АЎТАМА́Т
(ад грэч. automatos самадзеючы),
1) у тэхніцы — прыстасаванне (або сукупнасць прыстасаванняў), якое без непасрэднага ўдзелу чалавека выконвае ў адпаведнасці з закладзенай праграмай усе аперацыі ў працэсах атрымання, перапрацоўкі і перадачы энергіі, матэрыялаў або інфармацыі. Напрыклад, аўтамат для продажу чаго-н., станок-аўтамат, выліч. машына, аўтам. прыстасаванне для касм. даследаванняў, завод-аўтамат і інш. Аўтамат павышае прадукцыйнасць працы; выкарыстоўваецца таксама для работы ва ўмовах, небяспечных для чалавека.
2) У матэматыцы — адно з асн. паняццяў кібернетыкі, матэм. мадэль рэальна існуючых або прынцыпова магчымых прыстасаванняў, якія перарабляюць у дыскрэтныя (перапынныя) адрэзкі часу дыскрэтную інфармацыю (гл. Аўтаматаў тэорыя).
т. 2, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́Й Аляксандр Мікалаевіч
(н. 28.1.1958, г. Гомель),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1983 выкладчык Гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага. Працуе пераважна ў камерна-інстр. і вак. жанрах. Асн. творы: кантаты «Беларуская калыханка» на словы В.Віткі (1981), «Заўсёды ў страі» (1987), «Матчыны песні» на словы Р.Барадуліна (1991); 3 канцэрты для інструментаў з арк. (1993—97); паэма «Палессе» (1988), сюіта «Бацькаўшчына» і муз. замалёўка «Незнаёмая восень» (1991) для сімф. аркестра; фантазія на бел. тэмы для цымбальнага аркестра (1985); камерна-інстр. («Камерная музыка» для драўляных духавых, 1991), эстрадная музыка, хары, песні і інш. творы.
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАРЫФМІ́ЧНЫЯ ТАБЛІ́ЦЫ,
табліцы лагарыфмаў лікаў. Найб. пашыраны 4- і 5-значныя табліцы дзесятковых лагарыфмаў; часта маюць табліцы антылагарыфмаў (служаць для адшукання лікаў па зададзеным лагарыфме), гаўсавых лагарыфмаў (служаць для адшукання лагарыфма сумы ці рознасці двух лікаў па зададзеных лагарыфмах гэтых лікаў), лагарыфмы трыганаметрычных велічынь і інш. Да з’яўлення выліч. машын выкарыстоўваліся для спрашчэння вылічэнняў.
Літ.:
Брадис В.М. Четырехзначные математические таблицы. 58 изд. М., 1992.
т. 9, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗО́РЬКА»,
газета для школьнікаў. Выдаецца з 1.1.1945 у Мінску штотыднёва на рус. мове. Да № 11 (1945) наз. «Пионер Белоруссии». Змяшчае матэрыялы пра вучобу і адпачынак дзяцей і падлеткаў. Сярод публікацый — вершы і апавяданні юных аўтараў, водгукі на кнігі, матэрыялы для вынаходнікаў, аматараў свойскіх жывёл, уражанні дзяцей ад падарожжаў па інш. краінах. Закранае пытанні экалогіі. Праводзіць конкурсы, віктарыны. Друкуе старонку для малодшых школьнікаў «Агеньчык».
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́ЛЬВАЛЬНАЯ ПЕЧ,
печ для абпалу розных матэрыялаў. Абпальвальная печ з т-рай рабочай зоны 700—1300 °C паводле канструкцыі бываюць шахтавыя, шматподавыя, трубчастыя, вярчальныя. Прызначаныя для абпалу вогнетрывалай гліны, вапняку, даламіту, цэментнай шыхты, метал. рудаў. Камерныя, кальцавыя, тунэльныя, канвеерныя абпальвальныя печы з т-рай вышэй за 1000 °C выкарыстоўваюцца для абпалу вогнетрывалай цэглы, фарфоравых і фаянсавых вырабаў, эмаляў і фарбаў на посудзе, дэталях машын і апаратаў.
т. 1, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКСІ́РНАЕ СУ́ДНА,
буксір (ад галанд. boegseren цягнуць), самаходнае судна для буксіроўкі баржаў, плытоў і інш. Бываюць: буксіроўшчыкі (перамяшчэнне суднаў з выкарыстаннем троса), штурхачы (перамяшчэнне суднаў штурханнем), кантоўшчыкі (для дапамогі суднам пры швартоўцы да прычала), выратавальнікі (для дапамогі суднам, пацярпелым аварыю). Паводле тыпу рухавікоў можа быць параходам, цеплаходам і электраходам, паводле тыпу рухачоў — вінтавым, колавым, з крыльчатымі рухачамі, паводле месца плавання — рачным, марскім, акіянскім, рэйдавым (партовым).
т. 3, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
электрасувязь з дапамогай токаў высокай частаты. Дазваляе адначасовую і незалежную перадачу па адной лініі сувязі многіх паведамленняў (гл. таксама Многаканальная сувязь); дае магчымасць устанаўліваць высакаякасную сувязь на вял. адлегласці. Распрацавана ў 1920-я г. для радыётэлегр., потым для інш. відаў сувязі па паветраных, кабельных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях. Выкарыстоўваецца для тэлеф. і тэлегр. сувязі, у перадачы даных па міжнар., унутрыабл. і ўнутрыраённых лініях і інш.
т. 4, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААНАЛІЗА́ТАР,
прылада для вызначэння якаснага і колькаснага складу газавай сумесі. Бываюць ручныя і аўтаматычныя; паказвальныя, самапісныя і сігналізавальныя; паводле прынцыпу дзеяння і віду аналізу — мех., акустычныя, цеплавыя, магн., эл.-хім., аптычныя, храматаграфічныя і інш. Выкарыстоўваюцца для кантролю тэхнал. працэсаў у металургічнай, хім., вугальнай прам-сці; у цепласілавой і атамнай энергетыцы; для вызначэння газавага складу паветра вытв. памяшканняў; у мед. практыцы і інш. Гл. таксама Газавы аналіз.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАМЁТ,
артылерыйская гармата для навясной стральбы асколачнымі гранатамі і бомбамі. Калібр 20—152 мм. У 1-ю сусв. вайну бамбамёты былі на ўзбраенні многіх армій. Будовай падобныя да мінамётаў, аднак зараджаліся з казённай часткі. Выкарыстоўваліся як гарматы суправаджэння пяхоты ў баі для знішчэння праціўніка ў траншэях і акопах; саступілі месца мінамётам. На сучасных надводных ваен. караблях бамбамёты — устаноўкі для стральбы глыбіннымі бомбамі па падводных лодках і тарпедах.
т. 2, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)