разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.
1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».
2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́мах, ‑у, м.
1. Выстрал або ўдар міма цэлі; непападанне ў цэль. Біць без промаху. □ Не ведае промаху куля чэркеса. Броўка. Промах — мяч ляціць у ваду і вось ужо гайдаецца на хвалях, даволі хутка ўцякаючы ад берага. Брыль.
2. перан. Памылка, хіба. У рамястве.. [Васіль] быў здатны, прыкметлівы, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасцей. Кулакоўскі. Я не збіраюся ідэалізаваць парторга Абраменкава. Ёсць і ў яго рабоце свае недахопы, промахі: вельмі гэта тонкая і складаная справа — партыйная работа. Дадзіёмаў.
•••
Не промах — лоўкі, кемлівы, які не ўпусціць свайго. [Стары Верас:] Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., каго-што.
1. Абпальваючы агнём, знішчыць поўсць, шчацінне і пад.; апаліць, асмаліць. Пасмаліць курыцу.
2. Асмаліць усё, многае або ўсіх, многіх.
3. і без дап. Смаліць, курыць некаторы час. [Сяргей:] А мужыкі збяруцца да каго-небудзь у хату вечарам, пашэпчуцца.. пасмаляць самасадам і зноў у свае норы. Машара.
4. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апячы. Пасмаліць пальцы.
пасмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што.
Пакрыць смалой паверхню чаго‑н.; прасмаліць. Стары Банэдык згадзіўся даць ім [хлопчыкам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў. Чарнышэвіч.
пасмалі́ць 3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.
Разм. Хутка пайсці, пабегчы куды‑н. [Стралец:] — Ну, яны [козы] і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зачыніць на замок, на ключ. Замкнуць дзверы. Замкнуць хату. □ Скуратовіч замкнуў клець і пайшоў у дом. Чорны.
2. Зачыніць на замок каго‑, што‑н. у якім‑н. памяшканні, сховішчы. Арыштаваных .. замкнулі ў хаце Камісаравай, якая жыла крыху па водшыбе ад вёскі. Брыль. [Паходня] склаў паперы, замкнуў іх у жалезную скрынку, што стаяла ля стала ў куце. Хадкевіч.
3. Злучыць канцы, крайнія часткі чаго‑н. Замкнуць электрычны ланцуг. Замкнуць правады. Замкнуць кола акружэння.
4. Ахапіць, акружыць з усіх бакоў. На плошчы дзяўчаты замкнулі Натальку ў свой жывы, вясёлы, рознакаляровы круг, так што толькі адна стракатая касынка і відна была з гэтага круга. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Знемагчы, змучыцца ад смагі, гарачыні. Недалёка ў кустах, у траве, верасах Булькатала паціху крыніца: — Не здавайся, салдат! Ты, магчыма, сасмаг? Дам уволю табе я напіцца. Бялевіч. / у перан. ужыв. Паведаміла матка і аб крамніку Ёселю, які нібы матцы сваёй прызнаўся, што яго сэрца даўно сасмагла па Рыве. Лынькоў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасохнуць (пра губы, горла, рот). Прыступамі так хапала жывот, што хоць садзіся. На твары выступіў пот і сасмаглі губы. Мыслівец. / у безас. ужыв. Сасмагла ў роце. // Звянуць, пасохнуць ад недахопу вільгаці (пра траву, пасевы і пад.). Сасмаглі дрэвы навакол. І ўсё, што з іх радні. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядо́к, едака, м.
1. Той, хто есць, мае патрэбу ў харчаванні. Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй паэт радок І не ашуквай мару. Барадулін. // (звычайна з азначэннем). Разм. Пра чалавека, які выяўляе пэўныя адносіны да яды. — Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так! Быкаў. Які ядок, такі і работнік. З нар.
2. Чалавек як адзінка ўліку пры размеркаванні, выдаткаванні якіх‑н. сродкаў, неабходных для жыцця. Праменні цёплыя свяцілі У сэрцах нашых, у вачах, Калі зямлю, лугі дзялілі Тады па душах, едаках. Бялевіч. // Член сям’і, што харчуецца разам з іншымі яе членамі. Сям’я — у наўкруг за сталом. Багата яна едакамі, Дарослыя, дужыя ўсе. Прануза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.
1. Наззываць, запрасіць у вялікай колькасці. Наклікаць гасцей на вяселле.
2. перан. Выклікаць якім‑н. учынкам, словам і пад. што‑н. непрыемнае, непажаданае; напрарочыць. Лёнька маўчаў. Ён разумеў толькі адно, што бацька сваім прызнаннем наклікаў нейкую страшэнную непрыемнасць на іх сям’ю. Васілевіч. [Маці] нават баіцца моцна радавацца — а што, калі гэтым наклічаш якую бяду, — і заўсёды сунімае [членаў сям’і]: «Ну, хопіць, насмяяліся ўжо, і досыць». Карпаў.
накліка́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да наклі́каць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да павярнуцца (у 1, 2 і 4 знач.).
2. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе б .. [Анісімаў] ні паварочваўся, каля яго заўсёды збіраліся людзі. Паслядовіч. [Даніла:] — Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся? Крапіва.
3. Разм. Рабіць, выконваць што‑н. [Сякач:] — Наперадзе ў вас многа спраў. Весялей паварочвайцеся. Алешка. — Каб яны спрахлі, гэтыя скаргі. Толькі паспееш разабрацца з адной, як табе падсоўваюць другую. Адно паварочвайся! Паўлаў.
4. Зал. да паварочваць.
•••
Язык не паварочваецца гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Разм.
1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.
2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.
3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. засох, ‑ла; зак.
1. Страціўшы вільгаць, зацвярдзець, высахнуць (пра рэчывы). Гліна засохла. Хлеб засох. □ У нашым клубе вялікія светлыя вокны. На сценах толькі.. засохла жывіца. Брыль.
2. Завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава засохла. □ Лісце пакурчылася, усё ў дзірках, а некаторыя дрэвы зусім засохлі. Шашкоў.
3. перан. Разм. Схуднець, зачахнуць, змарнець.
4. перан. Разм. Спыніць творчы рост, перастаць удасканальвацца; закаснець. [Настаўнік] інспектарам зрабіўся І на інструкцыях засох. Ён выкладаць ужо не можа. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)