сярод інш. твораў: опера «Свята русалак» (завяршыў і інструментаваў М.Скорык, 1977); хар. паэмы. Складальнік зборнікаў апрацовак укр. нар. песень (1901, 1903).
т. 9, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 11.5.1951, в. Пятрэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Багатырова). З 1979 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У творчасці адчувальныя класічныя традыцыі, апора на муз. фальклор. Сярод твораў: сімфонія (1976), кантата «Беларуская калыханка» на словы В.Віткі (1977), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра на словы М.Мятліцкага (1993), Фантазія на бел. тэмы для аркестра нар. інструментаў, Сюіта для ансамбля нар. інструментаў, Элегія для кантрабаса, струнных і ўдарных інструментаў; Канцэртная п’еса для актэта драўляных духавых; п’есы для баяна; цыкл хароў «Родныя вобразы» на вершы Я.Коласа і Я.Купалы (1983), песні.
Р.М.Аладава.
т. 9, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Ніко) (Мікалай Мерабавіч; 29.9.1880, с. Чунешы, Грузія — 25.5.1944),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Горную акадэмію ў Леобене (Аўстрыя; 1907). У творчасці імкнуўся асэнсаваць праблемы гісторыі і сучаснасці. Яго апавяданні і аповесці вылучаюцца майстэрствам стварэння вобразаў, перадачай духу эпохі: «Рыцары», «Грозны валадар» (абедзве 1912), «Ліхалецце» (1914—19) і інш. Гісторыка-рэв. аповесць «З сцежак на рэйкі» (1928) пра барацьбу груз. народа ў 1905—07. Аповесці «Непакорныя» (1943) і «Вяртанне былога палоннага» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар цыкла навел «Разбураныя гнёзды» (1916), аповесці «Скульптар» (1936) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — С тропинок на рельсы: Повести и рассказы. М., 1981.
Літ.:
Жгенти В. Н.Лордкипанидзе. Тбилиси, 1958.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (20.7.1885, Масква — 19.7.1940),
расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1909). У 1915 — пач. 1930-х г. выкладаў у Маскоўскім ун-це, Акадэміі Генштаба, Ін-це чырвонай прафесуры. У 1925 адзін з заснавальнікаў «Т-ва гісторыкаў-марксістаў». Дырэктар ін-таў гісторыі Камуніст. акадэміі (1932—36) і АН СССР (1936—38). Адначасова ў 1933—38 рэд. час. «Историк-марксист». Працы па гісторыі Французскай рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871, Германіі канца 19 — пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны ў 1938. Рэабілітаваны пасмяротна.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.
Літ.:
Дунаевский В.А., Цфасман А.Б. Н.М.Лукин. М., 1987.
т. 9, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ФЕРАЎ (Мікола) (Мікалай Пятровіч; 7.1.1929, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.10.1994),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1956). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1950). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, Магілёўскім пед. ін-це, Гомельскім ун-це. З 1982 настаўнік у Магілёўскім р-не. Друкаваўся з 1952. Даследаваў праблемы гісторыі бел. л-ры. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), кн. «Праблемы беларускай сучаснай прозы» (1967), падручніка для філал. ф-таў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981) і інш.
Тв.:
Кузьма Чорны. Мн., 1960;
Проза Кузьмы Чорнага. Мн., 1961.
т. 9, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (5.11. 1916, в. Пірагова Нерахцкага р-на Кастрамской вобл., Расія —22.2.1991),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Іванаўскае тэатр. вучылішча (1940). Працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Латвіі. У 1959—82 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся рэалістычнасцю, яркімі сцэнічнымі дэталямі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Кузьміч («Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Барыс Мікалаевіч («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Андрэй Ермаліцкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), дож Венецыі («Атэла» У.Шэкспіра), Рабурдэн («Наследнікі Рабурдэна» Э.Заля).
Г.Р.Герштэйн.
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́К (Мікалай Андрэевіч) (н. 20.6. 1943, в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1978 у Бел. НДІ кардыялогіі (з 1993 дырэктар). Навук. працы па ўдасканаленні метадаў дыягностыкі, лячэння, прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, праблемах болевай і метэаралагічнай адчувальнасці, метэазалежнасці, арганізацыі аховы здароўя.
Тв.:
Общие подходы к восстановительному лечению и типовые индивидуальные программы реабилитации больных хронической ишемической болезнью сердца: Пособие для врачей. Мн., 1996 (у сааўт.);
Ишемическая болезнь сердца: Сб. Мн., 1997 (у сааўт.);
Диагностика болезней сердечно-сосудистой системы // Клиническая диагностика. Мн., 1999.
т. 10, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДВІ́НАЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (15.2.1901, г. Ядрын, Чувашыя — 26.1. 1966),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). З 1925 у Т-ры-студыі пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага, з 1936 у Растоўскім-на-Доне т-ры імя М.Горкага, з 1940 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. Акцёр шырокага дыяпазону. Стварыў вострадрам., магутныя, цэласныя характары: Арбенін («Маскарад» М.Лермантава; Ленінская прэмія, 1965), Васіль Забродзін («Ленінградскі праспект» І.Штока), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш. З 1936 здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі», «Маскарад» (абодва 1941), «Катоўскі» (1943), «Смелыя людзі» (1950), «Калі адлятаюць буслы» (1965) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951.
т. 10, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГУ́Н (Мікалай Пятровіч) (н. 17.5.1951, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1973). З 1976 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Распрацаваў тэарэт. асновы гідрадынамікі неразбуральных метадаў кантролю пранікальнымі вадкасцямі, вызначыў асаблівасці працэсаў пераносу ў мікраструктурных вадкасцях.
Тв.:
Гидродинамика и теплообмен градиентных течений микроструктурной жидкости. Мн., 1984 (разам з П.П.Прахарэнкам);
Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988 (з ім жа);
Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999 (разам з П.П.Прахарэнкам, М.Штатгаўзам).
М.П.Савік.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІК (Мікалай Аляксандравіч) (н. 26.3.1932, в. Зарэчча Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне прыкладной матэматыкі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у БПА (з 1975 заг. кафедры). Навук. працы па матэм. мадэліраванні вагальных працэсаў складаных дынамічных сістэм з рэактыўнымі звёнамі і разліку іх нагрузачных рэжымаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Динамические системы с реактивными звеньями. Мн., 1985;
Решение технических задач по теории вероятностей и математической статистике. Мн., 1991 (разам з Г.М.Рэйзінай);
Прикладная математика: В 2 ч. Ч. 1. Мн., 1998 (разам з Г.І.Лебедзевай).
т. 10, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)