гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс.ж. (2000).
У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст.больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з-д, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.
Працуюць камбікормавы з-д, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),
атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн.г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.
Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
бел.самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц.т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел.танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел.нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел.нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.Папова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫВА,
адзін з двух (нараўне з полем фізічным) відаў матэрыі. Складаецца з элементарных часціц (у асн. электронаў, пратонаў і нейтронаў) з масай (энергіяй спакою), не роўнай нулю. У зямных умовах вядомы 4 станы Р.: газ, вадкасць, цвёрдае цела і плазма, у белых карліках і нейтронных зорках Р. знаходзіцца ў звышшчыльным стане. У хіміі Р. прынята падзяляць на простыя, утвораныя атамамі аднаго хім. элемента (гл.Простае рэчыва), і складаныя (гл.Злучэнне хімічнае). Разнастайнасць фіз. і хім. уласцівасцей Р. абумоўлена эл.-магн. узаемадзеяннем паміж электронамі і ядрамі атамаў, а таксама паміж атамамі і малекуламі.
У класічнай фізіцы фіз. поле, якое мае неперарыўную структуру, проціпастаўлялася Р., якое складаецца з дыскрэтных утварэнняў. У квантавай механіцы ўстаноўлена, што кожны мікрааб’ект мае дваістую прыроду. Напр., электрон (часціца Р.) характарызуецца як карпускулярнымі, так і хвалевымі, а фатон (квант эл.-магн. поля) — хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Выяўленне дыялектычнай узаемасувязі паміж уласцівасцямі Р. і поля прывяло да больш глыбокага разумення структуры матэрыі і дазволіла размежаваць паняцці Р. і матэрыі, якія атаясамліваліся ў навуцы на працягу многіх стагоддзяў.
Літ.:
Вавилов С.И. Развитие идеи вещества // Собр. соч.М., 1956. Т. 3;
Эрдэи-Груз Т. Основы строения материи: Пер. с нем. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРУ́Х,
унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.Гельвецый, П.Гольбах, Д.Дзідро). І.Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.
Літ.:
Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;
Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;
Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.Дэбюсі, А.Скрабіна, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, Б.Бартака, у «Атмасферах» Дз.Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.Шапэна, М.Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎДЗЕ́ЛЬНІЦТВА,
наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
сукупнасць геафізічных метадаў разведкі, заснаваных на ўзбуджэнні і рэгістрацыі сейсмічных хваль з мэтай вывучэння будовы, рэчыўнага саставу і напружанага стану зямных нетраў. Найб. пашыраны метад адбітых хваль, які дазваляе карціраваць межы з дакладнасцю да 1—2% на глыб. да 7—10 км. З дапамогай метаду пераломленых хваль вывучаюць слаі з падвышанай скорасцю сейсмічных хваль. Карэляцыйны метад пераломленых хваль і глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне ўжываюць пры рэгіянальных даследаваннях кантынентаў і акіянаў. Мадыфікацыю метаду адбітых хваль (падсумаванне карысных сігналаў, адбітых ад агульнага глыбіннага пункта) выкарыстоўваюць для пошукаў і разведкі карысных выкапняў. Адрозніваюць метады С.р. нізка- (менш за 10 Гц), сярэдне- (10—100 Гц) і высокачастотныя (больш за 100 Гц). Нізкачастотныя выкарыстоўваюць для даследаванняў на вял. глыбінях і адлегласцях, высокачастотныя — пры вывучэнні скальных рудных парод (рудная С.р.). Сейсмаакустычныя метады ўмоўна вылучаны ў асобную вобласць паводле дыяпазону частот (600—6 тыс.Гц); выкарыстоўваюць на невял. глыбінях у свідравінах (акустычны каратаж), шахтах і горных вырабатках, на марскім шэльфе і інш. С.р. ўжываюць пры разведачным свідраванні нафта- і газаносных структур, выяўленні структурных рудных палёў, буйных разломаў, пегматытавых цел і кварцавых жыл (п’езаэл. метад), высвятленні палажэння водаўпораў, узроўню грунтавых вод і інш. С.р. аб’ядноўваюць таксама з гравіметрычнымі, магн. і эл. метадамі геафізічнай разведкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),
тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад сігнал),
падаванне ўмоўных знакаў (сігналаў), якімі прыцягваюць да чаго-н. увагу, апавяшчаюць, перадаюць загады, паведамленні, забяспечваюць двухбаковыя перагаворы; умоўныя знакі і сістэмы прыстасаванняў, што выкарыстоўваюцца з гэтай мэтай. Адрозніваюць С. зрокавую (прадметная або аптычная), гукавую і тактыльную (успрымаецца органамі дотыку). У залежнасці ад прызначэння бывае аварыйная, выклікальная (або пошукавая), кантрольна-распарадчая (або аператыўная), папераджальная, перагаворная.
Прасцейшы від С. — марская і на транспарце, дзе сігнальнымі сродкамі служаць маякі, святлафоры, семафоры, знакі дарожныя, пуцявыя знакі, гукавыя сігналы і інш.Больш дасканалая аптычная С., ажыццяўляецца з дапамогай ліній аптычнай сувязі. У вытв. умовах кантроль і кіраванне складанымі сістэмамі робіцца з дапамогай аўтам. С.: інфармацыя аб аварыйным стане сістэмы перадаецца мнеманічнымі схемамі, акустычнымі сродкамі (сірэнамі, свісткамі, званкамі, гудкамі), мігальным святлом. У ВМФ выкарыстоўваюць магутныя пражэктары і ліхтары, а таксама ракеты з сігнальнымі саставамі. У паветр. флоце сродкам С. служаць вонкавыя аэранавігацыйныя сігнальныя агні самалётаў і аэрамаякі. Эл. перадача сігналаў дае магчымасць адначасова перадаваць вял. колькасць розных сігналаў на значныя адлегласці і ў розныя пункты (гл. Тэлекіраванне); выкарыстоўваюцца для кіравання энергасістэмамі, на лініях электраперадачы, на чыг. транспарце (гл. Чыгуначная сігналізацыя). Пашыраны таксама радыётэхн. сродкі С.: у метэаралогіі, аэралогіі, у марскім і паветр. флоце (напр., радыёзонды, радыёлакацыйныя станцыі, радыёмаякі). Гл. таксама Пажарная сігналізацыя.